Спачатку меркавалася наладзіць першы паказ гэтае стужкі ў Саюзе кампазытараў, але пасьмяротная слава Глебава, аўтара музыкі да шмат якіх мастацкіх фільмаў, а таксама балетаў, дагэтуль выклікае надта моцную зайздрасьць з боку былых калегаў з кіраўніцтва Саюзу кампазытараў.
Галерэя менскага Інстытуту Гётэ наладзіла выставу фотамастака Ўладзімера Парфянка “Непраўдзівыя факты зь месца падзеяў”. Творы Парфянка аб’ядноўвае сумнеў у здольнасьці фотаплёнкі й самога чалавечага розуму праўдзіва адлюстраваць навакольную рэчаіснасьць. Здымкі рабіліся ў некалькіх краінах Эўропы, і ў ніводнай зь іх мастак не знайшоў краявідаў, якія не выглядалі б аптычным падманам зроку.
У Менскім абласным драматычным тэатры, што месьціцца ў Маладэчне, прайшла юбілейная вечарына народнае артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч. Стала Захарэвіч працуе ў Купалаўскім тэатры, але шмат робіць і для абласнога драмтэатра: паставіла як рэжысэр у Маладэчне два спэктаклі (“Апошняя ахвяра” паводле п’есы Астроўскага й “Характары” паводле Шукшына), а ў спэктаклі “Чорная нявеста” паводле Ануя выконвае адну з галоўных роляў. На юбілейнай вечарыне Марыі Захарэвіч быў паказаны спэктакль “Апошняя ахвяра”.
З 14 студзеня Беларускае тэлебачаньне пачне трансьляцыю дзьвюх новых праграмаў, прысьвечаных архітэктурным помнікам і шэдэўрам беларускіх музэяў. Першы выпуск праграмы “Наша спадчына” мае распавесьці пра гісторыю палацу Радзівілаў у Нясьвіжы, а сюжэтамі першых выпускаў праграмы “Музэум” будуць слуцкія паясы, партрэты з музэю Ваньковічаў, экспанаты Нясвіскай карціннай галерэі. Сталічны тэлеканал таксама рыхтуе два цыклі культурніцкіх перадачаў: “Несьмяротныя радкі” пра шэдэўры паэзіі і “Вечная музыка” пра музычную клясыку.
У Музэі сучаснага мастацтва адчынілася рэтраспэктыўная выстава найбольш вядомага беларускага фатографа-канцэптуаліста Ігара Саўчанкі. Больш адпаведны кантэкст для гэтай выставы быў бы ў гістарычным музэі: пераважныя сюжэты здымкаў — савецкія краявіды й інтэр’еры, ананімныя тыпажы калгасьнікаў і чырвонаармейцаў. Ад сябе аўтар выставы дадаў да гэтых старых фатаграфіяў толькі парадаксальныя подпісы, некаторыя зь якіх ператварыліся ў кароткія аповесьці. 60 зь 200 экспанаваных здымкаў Саўчанка вырашыў падарыць музэю.
У культурным цэнтры “Юнацтва” прайшоў фэстываль экспэрымэнтальнага мастацтва “Суп-культура”, які наладзілі прадстаўнікі наймалодшага пакаленьня менскага андэрграўнду. Сярод іншых у фэсьце ўзялі ўдзел музычныя гурты “Голая манашка”, “Нагуале” й “Псыхоз”, карыкатурысты й графітысты, дэбютанты пэрформансу й боды-арту. Найбольш вядомыя з удзельнікаў — гурт “Засралі казарму” на чале з паэтам Віктарам Жыбулям — выканалі шумавую сымфонію пад назовам “Так сканала цывілізацыя кібэрмутантаў”.