Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ 4,5 МІЛЬЁНА СУПРАЦЬПЯХОТНЫХ МІНАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Паводле колькасьці забароненых для выкарыстаньня супрацьпяхотных мінаў Беларусь займае 7-е месца ў сьвеце — пасьля Расеі, ЗША, Пакістану, Індыі. Як паведаміў начальнік інжынэрных войскаў Міністэрства абароны Беларусі Сяргей Лучына, Беларусь імкнецца да ліквідацыі гэтай небясьпечнай зброі. Краіна падпісала й ратыфікавала пратакол №2 аб негуманнай зброі Канвэнцыі ААН 1980 году.

(Лучына: ) “Мы згодныя і гатовыя падпісаць і так званую Атаўскую канвэнцыю пра забарону супрацьпяхотных мінаў. Але у нас ёсьць вельмі шмат фактараў, якія стрымліваюць гэта. На дадзены момант дзейнічае ўведзены ўказам мараторый на выкарыстаньне і продаж супрацьпяхотных мінаў”, — сказаў палкоўнік Лучына.

Паводле ягоных словаў, ёсьць скаладанасьці зь ліквідацыяй перш за ўсё трох з паловай мільёнаў мінаў ПФМ-1 з вадкім напаўняльнікам — кампанэнтамі ракетнага паліва, якія пры выбуху выдзяляюць сінільную кісьліну. Яны вельмі шкодныя экалягічна і дасюль ня вынайшлі спосабу эфэктыўна іх утылізаваць. Нічога ня можа параіць нават расейскі вынаходнік гэтай міны. На такой міне, як паведаміў Сяргей Лучына, падарваўся Шаміль Басаеў.

З другога боку, утылізацыя гэтых мінаў каштуе дорага — разам каля 5–7 мільёнаў даляраў. Беларусь тут разьлічвае на міжнародную падтрымку, удзельнічае ў працы адпаведных міжнародных структураў, найперш Міжнароднай кампаніі ў справе забароны супрацьпяхотных мінаў. Гэтым летам Мінабароны плянуе правесьці публічны паказ зьнішчэньня першай 20-тысячнай партыі супрацьпяхотных мінаў.

Але з падпісаньнем Атаўскай канвэнцыі трэба пасьпяшацца, — лічыць Юры Загумённаў, старшыня аналітычнага Цэнтру “СКАФ”, — адзінай у Беларусі арганізацыі, якая займаецца праблематыкай супрацьпяхотных мінаў.

(Загумённаў: ) “Рэч у тым, што міжнародная супольнасьць пакрысе губляе інтарэс да гэтай праблемы — ужо больш як 140 краінаў падпісалі гэтую канвэнцыю, каля 120 ратыфікавалі. Нам важна пасьпець, пакуль на гэта выдаткоўваюць сродкі. Калі ж будзем марудзіць, то застанемся сам-насам з гэтай праблемай, і нам самім давядзецца думаць, што зь імі рабіць.

Яшчэ некалькі гадоў таму Беларусь была аб’ектам рэзкай крытыкі з боку міжнароднай супольнасьці ў справе забароны супрацьпяхотных мінаў, зараз пэўнае паразуменьне ёсьць”, — лічыць Юры Загуменнаў.

Ён лічыць, што выйсьцем з сытуацыі зь мільёнамі небясьпечных экалягічных мінаў можа быць адкрыты міжнародны тэндэр на зьнішчэньне гэтай зброі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG