Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУЗЫКАНТЫ НЕ ПАСЛУХАЛІСЯ ЯГОРА РЫБАКОВА


Галіна Абакунчык, Менск

Скандальнае рашэньне Ягора Рыбакова забараніць гастрольную паездку Сымфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі ў Італію было прынятае яшчэ напрыканцы мінулага году. Але 24 артысты калектыву на чале з галоўным дырыгентам Анатолем Лапуновым у замежным турнэ насуперак волі Рыбакова ўсё ж пабывалі. А пасьля вяртаньня дадому атрымалі непрыемны сюрпрыз — загад пра пазбаўленьне прэміі за мінулы год.

Гаворыць мастацкі кіраўнік і галоўны дырыгент аркестру Анатоль Лапуноў:

(Лапуноў: ) “Музыкантам зрабілі вымовы. Зьнялі 13-ы заробак — прычым, абсалютна незаконна. На Белтэлерадыёкампаніі ёсьць такое палажэньне, што чалавек, атрымаўшы адміністратыўнае спагнаньне, аўтаматычна пазбаўляецца прэміі за год. Вымова датаваная студзенем гэтага году, невядома на які тэрмін яна распаўсюджваецца, ды й незразумела: за 2002 год у іх ізноў здымуць гэтую прэмію? Гэта тое, супраць чаго паўстае лёгіка элемэнтарная чалавечая”.

На забароненыя кіраўніцтвам гастролі музыканты аркестру накіраваліся на свой страх і рызыку, напісаўшы заяву на адпачынак за ўласны кошт. Небясьпеку трапіць у няміласьць чыноўнікаў у артыстаў пераадолела жаданьне зарабіць, бо сьціплыя аклады ў аркестры складаюць усяго 60–90 тысяч рублёў. А галоўнае — артысты імкнуліся выпрабаваць свой творчы патэнцыял і знайсьці доўгатэрміновы праект супрацоўніцтва зь вядомымі опэрнымі сьпевакамі ў найлепшых канцэртных залях Эўропы. Гавораць музыканты аркестру:

(Музыкантка: ) “Для мяне як для канцэртмайстара гэта былі вельмі важныя гастролі. І мы паказалі неблагі ўзровень працы са сьпевакамі Італіі й іншых краінаў. Мы доўга рэпэтавалі й не маглі падвесьці італьянскіх артыстаў з прычыны нейкіх там бюракратычных момантаў. Мы канечне ж рызыкавалі, але чыста па-чалавечы мы не маглі паступіць інакш”.

(Музыкант: ) “Нават, як нам сказалі, пад пагрозай быў адпачынак і аздараўленьне чарнобыльскіх дзяцей у Італіі. Таму мы вырашылі ехаць нягледзечы ні на што. Кіраўніцтва стварыла гэтую праблему. Усплыла гішпанская паездка, у якой былі зацікаўленыя некаторыя асобы”.

Менавіта асабістай каньюнктурнай зацікаўленасьцю кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі, радыё ў прыватнасьці, Анатоль Лапуноў тлумачыць цяперашні канфлікт з аркестрам. Каб не губляць часу на падрабязнасьці, скажу толькі, што былы кіраўнік радыё Ўладзімер Ядранцаў і дырэктар Дырэкцыі аб’яднаньня музычных праграмаў спадар Ціханаў, на той жа самы час заплянавалі гастролі аркестра ў Гішпаніі — вельмі ня зручныя для артыстаў, але выгадныя для кіраўніцтва.

Гаворыць Анатоль Лапуноў:

(Лапуноў: ) “У Ядранцава, сын якога быў прыцягнуты да праекту як перакладчык, мэркантыльнасьць існавала. Думаю, што асабіста былі зацікаўленыя й іншыя асобы. Што да кіраўніцтва дырэкцыі, то гэта некампэтэнтныя людзі, якія ня маюць ні досьведу працы з замежнымі імпрэсарыё, ні чалавечага досьведу для такой працы. Таму атрымаўся такі ляпсус”.

У першыя дні сьнежня дырыгент аркестру даслаў Ягору Рыбакову дакладную запіску з прапановай адмяніць загад пра пазбаўленьне музыкантаў прэміі. Апрача таго, Анатоль Лапуноў зьвярнуўся ў камісію па працоўных спрэчках Белтэлерадыёкампаніі з просьбай разгледзець канфлікт. Рэакцыі “зьверху” на ягоныя звароты пакуль не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG