Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦОЎНАМУ АДМОВІЛІ Ў ПАДТРЫМЦЫ


Міхал Стэльмак, Менск

Разглядала справу Лявона Садоўскага судовая калегія на чале з Натальляй Жупікавай. Рабочы зьвярнуўся ў суд, каб абараніцца ад ціску адміністрацыі менскага заводу “Калібар”. Кіраўніцтва заводу абвесьціла рабочаму вымову і абмяжоўвае ягоныя заробкі.

Лявон Садоўскі лічыць пакараньні неабгрунтаванымі, летась ён спрабаваў знайсьці праўду ў судзе Маскоўскага раёну, тая спроба ня мела плёну. Паводле словаў рабочага, раённы суд беспадстаўна праігнараваў ягоную скаргу. Аднак ня спраўдзілася і ягонае спадзяваньне на гарадзкі суд.

Сёньня суд прызнаў рабочага вінаватым у канфлікце з кіраўніцтвам заводу. Вось як адрэагаваў на гэта Лявон Садоўскі:

(Садоўскі: ) “Я чакаў ад гарадзкога суду скасаваньня рашэньня Маскоўскага суду, але ж судзьдзя не цікавілася ні аплатай працы, ні калектыўнай дамовай, ні тым, у якой атмасфэры знаходзяцца там рабочыя. Галоўным для яе было, каб у сіле засталося рашэньне раённага суду. Суд стаіць на абароне інтарэсаў адміністрацыі заводу”.

(Карэспандэнт: ) “Якая сапраўдная прычына вашага перасьледу з боку адміністрацыі?”

(Садоўскі: ) “Тое, што адміністрацыя ведае, што я займаўся палітычнай дзейнасьцю. Калі я ўладкоўваўся на “Калібар”, за мной прыйшоў штраф на 150 мільёнаў рублёў па тых грошах, пакараньне за “провады Лукашэнкі ў адстаўку пасьля сканчэньня яго канстытуцыйнага тэрміну”. І потым былі акцыі байкоту выбараў у “палату прадстаўнікоў”, былі чатыры суды, насіў позвы ў суд, пасьля пачаліся наезды”.

Праваабаронцы, якія прысутнічалі на сёньняшнім паседжаньні Менскага гарадзкога суду, таксама лічаць рашэньне неабгрунтаваным. Напрыклад, вось што мяркуе на гэты конт Барыс Гюнтэр:

(Гюнтэр: ) “Ён ярка выявіў, што сёньня суды і праваахоўчыя органы скіраваныя на тое, каб “душыць” палітычна актыўных жыхароў нашай дзяржавы. Душыць простых працоўных, якія займаюць палітычна актыўную пазыцыю, бяруць удзел у акцыях, праводзяць у рабочыя масы нацыянальную ідэю. Гэтак “душыцца” прадпрыемствам пад корань”.

(Карэспандэнт: ) “Ці рашэньне судзьдзі адпавядала беларускаму заканадаўству?”

(Гюнтэр: ) “На мой погляд — не. Па справе Садоўскага, напрыклад, вынесьлі вымову, дэпрэміявалі на вялікую суму, але праўды знайсьці ў судах, як ніжэйшай, так і вышэйшай інстанцыі — немагчыма. Але сёньня ідзе перасьлед ня толькі простых працоўных, а й дырэктарскага корпусу. Тыя дырэктары, што не адпавядаюць узору АляксандраЛукашэнкі, трапляюць ці ў турму ці пад звальненьне”, — лічыць праваабаронца Барыс Гюнтэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG