Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ РАСЕЙЦАМ БЫЛО ЦЯЖКА Ў ЧАЧНІ


Юры Дракахруст, Прага

Тэрарыстычная атака на Нью-Ёрк і Вашынгтон адбылася дакладна праз два гады і адзін тыдзень пасьля таго, як ў Маскве выбухі зьнішчылі чатыры жылыя дамы. ЗША пачалі антытэрарыстычную апэрацыю ў Афганістане дакладна праз два гады і адзін тыдзень пасьля таго, як Расея пачала сваю другую чачэнскую кампанію.

І Расея і ЗША ў сваіх баявых апэрацыях сутыкнуліся з супрацівам мясцовых узброеных груповак і замежных баевікоў – піша Мoskow Тimes. Гэтыя сілы былі праявамі падобных формаў іслямскага экстрэмізму, яны падтрымліваліся аднымі і тымі ж асобамі і арганізацыямі з-за мяжы, Талібан і чачэнскія паўстанцы падтрымлівалі адны адных, Усама Бін Лядэн падтрымліваў і тых і іншых.

Але на гэтым падабенства сканчаецца – адзначае аўтар Мoskow Тimes. На працягу двух гадоў Расея ўсё глыбей правальвалася ў чачэнскую дрыгву. На працягу двух месяцаў ЗША дасягнулі большасьці сваіх мэтаў у Афганістане.
“Адрозьненьні”, - піша газэта – пачаліся адразу ж пасьля тэрарыстычных атакаў у абедзвюх краінах. Расейсцы адразу ж абвінавацілі ў выбухах чачэнцаў, гэтак жа, як ЗША – арганізацыю “Аль Каеда”. Аднак расейскія афіцыйныя прадстаўнікі, як і расейскія мэдыі пачалі дыскрэдытаваць увесь чачэнскі народ.

Гэта наклалася на ўстойлівыя расейскія антыкаўкаскія забабоны. Аднак гэтыя забабоны палітычна і маральна падрывалі расейскую прысутнасьць у Чачні. Як Расея можа даказаць, што чачэнцы ўваходзяць у Расейскую Фэдэрацыю, калі яна ўвесь час ставіцца да іх, як да людзей другога гатунку? - піша Мoskow Тimes.

У той жа час і кіраўнікі ЗША, і амэрыканскія мэдыі аб’яднанымі сіламі супрацьстаялі антыарабскім пачуцьцям. Яны не дапусьцілі пагромаў супраць амэрыканскіх арабаў і падкрэсьлівалі, што дзеяньні ЗША не накіраваныя супраць ісляму.

Пасьля тэрарыстычнай атакі ЗША правялі велізарную дыпляматычную працу, разьвеіўшы перасьцярогі замежных лідэраў і стварыўшы міжнародную кааліцыю. Амэрыка праводзіла атакі на Афганістан, спрабуючы максымальна пазьбегнуць ахвараў сярод цывільнага насельніцтва і спалучаючы баявыя дзеяньні з прадастаўленьне харчовай дапамогі.

Масква не зрабіла нічога з гэтага. Аўтар Мoskow Тimes адзначае, што на самой справе Расея не скарыстала шэрагу магчымасьцяў. Пасьля заканчэньня першай чачэнскай кампаніі ў 1996 годзе, у Чачні запанавалі бязуладзьдзе і беззаконьне. Тысячы людзей былі захопленыя ў закладнікі. Крымінальныя налеты на суседнія тэрыторыі сталі звычайнаю практыкаю, узроеныя групоўкі з Чачні тройчы спрабавалі захапіць суседні Дагэстан. Аўтар Мoskow Тimes, спасылаючыся на свае дасьледваньні, піша , што большасьць насельніцтва Дагэстану выступаюць за сувязі з Расеяй і разглядаюць Чачню як сур’ёзную пагрозу.

На яго думку, Масква магла растлумачыць сваю пазыцыю ўсясьветнай супольнасьці і знайсьці падтрымку ў самой Чачні, даўшы бясьпеку людзям, што стаміліся ад хаасу.
Аднак расейская кампанія – піша Мoskow Тimes – была жорсткаю і бязладнаю. Спробы выявіць паўстанцаў у мірных раёнах Чачні прыводзілі да рэгулярных парушэньняў грамадзянскіх правоў іх жыхароў. Гэтая тактыка толькі мацавала супраціў і падрывала шанец на атрыманьне Масквою народнай падтрымкі.

Праўда, аўтар Мoskow Тimes адзначае, што варожасьць да Расеі ў Чачні існуе ўжо шмат дзесяцігодьдзяў, чаго не адчувалі ў адносінах да сябе Злучаныя Штаты ў Афганістане. Да таго ж расейскія войскі аказаліся проста не падрыхтаваныя да партызанскай вайны. Нарэшце, Мoskow Тimes піша, што сытуацыя можа пагрошыцца і ў Афганістане, калі пачнуцца канфлікты ўнутры новай улады.

На працягу двух гадоў крытыка з боку Захаду ня надта ўплывала на паводзіны Расеі ў Чачні. Цяпер Захад выкарыстаў іншы мэтад, прадэманстраваўшы Расеі, як можна эфэктыўна вырашаць праблемы, падобныя на чачэнскую. “Магчыма, мы больш дапаможам чачэнцам, калі будзем зьвяртацца да расейцаў з пункту гледжаньня іх уласных інтарэсаў” – такімі словамі завяршае свой артыкул ў Мoskow Тimes Робэрт Уэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG