Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛОВА АД СКЛАДУ БЕЛАРУСКАЙ АЛІМПІЙСКАЙ КАМАНДЫ — ДЗЯРЖАЎНЫЯ “ТУРЫСТЫ”


Ігар Карней, Менск

Некаторыя аналітыкі кажуць, што пазаспартовы склад беларускай дэлегацыі мог быць яшчэ большы, калі б не адна акалічнасьць: афіцыйныя асобы цяперашняга ўраду ды прэзыдэнцкай адміністрацыі на чале з самім Лукашэнкам маюць мала шанцаў на атрыманьне амэрыканскіх візаў. І калі чатыры гады таму Лукашэнка паставіў сваім зьяўленьнем у японскім Нагана ўсіх перад фактам, то цяпер аналягічны прыём наўрад ці ўдасца.

Некаторых дзяржаўных вандроўнікаў за тыдзень да адлёту (а першы паветраны дэсант стартуе зь Менску 29 студзеня) літаральна зьняў з трапа самалёта сам Лукашэнка. Так, зусім нечаканым сталася ягонае рашэньне вывесьці са складу дэлегацыі намесьніка міністра спорту Аляксандра Грыгарава — дарэчы, напярэдадні прызначанага шэфам місіі.

Свае аргумэнты на апошнім паседжаньні НАК Лукашэнка выклаў наступным чынам: “Шнураваць спартоўцам чаравікі будзе той, хто гэта ўмее”. І прызначыў замест гатовага да адлёту Грыгарава выканаўчага дырэктара НАК Яраслава Барычку. Інтарэсы ж самога Лукашэнкі ў Солт-Лэйк-Сыты будзе прадстаўляць ягоны дарадца ў пытаньнях спорту й турызму Мікалай Ананьеў.

Не абышлося й бяз гучных непаразуменьняў. Пасьля скандалу 2000-га году, калі раней згаданы шэф беларускай місіі ў Сыднэі Грыгараў палічыў нямэтазгодным прысутнасьць на спаборніцтвах кіраўніка прэсавай службы НАК Пятра Рабухіна, сёлета ўжо ніхто не сумняваўся, што ў алімпійскім штабе павінен быць свой прэсавы сакратар. Аднак зноў атрымалася накладка.

Гаворыць прэсавы сакратар НАК Пётар Рабухін:

(Рабухін: ) “Я адразу быў у агульных сьпісах, а напярэдадні паседжаньня выканкаму нечакана зьнік. Зараз быццам канчатковы варыянт, бо сьпіс зацьверджаны прэзыдэнтам НАК. І, мяркую, болей зьменаў ня будзе. Наогул, ёсьць абмежаваная квота. Паводле папярэдняй замовы, Беларусь атрымала 140 месцаў. Болей за гэтую колькасьць ня будзе. І акрэдытацыя заканчваецца, і візы не пасьпяваюць зрабіць. Гэта канчатковы вынік, за выключэньнем калі толькі спартоўцаў”.

Сярод нечаканых прозьвішчаў у сьпісе дэлегаваных на Алімпіяду — рэктар Белдзяржунівэрсытэту Аляксандар Казулін, які адначасова ёсьць прэзыдэнтам Фэдэрацыі фрыстайлу. Праўда, у прэсавай службе БДУ паведамілі, што Казулін ляціць не за бюджэтныя грошы, а коштам “прыцягнутых сродкаў”. Адкуль вольныя сродкі ва ўстанове, якая паўгода ня можа разьлічыцца за пампэзныя рамонты ўнівэрсытэцкіх будынкаў — не ўдакладняюць.

Варты ўвагі і склад журналістаў, якія будуць сачыць за спаборніцтвамі. Ніводзін з прадстаўнікоў недзяржаўных мас-мэдыяў у склад сумеснай каманды не патрапіў. Затое восем чалавек будуць прадстаўляць Беларускае тэлебачаньне. Пры тым, што жывых трансьляцыяў на БТ не плянуецца, а відэазапіс будзе фактычна дубляваць расейскія каналы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG