Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ НЯ ХОЧА РЭАГАВАЦЬ НА КРЫТЫКУ З БОКУ АФІЦЫЙНАГА МЕНСКУ


Юры Сьвірко, Менск

Міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў выказаў меркаваньне, што мандат КНГ АБСЭ ў Менску будзе перагледжаны. Паводле яго, гэтае пытаньне пастаўленае беларускім бокам і “нейкім чынам будзе разгледжанае сакратарыятам АБСЭ да канца студзеня бягучага году”.

Але афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС Андрэй Савіных заявіў:

(Савіных: ) “Пакуль ня будзе, скажам так, вызначана — мандат можа й не мяняцца. То бок справа ўся ў тым, што ў АБСЭ шэраг працэдураў, скажам так, кожны разумее па-свойму. Няма зусім дакладных правілаў працэдуры. І таму трэба вызначыцца з разуменьнем тае ролі, якую будзе адыгрываць КНГ АБСЭ ў Беларусі”.

А міністар Хвастоў нават заявіў, што “ніякіх умоваў АБСЭ як арганізацыя ставіць ня мусіць”. Варта нагадаць, што менавіта АБСЭ сфармулявала чатыры вядомыя ўмовы для правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі, а потым канстатавала, што гэтыя крытэры не былі выкананыя.

Шэф беларускае дыпляматыі таксама сказаў, што АБСЭ мусіць больш цікавіцца эканамічнымі пытаньнямі, бясьпекай і супрацоўніцтвам, “а не канцэнтраваць сваю ўвагу толькі на гуманітарных пытаньнях правоў чалавека”.

Міхаіл Хвастоў сказаў “Інтэрфаксу”, што з прычыны прыярытэтнасьці правоў чалавека АБСЭ як арганізацыя яшчэ не знайшла сябе ў рэгіёне або не падзяліла сфэры адказнасьці найперш з НАТО, Радай Эўропы ды Эўразьвязам.

Адметна тое, што з усіх пералічаных арганізацыяў Беларусь уваходзіць толькі ў АБСЭ, але яе ж найбольш і крытыкуе.

Дарэчы, заўтра, 10 студзеня, дзейны старшыня АБСЭ партугальскі міністар замежных справаў Жаймэ Гама сустрэнецца ў Лісабоне зь міністрам замежных справаў Гішпаніі, якая старшынюе ў Эўразьвязе, і генэральным сакратаром НАТО. Ня выключана, што прадстаўнікі гэтых трох міжнародных арганізацыяў абмяркуюць і сытуацыю ў Беларусі пасьля леташніх выбараў.

На крытыку Міхаіла Хвастова на адрас усяе АБСЭ ейная штаб-кватэра ў Вене вырашыла не рэагаваць. Вось як адказаў на маю просьбу пракамэнтаваць заявы спадара Хвастова прадстаўнік інфармацыйнага аддзелу АБСЭ Алекс Ніцшэ:

(Ніцшэ: ) “Мы не ўступаем у дыялёг такога кшталту. Гэта ня ёсьць тым, што мог бы пракамэнтаваць сакратарыят АБСЭ”.

Спадар Ніцшэ зазначыў, што ў венскай штаб-кватэры АБСЭ ведаюць пра заклапочанасьць вакансіяй кіраўніка беларускае групы АБСЭ, што выказаў у інтэрвію Радыё Свабода каардынатар партугальскага старшыняваньня ў гэтай арганізацыі Жааньё Роза Ла.

(Ніцшэ: ) “Я бачыў вашае інтэрвію з прадстаўніком партугальскага міністэрства замежных справаў. У прынцыпе мы ня можам шмат дадаць да гэтага”, — заявіў Алекс Ніцшэ з аддзелу прэсы й публічнай інфармацыі АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG