Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФГАНСКІ ДЗЁНЬНІК. ЧАСТКА ПЕРШАЯ


Віктар Дзятліковіч, Афганістан

У Кабуле, побач з палацам Аміна, я сустрэў сапраўднага таліба. Ён сядзеў на скрыні з патронамі, і аказаўся палонным. Ці то месцаў у турме ужо не хапала, ці то ягоныя грахі не былі такімі моцнымі, каб трымаць яго за кратамі. Камандзіры Паўночнага альянсу саслалі яго так бы мовіць на вольнае пасяленьне. Вось ужо трэці месяц гэты таліб бавіў час у кампаніі чатырох жаўнераў урадавых войскаў, якія, апрача яго, ахоўвалі яшчэ і разваліны палаца Аміна – таго самага, які браў штурмам яшчэ савецкі спэцназ.

Таліб быў з Пакістану. Здавалася, цяперашні нявольны стан яго ня вельмі засмучаў. Ён еў мяса з адной міскі са сваімі ворагамі, і пра штосьці весела зь імі размаўляў. Ніякай варожасьці ў стасунках. “Калі ты так добра да іх ставісься, дык навошта ж пайшоў у армію талібаў?” – запытаўся я. Адказ збянтэжыў. У Пакістане 20-гадовы Мухамад вучыўся ў мэдрэсэ – рэлігійнай вучэльні. “Настаўнікі казалі мяне, што ў Афганістане жывуць габрэі, і я мушу ісьці ваяваць зь нявернымі. Я паверыў. А калі прыйшоў сюды, аказалася, што тут жывуць тыя ж мусульмане, што і мы”.

Тое, што у Афганістане не жывуць габрэі, можа стацца яшчэ ня самым вялікім сюрпрызам для Мухамада. Праз пэўны час ён, напрыклад, можа даведацца, што зямля верціцца вакол сонца, а ніяк не наадварот. Паверце, для большасьці афганцаў, гэта таксама будзе сюрпрызам, і ня кожны таму паверыць, бо ўяўленьні тутэйшых жыхароў пра пабудову сьвету вельмі адрозьніваюцца ад нашых з вамі.

Разуменьне гэтага прыйшло да мяне выпадкова. Цэлы месяц працуючы ў Афганістане, я не задумваўся, што можа быць інакш, што чалавек можа папросту ня ведаць, напрыклад, пра існаваньне сонечнае сыстэмы.

Сумнеў прыйшоў да мяне раптоўна. Адбылося гэта па дарозе з Джалялябаду ў Кабул. За вакном машыны праносіліся паселішчы, з дынамікаў машыны неслася афганская музыка, але ў завушніцах майго плэйера, спрабуючы перамагчы ўсходнія матывы, гучаў гурт N.R.M. Вы, мабыць, ведаеце тую песеньку пра трох чарапахаў:

“Не было Галілея і Боба Марлея, не было Сальватора Далі. Ні Леніна, ні Ленана, ні Карла Лінэя, толькі тры чарапахі былі…”

Музыка й рэчаіснасьць наклаліся адно на адное. Для гэтых людзей і насамрэч не існуе Галілея, раптам зразумеў я. А побач ужо сядзела ахвяра маёй цікаўнасьці. Наш ахоўнік з аўтаматам. Было яму каля 30 гадоў, і я запытаўся, як пабудаваны наш сьвет.

“Гэта я ведаю, пра гэта нам распавядаў мула яшчэ ў дзяцінстве. Нашая плянэта трымаецца на рагах вялікай чорнай каровы, а тая стаіць на рыбе, якая плавае ў акіяне. Калі карова чэшацца, дык недзе ў сьвеце адбываецца землятрус”.

Я здрыгануўся. Яго голас гучаў упэўнена, і гэта быў ня жарт. Потым гісторыю пра чорную карову я чуў шмакроць. Нават ад нашага перакладчыка – Мірзо, які вучыўся ў Савецкім Саюзе. Але і ён, як падалося, не выключае існаваньня той каровы недзе ў нас пад нагамі.

Па тлумачэньні я прыйшоў у адну з Кабульскіх рэлігійных вучэльняў. Кіраўнік вучэльні – мула Закір – паспрабаваў мяне суцешыць.

(Закір: ) “Безумоўна, тэорыя пра чорную карову, гэта глупства. Зараз мы дзяцей гэтаму ня вучым. Насамрэч нашая плянэта трымаецца не на карове. Яна нерухомая. Вакол яе існуюць 9 сфэраў зь іншымі плянэтамі, а ў чацьвертай сфэры круціцца Сонца”.

Я не пасьпеў адыйсьці ад чарговага шоку, як мула працягваў:

(Закір: ) “Безумоўна, гэта Сонца круцііцца вакол Зямлі, а не наадварот. Хаця зараз шмат хто з нашых рэлігійных дзеячоў гатовы пагадзіцца з заходнімі вучонымі – маўляў, гэта Зямля круціцца вакол Сонца. Але гэтая тэорыя вельмі спрэчная. І мы яе не падтрымліваем”.

У тым мэдрэсэ, дзе мы размаўляем з мулой, зараз ніхто ня вучыцца. Разьбітыя вокны, на сьценах падпаліны – гэта ад самаробных печак-буржуек, якімі ў сьцюдзёныя дні ацяпляліся пакоі вучэльні. Вайна разбурыла ўсю сыстэму навучаньня. На тэрыторыях, якія вызваленыя ад талібаў, не працуе ніводная школа, бо новы ўрад яшчэ ня ведае, адкуль узяць грошы на іхнае утрыманьне.

За часам панваньня талібаў існавалі выключна рэлігійныя школы для хлопчыкаў. Частка настаўнікаў з гэтых школаў зьбегла разам з талібамі – збольшага гэта тыя, хто выкладаў ісьлямскія навукі. Мясцовыя выкладчыкі засталіся. Яны ўспамінаюць, што талібы забаранялі выкладаць шмат навукаў, напрыклад сусьветную гісторыю. Адзін з настаўнікаў узгадваў, што сам спрабаваў распавесьці дзецям пра Першую ды Другую сусьветную вайну. Аднак дзецям было ня вельмі цікава – бо уўіх свая вайна адбывалася – варта толькі за ганак выйсьці. Магчыма, таму і дзеці, якіх на вуліцы я запытваў, якія краіны яны ведаюць, не змаглі, нават супольнымі высілкамі, узгадаць нічога апрача Амэрыкі, Пакістану, ды Францыі.

Новы ўрад абяцае адчыніць школы і для хлопчыкаў, і для дзяўчынак. Галоўнай праблемай, кажуць чыноўнікі, будзе прымусіць бацькоў аддаваць дзяцей у школы. Тыя пагаджаюцца не адразу – маўляў, школа забірае з дому працоўныя рукі, а дзіця прынясе сям’і больш плёну, калі будзе працаваць, а не вучыцца.

Іншага стаўленьня наўрад ці можна чакаць. Бо шмат хто з афганцаў калі і купляе, прыкладам кнігі, то выключна для таго, каб іхнымі старонкамі распальваць агонь у печцы. Аднак, пра стаўленьне афганцаў да кнігаў ды іншых праяваў сучаснае цывілізацыі – у наступнай праграме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG