Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЯВОН ВАШКО: “МЫ ЖЫВЕМ У ЧАС ДЗЯРЖАЎНАГА ЗААТЭХНІЗМУ”


Міхась Скобла, Менск

Раней сталіца прываблівала значна мацней, чым сёньня. Упэўнена трымаючы манаполію на ўсё, што зьвязана з кнігавыданьнем, яна насамрэч паглядала на правінцыю звысоку. Цяпер сытуацыя зьмянілася, і ў рэгіёнах паэтычных зборнікаў выходзіць больш, чым у Менску, а часопіс “Правінцыя” па сваім мастацкім роўні не саступае сталічным літаратурным пэрыёдыкам.

Сёньня з намі ў “Вольнай студыі” пісьменьнік з Мастоў Лявон Вашко, аўтар пяці кніг прозы, тры зь якіх выдаваліся ў горадзе над Нёманам.

(Міхась Скобла: ) “Лявон, раней людзі творчыя імкнуліся асяліцца ў буйных гарадах, дзе былі цэнтры культуры. А вось сёньня, у час Інтэрнэту, ці мае ўвогуле значэньне для пісьменьніка, дзе жыць — на Канарскіх выспах ці ў Мастах, у Нью-Ёрку ці ў Белавескай пушчы?”

(Лявон Вашко: ) “Кожны выбірае месца на плянэце, дзе яму падабаецца, і жыве. І раней, і цяпер існуюць спробы супрацьпаставіць сталіцу правінцыі й правінцыйнае літаратурнае жыцьцё сталічнаму. Гэта штучны падыход. Розным людзям даспадобы рознае.

Інтэрнэт, вядома ж, збліжае ўсе сталіцы й усе правінцыі. Мне часам нават з хаты ня хочацца выходзіць — сядзіш, злучаесься зь людзьмі з усяго сьвету. У мяне сёньня шмат завочных знаёмых, ведаю іх зь перапіскі ў сусьветным сеціве, а ў вочы ніколі ня бачыў. І па-мойму, гэта не адбілася на шчырасьці нашых адносінаў.

Тут яшчэ й іншае. У творчага чалавека ёсьць свой лёс. Вунь Ларыса Геніюш у канцлягеры перапісвалася з Васілём Супруном, атрымалася цэлая кніжка. А кагосьці лёс закідвае ў Нью-Ёрк ці ў Менск.

Я, калі прыехаў у Масты, адчуў нейкую акрыленасьць. Але я таксама не сяджу бязвылазна тут. Я мяркую штогод на месяц выяжджаць і вандраваць па гарадах Беларусі, пасустракацца зь людзьмі, папрацаваць. Але мяне ў Масты як магнітам цягне”.

(Скобла: ) “А ў чым перавагі жыцьця “на аднасельлі” ад таго, якім жывуць твае калегі ў Менску, дзе ты вучыўся, ці ў Горадні, дзе ты нарадзіўся?”

(Вашко: ) “Ня ведаю, як каму, а мне адзінота дапамагае ў працы. Аддаленьне патрэбнае для творцы, каб ён збоку паглядзеў на ўсё. Я дзесяць гадоў працаваў у розных сталічных рэдакцыях. Як можа тая абстаноўка натхняць да творчай працы? Там усё робіцца скопам, даводзяць кожнаму нейкія агульныя тэматычныя пляны, і ты мусіш іх выконваць. Нават задумацца няма калі!

У мяне была знаёмая спартоўка, працавала ў басэйне трэнэрам. Я папрасіўся пахадзіць да яе пакупацца. Пытаюся ў яе — чаму ты, Вольга, ня плаваеш разам з усімі? А яна адказвае — гэта мая работа, я сюды на работу хаджу. Так і ў рэдакцыях нашых дзяржаўных літвыданьняў. Пісьменьнікі звыклі хадзіць туды на працу. А творчым людзям трэба разьбягацца, гэта дапамагло б і ім, і літаратуры не зашкодзіла б”.

(Скобла: ) “З рознай пэрыядычнасьцю, але пастаянна з тваёй творчай майстэрні зьяўляюцца на сьвет тры літаратурныя выданьні: “Маленькі сшытак Лявона Вашка” (прычым другі выпуск яго налічваў каля 300 (!) старонак), літаратурны агляд “Дзеячас” і “электронная ведамка” “Духахрам” (http://liavon.virtualave.net). Усё гэта — тваё, пра цябе, а часам і — тваё пра цябе. Для многіх такі від літаратурнай дзейнасьці даволі нязвыклы...”

