Працяглы ізраільска-палестынскі канфлікт ды беспрэцэдэнтная актывізацыя тэрарыстаў-самагубцаў вымушаюць людзей перагледзець свае пляны на пэрспэктыву далейшага існаваньня ў непрадказальным . І гэта зразумела, бо ніхто ня хоча апынуцца выпадковым аб’ектам нападу шалёнага фанатыка. Таму ўпершыню за апошнія дзесяцігодзьдзі Ізраіль сутыкнуўся з нечаканай тэндэнцыяй: цэлыя сем’і ад’яжджаюць далей ад зоны канфлікту і (яшчэ нядаўна) краіны ўсеагульнага дабрабыту.
Днямі ў Рызе я сустрэўся з былым амбасадарам Латвіі ў Беларусі Янісам Лоўніксам. Цяпер спадар Лоўнікс прадстаўляе інтарэсы сваёй краіны ў Ізраілі. На тэму, так бы мовіць, рээміграцыі загаварылі амаль адразу. Натуральна, я пацікавіўся ягонай ацэнкай падзеяў у рэгіёне.
(Лоўнікс: ) “Людзі жывуць у пастаянным стрэсавым стане. Таму нельга іх асуджаць, калі яны шукаюць больш спакойнае асяродзьдзе. Тэндэнцыя такая ўжо ёсьць, людзі шукаюць магчымасьць ад’ехаць. У нас такая інфармацыя ёсьць, бо пастаянна йдзе абмеркаваньне з прадстаўнікамі акрэдытаванага тут дыпляматычнага корпусу. Калі удасца спыніць крайнія настроі, якія зараз пераважаюць над мірным працэсам, то сітуацыя магчыма стабілізуецца, людзі застануцца на мейсцы. Але калі не – распачнецца працэс і на палестынскай тэрыторыі (а там таксама шмат выхадцаў з былога Саюзу), будзе адток і адтуль. Калі дагэтуль чалавек жыў у адной з рэспублікаў СССР, нельга выключаць варыянт ягонага вяртаньня назад.”
Дыплямат упэўнены, што масаваму ад’езду з зоны канфлікту перашкаджае тое, што ня кожны рызыкне кінуць маёмасьць нават перад пагрозай для ўласнага жыцьця.
(Лоўнікс: ) “Працэс перамяшчэньня людзей на вялікія адлегласьці складаны найперш фінансава. Па-другое, зьмена асяродзьдзя не заўсёды добра адбіваецца на дзецях. Нарэшце, працаўладкаваньне, бо на чале ўсяго – фінансавы стан чалавека; якім чынам ён можа забясьпечыць свой побыт, сваю сям’ю.
Ізраіль пры тым мае вялізны патэнцыял. Да пачатку інтыфады ў краіне быў сур’ёзны эканамічны рост. Зараз вельмі моцнае падзеньне ў чатырох сфэрах: турызам, капітальнае будаўніцтва, высокія тэхналёгіі і сельская гаспадарка.”
Інфармацыі пра вяртанцаў у Беларусь пакуль няма. Адзін з маіх знаёмых, якому я затэлефанаваў у Тэль-Авіў сказаў, што апынуўся пасярод складанай дылемы. Заставацца тут надалей і штодзённа рызыкаваць жыцьцём, альбо вярнуцца на радзіму і паспрабаваць пачаць жыцьцё ад нулю? Апасеньні за сям’ю і ў тэорыі дастаткова беспраблемны пераезд у Беларусь зьмяняецца пытаньнем: на якія сродкі існаваць? Гэткія ж настроі лунаюць і сярод людзей сталага веку.
Адзін зь кіраўнікоў аб’яднаньня выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі Макс Казінец кажа, што страх мяжуе побач з невядомасьцю перад даўно пакінутай краінай.
(Казінец: ) “Страшна, натуральна. Вельмі страшна, калі гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі.”
(Кар.: ) “На ваш погляд, ці ёсьць тэндэнцыя да вяртаньня людзей у тыя краіны, якія яны некалі пакінулі?”
(Казінец: ) “Беларускія габрэі застаюцца жыць на сьвятой зямлі. Але прыклады ёсьць. Зьяжджаюць нават карэнныя ізраільцы. Такіх я сустракаў у Лёндане, у Амэрыцы. Што тычыцца Беларусі... 25 даляраў на месяц, што атрымліваюць у Беларусі... Пра такія заробкі мы даўно забыліся...”
(Кар.: ) “Мажліва, людзі вяртаюцца не ў Беларусь, а едуць ў заможныя краіны – ЗША, Канаду?”
(Казінец: ) “Ведаеце, каб ад’ехаць, трэба мець вялікія грошы. Другое – ёсьць маса іншых прычынаў. Прывязанасьць да гэтай зямлі, многія маюць тут добрыя дамы, працуюць. Тут дзеці, унукі. Як усё кінуць?
Няма міру. Калі б быў мір, лепшай зямлі ў сьвеце, чым Ізраіль, не існуе. Так, няма міру, і гэта самае страшнае. Людзі баяцца, што будуць выбухі, што будуць тэракты. Дарэчы, гэта характэрна ня толькі для Ізраілю. У Амэрыцы пасьля 11 верасьня таксама людзям страшна.”
(Кар.: ) “Ці бачыце вы верагоднасьць нармалізацыі жыцьця і Ізраілі?”
(Казінец:) “Вельмі складаная праблема. Але выйсьць натуральна ёсьць. Калі? Ня ведаю. Магчыма, нашыя дзеці, унукі будуць жыць у мірнай краіне. Але натуральна праблема гэта вельмі вострая.”
Які выбар зробіць кожны, хто ўжо аднойчы стаяў перад дылемай: ад’яжджаць у Ізраіль ці не – гэта справа глыбока індывідуальная. Але наўрад ці, зьбягаючы ад неабвешчанай вайны на сьвятой зямлі, гэтыя людзі змогуць знайсьці спакой у такой жа непрадказальна й Беларусі. Мо таму габрэйскія шляхі й месьцяцца далёка ў баку ад краіны свайго нараджэньня.