Цяпер пракуратура абвінавачвае Міхаіла Лявонава ня толькі ў злоўжываньні службовым становішчам ды нядбайнасьці, ў чым ён падазраваўся ад пачатку затрыманьня 10 дзён таму, а яшчэ і ў атрымантьні хабару ў асабліва буйных памерах. Прэсавы сакратар пракуратуры Аляксей Таранаў, аднак, адмовіўся ўдакладніць суму хабару, які нібыта атрымаў былы дырэктар МТЗ.
Тымчасам на трактарным заводзе, нягледзячы на тое, што завод сёньня не працуе, пачаўся збор подпісаў пад адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі . Гэты ліст быў складзены і зацьверджаны на паседжаньні рады працоўнага калектыву. У лісьце заяўляецца, што арышт Лявонава ёсьць грубай працэсуальнай памылкай пракуратуры. Трактарабудаўнікі просяць Лукашэнку ўзяць справу Лявонава пад асабісты кантроль, а самога Лявонава вызваліць з-пад варты і вярнуць на завод.
На цяперашні момант пад лістом падпісалася некалькі соцень работнікаў завода, у тым ліку некаторыя кіраўнікі падраздзяленьняў і намесьнікі генэральнага дырэктара. Прэсавы сакратар МТЗ Вадзім Біцан перакананы, што падпісаў будзе сабрана значна больш.
(Біцан: ) "Нарада адбылася ўчора, а сёньня і заўтра завод не працуе. Таму зьбіраюцца подпісы сярод тых, хто зараз ёсьць на заводзе, і працэс гэты будзе працягвацца далей”.
(Карэспандэнт: ) "А чаму не працуе завод? Гэта тлумачыцца тэхналягічнымі прычынамі?"
(Біцан: ) "Справа ў тым, што пастаўнікі камплектуючых закрыліся, бо невядома, як складзецца лёс Лявонава".
(Карэспандэнт: ) "Вы ўсё ж зьвязваеце гэтыя перапынкі ў працы пастаўнікоў з крымінальнай справай супраць Лявонава?"
(Біцан: ) "Так, гэта наўпрост зьвязана. І нават ёсьць прапановы да лютага завод спыніць, бо няма сродкаў. Сёньня многія кажуць, што з вамі справы нельга весьці, бо ў вас нейкае карупцыйнае прадпрыемства, дырэктара арыштавалі, вядуцца крымінальныя справы супраць іншых кіраўнікоў... Карацей кажучы, завод сёньня ў цяжкім стане і ў гэты стан яго паставіла дзяржава".
(Карэспандэнт: ) "На вашую думку, ці можна ўжо падсумаваць страты, якія нанесьлі прадпрыемству гэтыя дзеяньні? Вось два дні завод ня будзе працаваць, потым яшчэ магчыма".
(Біцан: ) "Тое, што завод сёньня не працуе, гэта мажліва толькі на карысьць заводу, але калі гэта працягнецца, то безумоўна страты будуць вялікія і іх можна будзе падлічыць. Але пакуль пра гэта казаць зарана".
(Карэспандэнт: ) "Гаворка ня йдзе яшчэ пра нейкія акцыі пратэсту, страйкі?"
(Біцан: ) "Можа дайсці да гэтага, можа дайсці".
Гэтак мяркуе прэсавы сакратар МТЗ Вадзім Біцан. Падчас прад'яўленьня Лявонаву абвінавачаньня зь ім быў ягоны адвакат Мікалай Шаліма. Адвакат паведаміў, што ён штодня сустракаецца са сваім падабаронным, які трымаецца мужна і вінаватым сябе не прызнае. Аднак маральны стан Лявонава адвакат вызначыў як цяжкі.
(Шаліма:) "Патрапіць за краты чалавеку, які столькі сілаў і здароўя паклаў дзеля таго, каб квітнеў родны завод, гэта вельмі крыўдна".
Паводле адваката, былы генэральны дырэктар МТЗ зьвярнуўся зь лістом да міністра прамысловасьці спадара Харлапа з просьбай адмяніць загад аб ягоным звальненьні на той падставе, што месяц таму Лявонаў сам нібыта пісаў заяву пра сыход па асабітым жаданьні. Аднак, паводле дасьведчаных крыніцаў, калі пра гэтую заяву даведаліся у кіраўніцтве краіны, там нібыта адказалі, што сысьці Лявонаў зможа толькі ў кайданках.
У пракуратуры краіны паведамілі, што мера стрыманьня для Міхаіла Лявонава – утрыманьне пад вартай – ня зьмененая.