(Вашко: ) “У мяне не было свайго чытача, адчуваўся вакол вакуум. І я вырашыў, паколькі чытач ня йдзе да мяне, я пайду да чытача! І — зьявіліся лісты, водгукі ў прэсе, наладзілася зваротная сувязь. У сваім “Дзеячасе” я стараюся адгукнуцца на ўсе кнігі, якія да мяне трапляюць. А паколькі грошай на куплю кніг у мяне няма, то мне іх дараць, прысылаюць. А кожная кніга мае свой лёс, і мне прыемна напісаць пра яе хоць некалькі радкоў”.

(Скобла: ) “Са сваёй мастоўскай майстэрні ты вядзеш актыўнае ліставаньне. Я ведаю, што ты пісаў і амэрыканскаму прэзыдэнту Білу Клінтану. Што ты хацеў яму патлумачыць?”

(Вашко: ) “Я напісаў Клінтану пра праблемы з кнігавыданьнем на Беларусі”.

(Скобла: ) “А хіба прэзыдэнт ЗША можа вырашыць гэтыя праблемы?”

(Вашко: ) “Я не прасіў, каб ён іх вырашаў, проста зьвярнуў ягоную ўвагу. Бо гэта праблема ня толькі Беларусі, а таксама й ЗША — тое, што тут душыцца культура, зьнішчаецца нацыянальнае кнігавыданьне, топчуцца аўтарытэты, цкуюцца беларускія творцы. Калі мы гаворым пра цывілізаваны сьвет, пра глябалізацыю, то гэта таксама й праблемы амэрыканскія.

Шчыра кажучы, я не спадзяваўся, што мой ліст дойдзе да свайго адрасату. Але я нават атрымаў адказ! Клінтан напісаў, што беларускія праблемы яму сапраўды блізкія, і ён будзе разглядаць іх”.

(Скобла: ) “А чаму ты не зьвярнуўся да прэзыдэнта, які значна бліжэй, — да Аляксандра Лукашэнкі?”

(Вашко: ) “Я ня думаю, што Лукашэнка зразумеў бы тыя праблемы, зь якімі я зьвяртаўся да Клінтана. Кіраўніку Беларусі больш зразумелыя праблемы сельскай гаспадаркі, хоць мы бачым, у якім стане сёньня знаходзіцца беларуская сельская гаспадарка...

Увогуле, мы зашмат надаем увагі Лукашэнку. Чым больш мы яго крытыкуем, чым больш думаем пра яго, зьвяртаемся да яго, тым больш ён пануе ў нашых думках і ў думках нашых людзей. І выбары выйграе, і ўсё астатняе... А пустата — яна й павінна заставацца пустатою.

Наш час я б назваў часам дзяржаўнага заатэхнізму. Поўным ходам ідзе абыдлячваньне, аскаціньваньне народу, зачыняюцца школы, выданьні, душыцца асьветніцтваа. Улада грае на спрошчаных людзкіх рэфлексах, інстынктах, заціскаючы творчыя памкненьні й раздаючы налева й направа самыя простыя абяцанкі. А людзі жывуць у адчаі й таму вераць”.

(Скобла: ) “А што сёньня гэтаму дзяржаўнаму заатэхнізму можа супрацьпаставіць чалавек творчы?”

(Вашко: ) “Тое, дзеля чаго ён прыйшоў на зямлю, — сваю творчасьць, свой духатворчы імпэт, сваю сілу духу. Мне прыкра чытаць у беларускім друку паніхідныя артыкулы, якія проста-такі насаджаюць расчаравальныя настроі.

Жыцьцё пасылае выпрабаваньні, трэба іх асэнсоўваць, пісаць пра іх. Творчым людзям ня трэба сябе скіроўваць на нейкі гераізм. Трэба рабіць тое, што ім даручана звыш, рэалізоўваць свой талент. Толькі ў гэтым я бачу прызначэньне беларускага й любога іншага творцы”.

(Скобла: ) “Ты, як калісьці й Максім Гарэцкі, запісваеш сны. Іх прырода да гэтай пары тлумачыцца па-рознаму. Што сны для цябе, ці не баісься ты іх уматэрыялізоўваць на паперы, бо, пэўне ж, памятаеш словы Франсыска Гоі: “Сон розуму нараджае пачвараў”.

(Вашко: ) “Я заняўся ўласным снапісам дзеля цікавасьці. Шмат цікавага сьніцца й застаецца па-за паперай, хоць вобраз адбываецца. І я пачаў натаваць тое, што сьнілася, а пасьля вырашыў свае запісы апублікаваць. Боязі ў мяне няма, бо жыцьцёвыя праявы бываюць нашмат страшнейшыя за сны.

Мне падабаецца мастацкая свабода снатворчасьці, калі снавобраз творыцца незалежна ад партыйнага загаду ці ад нейчага жаданьня, нават ад майго ўласнага. Снатворчасьць — гэта, магчыма, адзіная насамрэч распрыгоненая творчасьць. Вось дзе пачаткі свабоды творчасьці, свабоды мастацтва й духовага дойлідзтва!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG