Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЎСТАЛЮЕ АКАДЭМІЧНУЮ “ВЭРТЫКАЛЬ”?


Віталь Цыганкоў, Менск

Аляксандар Лукашэнка прыйшоў да акадэмікаў зь пернікам — праектам дэкрэту “Аб удасканальваньні дзяржаўнага кіраваньня навукай”. Кіраўнік дзяржавы адразу падкрэсьліў, што канчатковыя рашэньні тут яшчэ не прынятыя, яны будуць залежаць ад думкі прысутных.

З падрабязным дакладам на тэму рэфармаваньня навуковай галіны выступіў прызначаны Луашэнкам у кастрычніку кіраўнік Нацыянальнай Акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч. У структуру НАН могуць перадаць шэраг канцэрнаў, а таксама Акадэмію аграрных навук.

Як заявіў на нарадзе Аляксандар Лукашэнка, мяркуецца надаць Нацыянальнай акадэміі пэўныя функцыі дзяржаўнага кіраваньня. Прафэсар Юры Хадыка лічыць, што ідэя такіх пераўтварэньняў мае пазытыўныя моманты.

(Хадыка: ) “Думаю, што калі ў новым прэзыдэнцкім указе будзе аб’яднаньне пад дахам Акадэміі некаторых блізкароднасных ведамстваў (найперш, напрыклад, навукова-дасьледчых цэнтраў Міністэрства адукацыі), то гэта, я лічу, нармальна. Пэўная канцэнтрацыя ў часе, калі ўся краіна пакутуе ад недахопу сродкаў і беднасьці — разумны крок”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы ставіцеся да таго, што гэтыя пераўтварэньні вядуць да большага адзяржаўленьня Акадэміі навук, яе ўключэньня ў структуры ўлады?”

(Хадыка: ) “Адмовіцца ад адзяржаўленьня могуць толькі тыя краіны, дзе ёсьць дастаткова сродкаў. Фактычна навука залежыць ад нечай падтрымкі, разьвіваецца за нечыя грошы. А ў нас сродкі, які зараз можна атрымаць рэальна, калі мы ня хочам згубіць навуку, — гэта, безумоўна, толькі дзяржава.

Я не ў захапленьні ад таго, што менавіта сёньняшняя дзяржава займаецца рэфармаваньнем навукі, я не перакананы, што гэта будзе ўсё цалкам рацыянальна. Але, па-мойму, у сёньняшняй сытуацыі гэта адзіны магчымы выхад”.

Можна сказаць, што на сёньняшняй нарадзе канчаткова была аформленая “вэртыкалізацыя” навукі. Міхаіл Мясьніковіч, якога Лукашэнка адаслаў кіраваць Акадэміяй, заняўся там даволі звыклай для сябе справай — будаваць арганізацыйна-кіроўчую вэртыкаль. У выніку Нацыянальная Акадэмія навук пераўтвараецца ў штосьці кшталту яшчэ аднаго міністэрства.

Вось што мяркуе з гэтай нагоды старшая навуковая супрацоўніца Інстытуту гісторыі Акадэміі навук, старшыня Беларускага Гельсынскага камітэту Тацяна Процька:

(Процька: ) “Тая таталітарызацыя, што ў нас ідзе, пашырае ўплыў дзяржавы па ўсіх пытаньнях грамадзкага, палітычнага жыцьця. Вось яна дакранулася і да навукі. Зараз дзяржава вырашыла: калі яна дае грошы, яна сама будзе вырашаць, як іх разьмяркоўваць.

Сапраўды, рэфармаваць Акадэмію неабходна, бо гэты інстытут фармаваўся ва ўмовах адміністрацыйна-каманднай эканомікі. Калі мы гаворым, што ідзем да іншых эканамічных дачыненьняў, неабходна нанава вызначаць ролю Акадэміі ў гэтых дачыненьнях. Але, на жаль, тое, што адбываецца з Акадэміяй, сьведчыць пра тое, што Беларусь не ідзе наперад, а вяртаецца да дзяржавы з адміністрацыйна-камандным парадкам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG