Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ МЭДЫЦЫНЫ


Сяргей Шупа, Прага

* НЬЮ-ЁРК. Навукоўцы зь Інстытуту генных дасьледаваньняў у штаце Мэрылэнд знайшлі генэтычныя сьляды, паводле якіх можна выявіць, якая са шматлікіх амэрыканскіх лябараторыяў была крыніцай пашырэньня бактэрыяў антраксу ў некалькіх гарадох Злучаных Штатаў. Гэтае адкрыцьцё зробленае падчас працы над расшыфроўкай поўнага геному ДНК гэтак званага Эймскага штаму бактэрыяў антраксу, які ўжываецца ў амэрыканскім войску для дасьледніцкіх мэтаў. Менавіта бактэрыі Эймскага антраксу былі знойдзеныя ў лістах, атрыманых некалькімі асобамі і ўстановамі пасьля 11 верасьня. Дасьледнікі спадзяюцца выявіць месца паходжаньня бактэрыяў на працягу 2 тыдняў.

* ПЭКІН. Першае ў Кітаі клянаванае цяля памерла праз паўгадзіны пасьля нараджэньня, якраз у той час, калі адбывалася ўрачыстае сьвяткаваньне з нагоды экспэрымэнту, які разглядаўся як тэхналягічнае дасягненьне. Экспэрымэнт праводзіўся ў правінцыі Шаньдун на ўсходзе Кітаю, дзе ў найбліжэйшыя тыдні зьбіраецца нарадзіць яшчэ 11 кароваў, якім былі імплянтаваныя атрыманыя клянаваньнем эмбрыёны. Летась у Кітаі нарадзілася некалькі клянаваных казьлянятаў, аднак пра тое, што зь імі сталася, ніякай інфармацыі няма.

* ВАШЫНГТОН. Экспэрымэнты ў стварэньні клянаваных чалавечых эмбрыёнаў занадта небясьпечныя і мусяць быць афіцыйна забароненыя, а да тых, хто парушыць забароны, мусяць быць ужытыя суровыя захады. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Нацыянальнай Акадэміі Навук, якія выказалі свае парады ў гэтым пытаньні ў адмысловай справаздачы. У ёй зазначаецца, што шматлікія экспэрымэнты на жывёлах паказалі недасканаласьць і небясьпечнасьць тэхналёгіі клянаваньня, тым часам як некаторыя кампаніі ўжо гатовыя распачаць досьледы ў клянаваньні чалавека.

* РЫЁ-ДЭ-ЖАНЭЙРА. Як найменей адна асоба памерла ў Рыё-дэ-Жанэйра ад ліхаманкі дэнге, выпадкі захворваньня на якую зьявіліся ў Бразыліі пасьля моцных дажджоў у мінулым месяцы. Хваробу разносяць камары, якія вядуцца ў стаячай вадзе. Усяго па Бразыліі зарэгістравана больш за 1800 выпадкаў ліхаманкі дэнге, аднак улады яшчэ афіцыйна не абвясьцілі стану эпідэміі. Пакуль што ня знойдзена лекаў ад гэтай хваробы, крывацечная форма якой у бальшыні выпадкаў прыводзіць да сьмерці. Сёлета бразыльскі ўрад плянуе выдаткаваць 200 мільёнаў даляраў на зьнішчэньне крыніцаў небясьпечнай хваробы.

* ЛЁНДАН. Больш часу, праведзенага ў сям’і, спрыяе разумоваму здароўю маладых людзей. У дасьледаваньні, надрукаваным у брытанскім часапісе эпідэміялёгіі, выявілася, што тыя, хто сьнедаў, абедаў або вячэраў зь сям’ёю менш чым пяць разоў на тыдзень, значна часьцей зьвяртаўся па дапамогу ў сувязі з праблемамі розуму і псыхікі, чым тыя, хто рэгулярна еў зь сям’ёю больш чым 6 разоў на тыдзень. Супольны сямейны стол, паводле дасьледнікаў – гэта своеасаблівы рытуал яднаньня, які спрыяе мэнтальнаму здароўю падлетка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG