Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ХОЧА МЕЦЬ ЗЬ ЛІБІЯЙ “АДМЫСЛОВЫЯ СТАСУНКІ” ВА ЎСІХ ГАЛІНАХ


Юры Сьвірко, Менск

Галоўнай падзеяй тыдня ў Трыпалі стаў не візыт беларускае дэлегацыі, а адкрыцьцё амбасады Канады. Канадзкі дзяржаўны міністар у азіяцкіх і ціхаакіянскіх справах Дэйвід Кільгур, які таксама наведаў зь візытам Лібію, заявіў пра жаданьне Канады ўзмацніць стасункі з Джамахірыяй і сказаў, што адкрыцьцё канадзкае амбасады распачынае новую эру ў лібійска-канадзкіх дачыненьнях.

Лібійскае агенцтва навінаў “Джана”, якое пра гэта паведаміла, было значна больш сьціплым у ацэнках візыту беларускага міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова.

Але агенцтва адзначыла, што ён “выказаў удзячнасьць народным зьездам у Вялікай Джамахірыі, якія ёсьць сувэрэннымі ды якія маюць паўнамоцтвы прымаць рашэньні пра ратыфікацыю пагадненьняў, падпісаных паміж Вялікай Джамахірыяй і Беларусьсю”.

Такую заяву спадар Хвастоў зрабіў у часе сустрэчы з прадстаўніком Усеагульнага народнага кангрэсу Лібіі, які паводле прынцыпаў фармаваньня вельмі нагадвае гэтак званы Ўсебеларускі народны сход. Лібійскаму парлямэнту таксама патрэбнае прызнаньне, таму міністар Хвастоў атрымаў “запрашэньне беларускаму парлямэнту накіраваць дэлегацыю ў Вялікую Джамахірыю, каб на ўласныя вочы пабачыць сапраўднае ўкараненьне ўлады народу й дасягненьні, зробленыя на лібійскай глебе дзякуючы Вялікай рэвалюцыі 1 верасьня”. Менавіта 1 верасьня 1969 году лібійскі палкоўнік Муамар Кадафі ажыцьцявіў у краіне вайсковы пераварот.

Міжнародныя назіральнікі зазначаюць, што афіцыйныя Менск і Трыпалі выкарыстоўваюць адзін аднаго перадусім у мэтах пашырэньня вельмі абежаваных міжнародных стасункаў дзьвюх ізаляваных дзяржаваў. Хаця ў часе лібійскага візыту Аляксандра Лукашэнкі ўвосень 2000 году шмат гаварылася пра пэрспэктывы буйных інвэстыцыяў з боку Лібіі ў беларускую эканоміку, у тым ліку пра ўкладаньне грошай у Менскі аўтазавод і стварэньне ў Беларусі вялікага супольнага банку, далей размоваў справа не пайшла.

Вось цікавая статыстыка гандлёвых апэрацыяў паміж Беларусьсю й Лібіяй з моманту ўсталяваньня дыпляматычных стасункаў у жніўні 1996 году. У 1997 годзе Беларусь прадала ў гэтую афрыканскую краіну лесаматэрыялы на суму 7 500 даляраў і набыла там лекі коштам усяго 400 даляраў. У 1998 годзе беларуска-лібійскага гандлю ўвогуле не было. А ў 2000-м беларускі экспарт у Лібію склаў ужо больш як 2 з паловай мільёна даляраў, імпарту адтуль не было. У 2001 годзе, калі ў Трыпалі ўжо стала працавала беларуская амбасада, экспарту ў Лібію таксама ўвогуле не было.

На такім тле вельмі цікавай падаецца заява Міхаіла Хвастова на сустрэчы зь лібійскам прэм’ер-міністрам, якую перадало агенцтва “Джана”: “Беларускі міністар замежных справаў падкрэсьліў гатовасьць і жаданьне ягонае краіны ўсталяваць адмысловыя стасункі зь Вялікай Джамахірыяй, асабліва пасьля візытаў і сустрэчаў, што адбыліся паміж дзьвюма краінамі, з пэрспэктывай пашырэньня гэтых стасункаў і гэтага супрацоўніцтва, якое ахопіць усе галіны, у інтарэсах дзьвюх дружалюбных краін”.

Што гэта за адмысловыя стасункі, якія мусяць ахапіць усе галіны? Афіцыйны Трыпалі звычайна нічога не камэнтуе. Мне так і не ўдалося высьветліць, чаму быў скасаваны шырока разрэклямаваны візыт Муамара Кадафі ў Менск ў леташнім жніўні, у самы пярэдадзень беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў.

Беларускі бок таксама ня надта схільны распавядаць пра свае дачыненьні з краінай, якая яшчэ да тэрактаў у ЗША лічылася прытулкам міжнародных тэрарыстаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG