Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКАЯ СПЭЦЫЯЛІСТКА – ПРА БЕЛАРУСКІ ГАНДАЛЬ ЗБРОЯЙ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

(Ракіцкі: ) “Спадарыня Агата, з вашага гледзішча, пры выбары кліентаў Беларусь дзейнічае з прынцыпу “хто купляе – таму прадаю” ці тут яшчэ прысутнічае элемэнт падтрымкі пэўных рэжымаў?”

(Вежбовска-Мязга: ) “На маю думку цяжка казаць пра сьвядомую палітыку Беларусі падтрымкі рэжымаў ці падкідваньня дроваў у нейкія канфлікты праз продаж зброі. Мне здаецца, што перадусім зброя прадаецца тым, хто яе хоча купіць. Праўда ў тым, што Беларусі цяжка было б канкураваць на афіцыйным усясьветным рынку зброі. Таму яе першымі кліентамі зьяўляюцца краіны, ці дакладней бакі канфліктаў, якія ня могуць купіць зброю афіцыйным шляхам. Таму мне не падаецца, што выбар, каму прадаваць зброю, ёсьць палітыкай падтрымкі канфліктаў”.

(Ракіцкі: ) “Беларускія ўлады ведаюць, каму прадаюць зброю, што існуе эмбарга на продаж зброі пэўным дзяржавам. Чым бы вы патлумачылі такія паводзіны беларускіх уладаў?”

(Вежбовска-Мязга: ) “Беларусь і так зьяўляецца ізаляванай краінай на міжнароднай арэне, і ў прынцыпе Эўропа пазбаўленая нейкіх адмысловых інструмэнтаў ціску на Беларусь. Таму падаецца, што Лукашэнку ўжо няма чаго губляць”.

(Ракіцкі: ) “Апошнім часам пішуць, і вы ў тым ліку, што зь Беларусі зброя нават патрапіла ў Чачэнію. Наколькі гэта рэальна? Паводле вашага аналізу выглядае, што Беларусь на рынку зброі дзейнічае ў шчыльнай каапэрацыі з Расеяй”.

(Вежбовска-Мязга: ) “Так, такі гандаль нясе пэўную рызыку для Беларусі. Магчыма, гэта не рабілася непасрэдна зь ініцыятывы прэзыдэнта, а было ініцыятывай нейкіх чыноўнікаў ніжэйшага рангу, якія вырашылі рызыкаваць уласнымі паўнамоцтвамі”.

(Ракіцкі: ) “А чаму тады сама Расея маўчыць, і чаму Захад ня можа націснуць на Расею?”

(Вежбовска-Мязга: ) “Як вы і самі сказалі, у бальшыні выпадкаў Беларусь гандлюе зброяй у супрацоўніцтве з Расеяй. Таму цяжка ўявіць, каб Расея гэтаму пратэставала. Магчыма, зараз у зьмененай сытуацыі пасьля 11 верасьня, калі распачалося пэўнае супрацоўніцтва паміж Расеяй і Захадам, і перадусім, са Злучанымі Штатамі, гэны “промысел” можа быць нейкім чынам абмежаваны. Падаецца, што сама колькасьць інфармацыі, якая раптам пачала паўсюль зьяўляцца, можа і ёсьць нейкай спробай абмежаваньня гэнага промыслу. Раней гэткая інфармацыя амаль не зьяўлялася, а дадзеныя, якімі мы валодаем, пацьвярджаюць, што Беларусь не ад ўчора займаецца гандлем зброі”.

(Ракіцкі: ) “Ці існуе магчымасьць спыненьня гэтага, як вы кажаце, промыслу? Хто можа і якім спосабам на гэта паўплываць?”

(Вежбовска-Мязга: ) “Зразумела, калі гаварыць пра тых, хто апроч саміх уладаў Беларусі можа паўплываць у гэтым пытаньні, то найвялікшыя, здаецца, магчымасьці ўплыву на Беларусь і на рашэньне ўладаў мае Расея”.

(Ракіцкі: ) “Але ж Расея гандлюе зброяй разам зь Беларусьсю…”

(Вежбовска-Мязга: ) “У гэтым уся справа. Але дзеля добрых стасункаў з Захадам Расея можа ад гэтага адмовіцца. Гэта сур’ёзная магчымасьць абмежаваньня гандлю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG