Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ – ЭКСПАНСІЯ ТАННЫХ РАСЕЙСКІХ ПРАДУКТАЎ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Ад самага ранку на полацкіх кірмашах зьбіраюцца людзкія натоўпы ды чакаюць падвозу сьвежага хлебу. Яго рэгулярна падвозяць з Новасакольнікаў — мястэчка Пскоўскай вобласьці, што месьціцца ў 150 кілямэтраў ад Полацку. Чаму палачане аддаюць перавагу расейскаму хлебу, мы спыталі ў адной з пакупніц.

(Пакупніца: ) “Гэты лепей — добра прапечаны. І бохан каштуе 300 рублёў, а наш 430”.

Заўважым, што насамрэч розьніца ў кошце полацкага і расейскага жытняга хлеба не такая ўжо і вялікая. Новасакольніцкія пекары ўжываюць адмысловую рошчыну, хлеб у іх атрымліваецца пухнаты, боханы па аб’ёму рыхтык такія ж, як полацкія, аднак важаць на 150 грамаў меней. У рэальным пераліку бохан расейскага хлеба таньней усяго на 60 рублёў, але для тых жа пэнсіянэраў і гэта грошы, і яны гатовыя гадзінамі стаяць у чэргах па хлеб.

Летась расейскія хлеба-булачныя вырабы рэалізаваліся толькі ў адной гандлёвай кропцы, цяпер жа іх продаж ажыцьцяўляецца зь пяцёх перасоўных фургонаў, пры гэтым агульны аб’ём рэалізацыі складае 8 тонаў на дзень. Дзеля параўнаньня: хлеба полацкай выпечкі рэалізуецца ў дзень 18 тонаў.

Такім чынам, практычна траціна хлебнага рынку апанаванае расейскімі вытворцамі, а непасрэдна пастаўкай хлебу на рынак займаюцца полацкія прадпрымальнікі, маючы на гэта адпаведныя ліцэнзіі. Дарэчы сказаць, рэалізацыя расейскага хлеба — справа надзвычай прыбытковая, калі ўлічыць, што гуртавая адпускная цана бохану айчынныга жытняга хлеба складае 347 рублёў, а расейскага ўсяго толькі 207. Такім чынам, расейскі бохан таньней нашага ў 1,7 раза.

Што ж робіцца ў такой сытуацыі дзеля абароны айчыннага вытворцы? Пэўныя захады робяцца. Так, урад забараніў беларускім хлебазаводам набываць высокаякасную муку расейскай вытворчасьці, што, адпаведна, адбіваецца на якасьці прадукцыі. І ў той жа час, як бачым, з дазволу ўладаў, ажыцьцяўляецца масавы завоз сьвежага хлеба з Расеі. У выніку такіх захадаў Полацкі хлебазавод зьнізіў летась, у параўнаньні з папярэднім годам, аб’ёмы вытворчасьці на 24%.

І апошняе: пякарня ў Новасакольніках, якая належыць тамтэйшаму райспажыўсаюзу, зазнала нядаўна карэнную рэканструкцыю, а на Полацкім хлебазаводзе галоўная печ працуе без замены і рэканструкцыі ад 1951 году.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG