Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ ЗАТРЫМАНЫ АКТЫВІСТ КХП-БНФ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Ужо чацьверты дзень сябар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Уладзімер Плешчанка выходзіць на звыклае месца да Сіняга дому з плякатам “Патрэбныя новыя выбары пад міжнародным наглядам”.

Гэтак праз чатыры месяцы пасьля 9 верасьня віцебскія сябры КХП БНФ распачалі падрыхтоўку да новых нечарговых прэзыдэнцкіх выбараў.

Спадар Плешчанка адзначае, што гэтымі днямі каля Сіняга дому яму даводзіцца ня толькі распаўсюджваць партыйную літаратуру, але й шмат размаўляць з жыхарамі гораду. І, паводле ягоных словаў, многія віцябляне не задаволеныя сваім жыцьцём пасьля 9 верасьня, а таму падтрымліваюць ідэю правесьці нечарговыя прэзыдэнцкія выбары.

Аднак сёньня выразна заявілі пра сябе й носьбіты супрацьлеглых меркаваньняў. Актыўная бабуля-пэнсіянэрка паскардзілася міліцэйскаму патрулю, што каля Сіняга дому каторы дзень запар праходзяць недазволеныя пікеты. Міліцыянты з Чыгуначнага раённага аддзяленьня даставілі спадара Плешчанку ў пастарунак.

Перагледзеўшы ягоныя паперы ды пагартаўшы артыкулы Зянона Пазьняка, супрацоўнікі міліцыі вырашылі не складаць пратакола пра затрыманьне ды адпусьціць затрыманага.

Дарэчы, плякат пра неабходнасьць новых выбараў міліцыянты забіраць ня сталі. Таму Ўладзімер Плешчанка мяркуе і надалей выкарыстоўваць яго на сваіх акцыях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG