Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАТЭСТЫ ВЕРНІКАЎ НЕ ДАЮЦЬ ЗАГІНУЦЬ “ГОЛАСУ ДУШЫ”


Галіна Абакунчык, Менск

Напачатку кожнага нядзельнага набажэнства аб 11-й гадзіне ў Чырвоным касьцёле цяпер гучыць жалобная музыка. Як патлумачыў у сваёй прамове ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк, гэты знак смутку адлюстроўвае настроі шматлікіх слухачоў забароненай уладамі праграмы “Голас душы”.

(Завальнюк: ) “Людзі праз тэлефон кажуць — плачам, крыжам ляжым аб 11-й гадзіне. Мы зьбіраемся акругай, пішам пісьмо, што мы адмаўляемся ад радыёкропкі. Таму што “Голас душы” — наш надзённы духоўны хлеб”.

Менавіта актыўныя пратэсты вернікаў, а таксама асабісты пісьмовы зварот у Камітэт у справах рэлігіяў кардынала Казіміра Сьвёнтка вымусілі ўлады шукаць у гэтай справе кампрамісу. Як паведаміў у інтэрвію нашаму радыё кіраўнік аддзелу Камітэту ў справах рэлігіяў Аляксандар Калінаў, радыёперадача вернецца ў эфір, але не ў прамой трансьляцыі з Чырвонага касьцёлу, а ў запісу, зробленым у катэдральным касьцёле Панны Марыі.

Такое рашэньне, паведаміў чыноўнік, прынятае на падставе артыкула 25 Закону аб свабодзе веравызнаньня. Паводле яго, быць заснавальнікам духоўных мас-мэдыяў, у тым ліку й асобных перадачаў маюць права не шараговыя ксяндзы ці сьвецкія асобы, а рэлігійныя цэнтры ды іх кіраўнікі. Менскі катэдральны касьцёл Панны Марыі й ёсьць у Беларусі такім каталіцкім цэнтрам, якім кіруе кардынал Казімір Сьвёнтак. Гаворыць Аляксандар Калінаў:

(Калінаў: ) “Гэтая норма пачала дзеяць 22 лістапада 1999 году, калі былі ўнесеныя некаторыя зьмены ў Закон аб веравызнаньні. Кардынал Казімір Сьвёнтак і біскуп дапаможны Кірыл Клімовіч і іншыя сьвятары будуць браць у гэтым удзел. Мы ж ня супраць таго, каб перадачу вёў Завальнюк. Прыблізна да 9-й гадзіны цягам 30 хвілінаў будзе гучаць гэтая праграма”.

Чаму зьявілася патрэба выхад у эфір “Голасу душы” прывесьці ў адпаведнасьць са зьменамі ў заканадаўстве толькі праз два гады, спадар Калінаў дакладна не адказаў. Зьмены ў Законе аб свабодзе веравызнаньня й зьвязаныя з гэтым падзеі каталіцкія духоўныя герархі камэнтаваць пакуль таксама адмаўляюцца. Не дае ніякіх камэнтароў і кіраўніцтва радыё.

Мяркуецца, што канчатковае рашэньне ў справе аднаўленьня “Голасу душы” будзе на наступным тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG