Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА” РЫХТУЕ СВОЙ ПРАЕКТ ЗАКОНУ АБ АДНОСІНАХ ЗЬ БЕЛАРУСАМІ ЗАМЕЖЖА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўніцтва Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” сёньня арганізавала прэсавую канфэрэнцыю з нагоды пачатку дзейнасьці інфармацыйнага цэнтру. Старшыня рады “Бацькаўшчыны” Алена Макоўская так патлумачыла мэту гэтай інфармацыйнай структуры:

(Макоўская: ) “Грунтоўнай, цэнтралізаванай інфармаванасьці беларускай дыяспары на сёньняшні дзень, на жаль, не стае. Таму беларус у Сургуце ці ў Іркуцку ня ведае, што робіць беларус у Аўстраліі. Тым больш вельмі мала даходзіць інфармацыі зь Беларусі. Таму,дэлегаты Трэцяга зьезду беларусаў сьвету вырашылі, што “Бацькаўшчына” мусіць стаць інфармацыйным цэнтрам. Перш за ўсё каб злучыць іх у адзіную інфармацыйную прастору, каб наладзіць сталыя стасункі між арганізацыямі беларускай дыяспары, а па-другое — зламаць той інфармацыйны бар’ер, які на сёньняшні дзень існуе паміж Беларусьсю й беларускай дыяспарай”.

Інфармацыйны цэнтар “Бацькаўшчыны” ўжо выпусьціў некалькі тэматычных дайджэстаў для беларусаў замежжа, а таксама нумар інфармацыйнага бюлетэня “Беларусы ў сьвеце”. Цяпер ствараецца база зьвестак беларускай нацыянальнай спадчыны за мяжой (беларускія арганізацыі, цэрквы, навучальныя ўстановы, музэі й г.д.). Усю гэтую інфармацыю хутка можна будзе прачытаць у Інтэрнэце: www.zbsb.org.

Апошні час улады не перашкаджаюць, але й ніяк не падтрымліваюць дзейнасьць “Бацькаўшчыны”. На думку кіраўніцтва згуртаваньня, яны спрабуюць раскалоць беларускую дыяспару найперш у Расеі, Украіне й Малдове, дзе ствараюцца новыя быццам бы беларускія арганізацыі, якія падтрымліваюць палітыку Аляксандра Лукашэнкі, скіраваную на аб’яднаньне з Расеяй.

Улады нават плянавалі правесьці ў лістападзе мінулага году г.зв Кангрэс суайчыньнікаў, альтэрнатыўны Зьезду беларусаў сьвету. Афіцыйны Менск ініцыяваў стварэньне ў Расеі 35 новых ляяльных да ўладаў беларускіх арганізацыяў, большасьць зь якіх ужо фактычна спынілі дзейнасьць. Прэзыдэнт згуртаваньня Анатоль Грыцкевіч і сяброўка рады Галіна Сяргеева лічаць, што арганізацыі, якія ствараюцца на патрэбы палітычнай каньюнктуры, ня могуць быць трывалымі.

Цяпер Камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў ды іншыя дзяржаўныя ўстановы распрацоўваюць праект закону “Пра суайчыньнікаў”, які амаль цалкам сьпісаны з адпаведнага расейскага закону. Але ж Расея шматнацыянальная дзяржава, і суайчыньнікам там лічыцца чалавек любой нацыянальнасьці, які паходзіць з абшараў фэдэрацыі. Гаворыць Галіна Сяргеева:

(Сяргеева: ) “Нашыя суайчыньнікі за мяжой — гэта ня толькі беларусы, якія выехалі адсюль, але гэта й габрэі, літоўцы, палякі, украінцы, расейцы — усе тыя, хто выехаў адсюль. Але ж калі расеец выехаў у Расею, то ён паехаў дадому. Калі габрэй вярнуўся на сваю гістарычную радзіму, ён уключаецца ў культурнае, грамадзкае, палітычнае, усялякае іншае жыцьцё сваёй дзяржавы. А што беларус за мяжой, што ў яго? Толькі адна гэтая Беларусь. У Расеі зусім іншы кантэкст — Расея шматнацыянальная, і выхадцаў з Расеі шмат. Я ня ведаю, наколькі гэта разумна для Беларусі — прымаць такі закон”.

Прадстаўнікі “Бацькаўшчыны” лічаць, што ў Беларусі павінен быць прыняты закон не пра суайчыньнікаў, а менавіта пра беларусаў. Цяпер юрысты Згуртаваньня распрацоўваюць свой праект гэтага закону, які яны зьбіраюцца перадаць у “палату прадстаўнікоў”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG