Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНАТОЛЬ КЛЯШЧУК ПРА АТРЫМАНУЮ АД ЛУКАШЭНКІ ПРЭМІЮ


Валянціна Аксак, Менск

Яшчэ 22 асобы атрымалі спэцыяльныя прэміі спадара Лукашэнкі за творчыя дасягненьні ў мінулым годзе. У ліку іх і вядомы беларускі фотажурналіст Анатоль Кляшчук, які адным зь першых стаў фатаграфаваць дзеячаў беларускае эміграцыі. Адметна, што дагэтуль такія прэміі атрымлівалі толькі асобы, ляяльныя да палітыкі Лукашэнкі.

Маё першае пытаньне да Анатоля Кляшчука, уганараванага спэцыяльнай прэміяй спадара Лукашэнкі, было пра тое, як ён успрыняў сам факт прысуджэньня яму гэтае прэміі. Вось што ён адказаў:

(Кляшчук: ) “Сумненьні былі, па-першае, ці дадуць яе. Хадзілі толькі чуткі пра тое, ці будзе яна, ці ня будзе. Думалася, што наўрад ці я яе варты і наогул такое магчыма. Мяне нехта вылучаў, за мяне змагаліся, хацелі, каб я яе атрымаў. Вядома, я ня мог падвесьці тых людзей, якія палічылі, што я варты атрымаць прэмію”.

На атрыманьне прэміі яго вылучыла Міністэрства інфармацыі, а падтрымаў калектыў газэты “Звязда”, у якой Анатоль Кляшчук працуе. А якія пачуцьці ён меў непасрэдна ў момант атрыманьня прэміі з рук спадара Лукашэнкі?

(Кляшчук: ) “Нармальныя пачуцьці былі. Я думаў, што буду моцна хвалявацца — нешта такое было, канечне, — гэта натуральна. На мяне болей узьдзейнічае прысутнасьць вялікай колькасьці людзей, калі я мушу выходзіць на сцэну, бо для мяне гэта незвычайна, тады я хвалююся. А ў астатнім… Я фотажурналіст, даводзілася здымаць і не такое без хваляваньня. Чаму ж хвалявацца тут?”

Апошняе маё пытаньне да ляўрэата спэцыяльнае прэміі спадара Лукашэнкі было пра тое, ці ня лічыць ён, што атрыманьне гэтае прэміі нэгатыўна паўплывае на ягоныя далейшыя стасункі з героямі ягоных фотатвораў, якімі ёсьць знаныя дзеячы беларускае эміграцыі.

(Кляшчук: ) “Я думаю, што не. Мяркую, што прэмія ўручаецца за прафэсіяналізм, за добрую працу. Мяне ацэньвае эміграцыя; мне падалося дзіўным, але вось ацаніў прэзыдэнт. Лічу, што ў першую чаргу тут праца ацэненая. Нічога не баюся, бо і надалей буду працаваць гэтак жа, прафэсійна рабіць сваю справу, а за гэта можа быць толькі павага”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG