Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАКУЛЬ МІНІСТАР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ЗНАХОДЗІЦЦА Ў ЛІБІІ, ЗАХОДНІ ДРУК ЗНОЎ АБВІНАВАЧВАЕ БЕЛАРУСЬ У ПАСТАЎКАХ ЗБРОІ ТЭРАРЫСТАМ


Юры Сьвірко, Менск

Паводле зьвестак МЗС, летась зь Беларусі ў Лібію ўвогуле не было экспарту, а імпарт адтуль склаў усяго 8 тысяч даляраў. І гэта нягледзячы на шматлікія абяцаньні буйных лібійскіх інвэстыцыяў, што гучалі адразу пасьля візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Трыпалі ў лістападзе 2000 году. З таго ж часу (больш як год) у Лібіі працуе амбасада Беларусі.

Якія ж інтарэсы мае афіцыйны Менск у краіне пад кіраўніцтвам Муамара Кадафі? Як піша сёньняшняя газэта “Наша Свабода”, не сакрэт, што больш за ўсё Беларусь зацікаўленая ў разьвіцьці менавіта вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва зь Лібіяй. Яна ж нагадвае, што пазалетась расейцы практычна перад носам у беларусаў перахапілі кантракт на пастаўку вайсковай тэхнікі коштам 600 мільёнаў даляраў.

Украінская ж газэта “Дзеркало тижня” ў апошнім нумары зазначае, што “толькі пачатковая фаза вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва зь Лібіяй можа прынесьці прынамсі 15–25 мільярдаў даляраў”. Аднак, нягледзячы на скасаваньне санкцыяў супраць Лібіі, афіцыйны Кіеў ня можа пашыраць сваю актыўнасьць на гэтым рынку — з прычыны джэнтльмэнскага пагадненьня з Вашынгтонам, тлумачыць украінскі штотыднёвік.

Афіцыйны Менск такога ці любога іншага пагадненьня з Вашынгтонам ня мае, таму й спрабуе захапіць новыя рынкі. Гэта адбываецца на хвалі ўсё новых абвінавачаньняў наконт сувязяў Беларусі зь міжнароднымі тэрарыстамі. Брытанскі часопіс “Jane’s Intelligence Digest” заяўляе ў апошнім выпуску, што “Беларусь, Украіна і сэпаратысцкі рэгіён Малдовы Прыднястроўе пастаўлялі зброю чачэнскім паўстанцам і Талібану — насуперак іхным пратэстам у падтрымку расейскай працяглай кампаніі супраць сэпаратыстаў ды ісьлямскіх фундамэнталістаў”.

Шматлікія выданьні “Jane’s”, прысьвечаныя вайсковым пытаньням, маюць вялікі аўтарытэт на Захадзе. І там зноў гучыць спасылка на выведныя крыніцы ЗША ды Ізраілю, якія сьцьвярджаюць: Беларусь стала буйным пастаўшчыком сьмяротнага вайсковага абсталяваньня ісьлямскаму сьвету і ў першай палове 2001 году экспартавала арабскім, палестынскім і альбанскім мусульманскім экстрэмістам зброю на 500 мільёнаў даляраў. Гэтыя лічбы зноў друкуюцца на Захадзе, нягледзячы на катэгарычныя, але цьмяныя абвяржэньні з боку афіцыйнага Менску.

Але ў публікацыі “Jane’s Intelligence Digest” ёсьць і новая інфармацыя, якую цытуе сайт “Хартыі-97” — пра тое, што пастаўкі зброі ў Чачэнію каардынаваліся праз былога шэфа апарату Савету Бясьпекі Віктара Шэймана, які зараз займае пасаду генэральнага пракурора.

Вядомы амэрыканскі часопіс “Newsweek” у сьвежым нумары таксама зьвярнуўся да беларускай тэмы. “Вашынгтон накіраваў фармальныя пратэсты ўраду беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, чые сілы займаліся падрыхтоўкай ірацкіх жаўнераў дзеля выкарыстаньня зэнітных сыстэмаў — відаць, супраць амэрыканскіх і брытанскіх самалётаў, што забясьпечваюць “беспалётную зону”. Няма цьвёрдага сьведчаньня, што Беларусь таксама прадае зброю Іраку, але, зазначае “Newsweek”, “першае мяркуе другое”, як кажа прадстаўнік амэрыканскае адміністрацыі. “Беларусь папярэдзілі, каб не ўцягвалася ў гэта надалей”, — заявіў супрацоўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту.

У інтэрвію “Белорусской газете” аглядальнік польскага штотыднёвіка “Wprost” Ян Чурыловіч, аўтар артыкула “Саўдзельнік злачынстваў” пра Лукашэнкаў гандаль зброяй, заявіў, што адзінай арганізацыяй, зацікаўленай у распаўсюдзе інфармацыі пра беларускі незаконны гандаль зброяй, можа быць толькі кааліцыя па барацьбе з тэрарызмам.

“Яна мэтадычна і вельмі пасьлядоўна зьнішчае й сам тэрарызм, і крыніцы ягонага фінансаваньня, і крыніцы ягонай падтрымкі”, — сказаў спадар Чурыловіч. А на пытаньне, куды падзеліся грошы ад продажу зброі Аляксандрам Лукашэнкам, ён адказаў гэтак:

“Адзіную цьвёрдую гарантыю захаваньня грошай даюць варожыя для яго заходнія грошы. Ні ў Лібіі, ні ў Іраку гэтых грошай напэўна няма. Там таксама няма стабільнасьці, як і ў Беларусі. Так што няма патрэбы беларускім банкам мець карэспандэнцкія рахункі ў Лібіі ці Іраку. Дастаткова таго, што ірацкія ці лібійскія банкі, або банкі, што належаць каляпрэзыдэнцкім элітам у дзьвюх краінах, маюць свае карэспандэнцкія рахункі ў стабільных заходніх дэмакратыях”.

Шэф МЗС Міхаіл Хвастоў, які знаходзіцца зараз у Лібіі, гэтага не камэнтуе, нягледзячы на свае ж абяцаньні цягам першай дэкады студзеня разабрацца з усімі публікацыямі пра беларускі гандаль зброяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG