Паводле распараджэньня старшынi Берасьцейскага аблвыканкаму Васiля Даўгалёва, выкарыстаньне гаруча-змазачных матэрыялаў павiнна жорстка рэглямэнтавацца.
Прычым, гэта тычыцца ня толькi калгасаў, але i прыватнага сэктару. Фэрмэры, а таксама ўладальнiкi асабiстых трактароў i грузавых аўтамабiляў абавязаныя будуць захоўваць усе дакумэнты, якiя б пацьвярджалi, што палiва набытае на законных падставах. Дакумэнт павiнен утрымлiваць прозьвiшча гаспадара транспартнага сродку i назву арганiзацыi, дзе ён набыў палiва. Кантраляваць наяўнасьць гэтых дакумэнтаў дазволена супрацоўнiкам дзяржаўтаiнспэкцыi, падатковых органаў, iнспэкцыi дзяржаўнага тэхнiчнага нагляду.
У аблвыканкаме сьцьвярджаюць, што гэтае распараджэньне ставiць заслону спробам прыватных асобаў набыць палiва ў калгасах i дазволiць папярэдзiць крадзеж нафтапрадуктаў. Паводле афiцыйных зьвестак, сытуацыя з палiвам на Берасьцейшчыне вельмi складаная. Калi раней зiмой калгасы былi здольныя назапашваць частку палiва, неабходнага да веснавой сяўбы, дык сёлета гэтай магчымасьцi няма.
Цяперашнi стан сельскай гаспадаркi штурхае вяскоўцаў на злачынствы: для калгасьнiкаў, якiя своечасова не атрымліваюць заробак, продаж скрадзенага палiва — ледзь не адзiны спосаб атрымаць жывыя грошы. Кiраўнiцтва калгасаў вымушанае ўлiчваць гэтыя абставiны i не карае вiнаватых, бо квалiфiкаваных кадраў у вёсках не хапае.
Зараз, як вынiкае з аблвыканкамаўскага распараджэньня, увесь цяжар адказнасьцi пакладзецца на асобаў, якiя набываюць калгаснае палiва. Кiраўнiкам мясцовай вэртыкалi загадана асабiста азнаёмiць са зьместам распараджэньня фэрмэраў i прыватных уладальнiкаў cельгастэхнiкi.
Крадзеж нафтапрадуктаў набывае буйныя масштабы ня толькi ў вёсках. Супрацоўнiкi праваахоўчых органаў сёньня паведамiлi пра крымiнальныя справы, распачатыя супраць двух рабочых Берасьцейскага машынабудаўнiчага заводу. Цягам двух апошнiх гадоў яны скралi 1 826 лiтраў дызэльнага палiва. Аналягiчныя праверкi адбываюцца зараз i на iншых прадпрыемствах вобласьцi.