Як паведаміў начальнік аддзелу эканамічных злачынстваў сьледчага ўпраўленьня Міхаіл Загорскі, дырэктару Кірыкаву выставілі абвінавачаньне паводле артыкулу 424, часткі 3 Крымінальнага кодэксу — злоўжываньне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі, што прывяло да цяжкіх наступстваў. Артыкул прадугледжвае пакараньне ажно да васьмі гадоў турэмнага зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.
Сьледчае ўпраўленьне лічыць, што дырэктар Кірыкаў сьвядома падпісаў кантракт на пастаўку мэблевых набораў у Нямеччыну і тым самым зрабіў страты прадпрыемству на 87 мільёнаў рублёў. Прынамсі, гэта зафіксавана ў акце праверкі радыёзаводу камісіяй дзяржкантролю.
Намесьніца дырэктара заводу ў эканамічных пытаньнях Антаніна Яжова ніяк ня можа пракамэнтаваць згаданую суму нібыта нанесеных стратаў у выніку заключэньня кантракту з замежнай фірмай. Пра такія страты спадарыня Яжова наогул нічога ня ведае, і зараз са спэцыялістамі высьвятляе, наколькі абгрунтаваная лічба стратаў — 87 мільёнаў рублёў.
Сьледчае ўпраўленьне вывучае фінансавыя дакумэнты радыёзаводу. Цалкам магчыма, што ізаляцыяй дырэктара Кірыкава справа не завершыцца.
Дарэчы, з-за арышту кіраўніка пераносіцца на больш позьні час і прызначаная на заўтра прафсаюзная канфэрэнцыя радыёзаводу, якая мелася абмеркаваць ня толькі цяжкую эканамічную сытуацыю на прадпрыемстве, але і ўзьняць пытаньне пра давер кіраўніцтву ў сувязі зь вялікай запазычанасьцю па заробку і немагчымасьцю разьлічыцца з калектывам ўласнымі сродкамі.
Акурат напярэдадні Новага году радыёзавод узяў чарговы крэдыт на выплату рабочым заробку за верасень, кастрычнік і лістапад. Агульны крэдытны доўг заводу перавысіў 700 мільёнаў рублёў. Тым ня менш, зараз старшыня прафкаму радыёзаводу Васіль Сьцепанцоў лічыць, што арыштам дырэктара завод толькі зганьбілі.