Два месяцы ў Афганістане мяне амаль неадлучна суправаджаў адзін чалавек. Звалі яго Мірзо. Ён быў маім перакладчыкам. Што найбольш у ім дзівіла, дык гэта непрыхаваная туга па савецкім часе. І сонца для яго тады было цяплейшае, і паветра чысьцейшае.
Разгадка зьявілася пазьней, і высьветлілася, што тая любоў мела пад сабой трывалую камэрцыйную глебу. Але па першым часе гэта было дзіўным. Асабліва, калі я толькі што прыляцеў у Пандшэрскую цясьніну, пабачыў, як тое месца папросту заваленае разьбітай савецкай тэхнікай – танкамі ды бэтээрамі. Яны валяліся паўсюль – у рацэ, на горнай дарозе. Нельга было праехаць 100 мэтраў, каб не абмінуць чарговы помнік вайне, прайгранай Савецкім Саюзам.
Падобнай дарогай я неяк прыехаў у мясцовую школу. Варта сказаць, што на тэрыторыях, вольных ад талібаў, увесь час існавала абавязковая трохгадовая адукацыя. У клясах сядзелі шасьцігадовыя хлапчукі. На дошцы настаўнік напісаў сказы, якія дзеці чыталі па складах. Папрасіў перакласьці. І пачуў: “З дапамогаю Алаха муджагеды перамаглі у вайне зь нявернымі, вызвалілі нашую краіну, забілі шмат расейскіх жаўнераў, ды падпалілі вельмі шмат расейскіх танкаў”.
Па гэткіх тэкстах нават праз дванаццаць гадоў пасьля адыходу савецкага войска з Афганістану, тут вучаць дзяцей чытаць. Мой перакладчык патлумачыў гэта проста: дырэктар школы, сказў ён, былы муджагед. Той і сам не хаваўся. Як у Афганістан увайшлі савецкія войскі, ён таксама быў дырэктарам, але толькі днём. Ноччу браў сваю зброю ды йшоў у горы.
(Дырэктар: ) “Напачатку у нас і зброі нармалёвай не было. Я, напрыклад, ваяваў са сваёй паляўнічай стрэльбай. Аднак зброя не галоўнае. У савецкіх жаўнераў былі і аўтаматы, і танкі, але іх тут ужо даўно няма. Ці шмат расейцаў я забіў? Ня ведаю. Мы стралялі зьверху, яны зьнізу, дык добра і не пабачыш, колькі чалавек ты забіў”.
Пра гэта дырэктар распавядаў, калі запрасіў нас у госьці на кубак гарбаты. Здарыўся пад час той гутаркі яшчэ адзін выпадак. “А як жа тыя людзі, якія падтрымлівалі савецкую уладу?” – запытаўся я ў яго. Пытаньне было правакацыйнае, бо побач сядзеў мой перакладчык – адзін з гэткіх людзей. “Здраднікі. Яны ўсе здраднікі”, – упэўнена адказаў былы муджагед. Перакладчык зьбялеў. “Шмат хто зь іх быў забіты – і я іх не шкадую, бо яны атрымалі па заслугах”, – працягваў гаспадар дома, – “але зараз тыя крыўды забытыя, бо ў нас агульны вораг – талібы”.
Словы наконт забытых крыўдаў, відавочна, мелі пад сабой падставу – у войсках Паўночнага альянсу нароўні з былымі муджагедамі было вельмі шмат афіцэраў, якія скончылі савецкія вайсковыя вучэльні, і потым ваявалі на баку сацыялістычнага ўраду. У мяне склалася ўражаньне, што зацятай барацьбой з талібамі яны, мо нават і падсьвядома, зарабляюць сабе рэабілітацыю, спрабуюць вярнуць тыя пазыцыі у грамадзтве, якія яны займалі дваццаць гадоў таму і зь якіх пазьней былі адсунутыя.
Гэта цэлае пакаленьне, якое выхаваў Савецкі Саюз. Яны вучыліся ў СССР, займелі звычку выпіць за сьвяточным сталом 200 грамаў гарэлкі, смачна паесьці у сьвяты месяц рамадан, калі днём есьці наагул забаронена, ды ня лічаць патрэбным маліцца па некалькі разоў на дзень. За савецкім часам яны складалі эліту грамадзтва, а цяпер збольшага засталіся ні з чым.
Аднаго выпускніка савецкай вайсковай вучэльні я сустрэў нават у Кабульскай гарадзкой турме. Ён працаваў раней у міністэрстве абароны, гэты саракагадовы чалавек. А цяпер сядзіць у сьледчым ізалятары й падазраецца ў крадзяжы 300 даляраў.
Праўда, мясцовыя жыхары, зь якімі даводзілася кантактаваць, лічаць, што калі б Савецкі Саюз затрымаўся ў Афганістане нават больш, чым на два дзесяцігодзьдзі, перавыхаваць увесь народ усё адно не атрымалася б.
Вось што кажа з гэтай нагоды Марына Фазэл, карэспандэнт NBC:
(Фазэл: ) “Толькі вельмі невялікі адсотак людзей у Афганістане быў задаволены тым, што ў краіну прыйшлі расейскія войскі. А ў большасьці людзі лічылі, што расейскія войскі прыехалі, каб захапіць краіну. Вядома, добра, што пэўная частка моладзі вучылася ў расейскіх унівэрсытэтах і атрымала адукацыю, але гэта быў вельмі маленькі плюс у параўнаньні з тым, якую памяць пакінулі тут савецкія жаўнеры. Іх лічылі агрэсарамі“.
Марыя Фазел нарадзілася ў Афганістане і цяпер працуе карэспандэнтам амэрыканскага тэлеканалу NBC у Кабуле. За савецкім часам ейныя бацькі мусілі эміграваць. І сваю адукацыю яна атрымала ў Злучаных Штатах, а потым, на дзіва ўсім сваім знаёмым і бацькам паехала вучыцца ў Маскву. “Я хацела зразумець псыхалёгію людзей, якія прыйшлі на нашую зямлю, каб нас забіваць”, – тлумачыць яна свой крок. Вярнуўшыся на бацькаўшчыну праз 15 гадоў, яна пабачыла, што ісьлямскія законы адсунулі назад амаль па ўсіх пазыцыях, якія яны страцілі за савецкім часам.
Аднак, я ледзь не забыўся распавесьці, за што ж так любіў савецкі рэжым мой перакладчык. Тлумачэньне, як я сказаў, мела пад сабой трывалую камэрцыйную глебу. У адной з размоваў неяк высьветлілася, што Мірзо быў блізкім сваяком віцэ-прэзыдэнта краіны. Вельмі прывабнае сваяцтва, трэба заўважыць. З тугой у голасе распавядаў Мірзо, як займаліся яны бізнэсам – грузілі тавар у машыны, і падвозілі адразу да самалёту. Ніхто ня меў права праверыць груз, што належыў сваяку віцэ-прэзыдэнта. “Багатым тады я быў чалавекам”, – успамінае Мірзо. Што там быў за груз, ён не казаў, але здагадацца ня цяжка.
Як бачым, уся любоў трымалася на прэфэрэнцыях, якія савецкі рэжым выдаваў вузкаму колу сваякоў і знаёмых. Гэта адзінае, чым савецкая ўлада магла зацікавіць мясцовую эліту. З прыходам талібаў свае прэфэрэнцыі згубіла і большасьць муджагедаў. Таму для іх і вайна супраць талібаў была, падаецца, найперш не вайной супраць рэлігійнага экстрэмізму, а змаганьнем за свой ранейшы дабрабыт.
Кім былі талібы, што спрыяла спачатку іх умацаваньню, а потым хуткаму заняпаду – у наступнай праграме.