Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУДЗЯЦЬ РЭДАКТАРА ГАЗЭТЫ “ШКЛОЎСКІЯ НАВІНЫ”


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Адміністрацыйную справу супраць яго ініцыяваў пракурор Шклоўскага раёна. Спадара Шчарбака абвінавачваюць у перавышэньні накладу газэты больш за 299 асобнікаў. На працягу 10 гадоў былы старшыня прафкаму саўгаса “Гарадзец” Аляксандар Шчарбак выдаваў газэту менавіта такім накладам, што адпавядала заканадаўству.

Праблемы з пракуратурай у яго пачаліся напярэдадні леташніх прэзыдэнцкіх выбараў. Летась, 6 верасьня ў ягоную кватэру ўварваліся міліцыянты ды канфіскавалі ўсю кампутаровую тэхніку. Нагодай для вобшуку й канфіскацыі стаўся знойдзены ў аднаго з шклоўскіх зуброўцаў нататніка з тэлефонам рэдактара.

Як ужо ведаюць слухачы Радыё Свабода, некалькі ўдзельнікаў руху супраціву Зубр арганізавалі у вясковай краме пэрфаманс. Зуброўцы адыгралі ролі Лукашэнкі і санітараў, якія прыйшлі па “хворага”. У выніку супраць гэтых юнакоў узбудзілі крымінальную справу, а ў іхных кватэрах правялі вобшук, а пасьля гэтага ў спадара Шчарбака канфіскавалі кампутары і абвінавацілі у перавышэньні накладу.

Як адзначыў на судзе адвакат адказчыка Валер Лабузаў, ён ніколі ня бачыў каб наклад газэты вымяраўся лінейкай. Сам спадар Шчарбак лічыць, што абвінавачаньне абумоўленае жаданьнем схаваць парушэньне закону міліцыянтамі, бо кампутары ён атрымаў у падарунак ад сына, грамадзяніна Расеі. Такім чынам знаходжаньне кампутараў у ягонай кватэры ня можа зьяўляцца парушэньнем вядомага лукашэнкаўскага дэкрэта нумар 8 пра парадак паступленьня гуманітарнай дапамогі.

Адвакат Шчарбака лічыць, што ініцыятары позвы ня упэўнены ў сваёй перамозе, бо нават не зьявіліся на працэс. Судзьдзя перанесла судовае паседжаньне на панядзелак, 28 студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG