Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ВЫРАШЫЦЦА ПЫТАНЬНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА АКТУ САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ?


Юры Дракахруст, Прага

«Известия» нагадваюць, што ў сьнежні Лукашэнка паехаў з Масквы ні з чым – праанансаваны ім разгляд праектаў канстытуцыйнага акту падчас сустрэчы з Уладзімерам Пуціным не адбыўся. Газэта адзначае, што і зараз у Крамлі няма вялікага імкненьня да такога разгляду, ня выключана, што чарговая сустрэча Лукашэнка-Пуцін будзе перанесеная на вясну.

Адной з галоўных прычынаў гэтага «Известия» лічаць прынцыповае нежаданьне Пуціна мяняць дзейную Канстытуцыю. Лукашэнка, піша газэта, ніякай бяды ў гэтым ня бачыць, у Беларусі працэс ня выйдзе з-пад ягонага кантролю. У Расеі гэта ж спародзіць моцную спакусу: калі зьмяняць у Канстытуцыі нават толькі прэамбулу, чаму б не памяняць і іншае? А паколькі апагей канстытуцыйных спрэчак прыйдзецца якраз на пачатак парлямэнцкіх выбараў у Расеі, то гэта можа стварыць пагрозу для нутраных пераўтварэньняў, якія яшчэ не завершаныя.

«Известия» трапна заўважаюць, што асноўнае пытаньне ў саюзных канстытуцыйных спрэчках: хто за старэйшага, хто будзе галоўным? Прапаноўваюцца розныя варыянты канстытуцыйнага акту: паводле аднаго кіраўніком саюзнай дзяржавы стала будзе прэзыдэнт Расеі, паводле іншага кіраўнікі Беларусі і Расеі будуць зьмяняць адзін аднаго на гэтай пасадзе праз два гады, і, нарэшце, ёсьць цяперашні варыянт з вышэйшым саветам, дзе абодвы кіраўнікі роўныя. Рэакцыя Крамля на гэтыя прапановы пакуль невядомая.

«Известия» параўноўваюць сытуацыю ў беларуска-расейскім саюзу з сытуцацыяй ў Эўразьвязе. Калі прэм’ер-міністар Францыі Жаспэн прапанаваў прыняць Канстытуцыю Зьвязу, гэтая ідэя была адхіленая, было вырашана спачатку ўвесьці ў абарот Эўра, паглядзець, як ён будзе працаваць, а ўжо потым паразважаць над канстытуцыяй. «Известия» пішуць, што ў беларуска-расейскім саюзе і такі парадак ня надта атрымліваецца: Беларусь не сьпяшаецца адмовіцца ад дзяржрэгуляваньня эканомікай, што неабходна для ўвядзеньня адзінай валюты.

«Известия» зьвяртаюць увагу на яшчэ адну пагрозу. Агульная канстытуцыя ў любым выпадку абмяжуе абедзьве дзяржавы: калі адбудзецца зьмена ўлады ці гэапалітычных прыярытэтаў, то “развод па-мірнаму” будзе немагчымы. Аднак выбар, мяркуе газэта, давядзецца рабіць хутка. Прычым ён можа прыняць і нечаканыя формы, прыкладам, у выглядзе зьмены саюзнай дамовы. Пакуль пра гэта гаворыць толькі Лукашэнка, маўляў, калі вы мной незадаволеныя, то давайце не сябраваць і пераглядаць дамову. Аднак, адзначаюць «Известия», перагляд можна правесьці па-рознаму: і як разрыў стасункаў, і як дадатак у дамову таго, што магло бы быць запісана ў саюзнай Канстытуцыі, але без прыняцьця самой Канстытуцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG