Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ЛЕПШ – ДАЧАСНА ПАСТАРЭЦЬ ЦІ ЗАХВАРЭЦЬ НА РАК?


Сяргей Шупа, Прага

Усё пачалося з таго, што восем гадоў таму дасьледнікі ракавай лябараторыі коледжу Бэйлар праводзілі досьледы на мышах. У прыватнасьці яны паспрабавалі выгадаваць мышэй з паніжаным утрыманьнем пратэіну п53, які адыгрывае найважнейшую ролю ў абароне арганізму ад ракавых пухлінаў. Аднак адбылася памылка, і выпадкова былі створаныя мышы са звышактыўнай дозай згаданага пратэіну. Расчараваныя навукоўцы падумалі, што бедныя жывёліны нічым не дапамогуць ім у ракавых дасьледаваньнях, і засунулі іх у нейкі глухі кут лябараторыі.

Раз-пораз дасьледнікі наведвалі няўдалых мышэй і адзначалі, што ў ніводнага з мутантаў не заўважалася ніякіх праяваў ракавых захворваньняў. Што было й ня дзіўна, улічваючы ўзьдзеяньне пратэіну п53. Так працягвалася да той пары, калі раптам адзін з супрацоўнікаў лябараторыі не прамовіў словы: «Гляньце, гэтыя мышы зусім старыя!» Кіраўнік лябараторыі Лорэнс Дангаўэр прызнаўся, што гэтыя словы прагучалі як выбух бомбы. Разабрацца з тым, што адбываецца было даручана маладому дасьледніку Сьцюарту Тайнэру, той правёў з мутантамі падрабязныя тэсты, якія пацьвердзілі тое, што й так было відаць голым вокам: мышы старэюць з гадзіны на гадзіну.

У тым самым веку, калі нармальныя мышы выглядаюць цалкам здаровымі й спраўнымі, косткі мутантаў зрабіліся крохкімі і порыстымі, у іх павыросталі гарбы, у іх пачала выпадац поўсьць, мускулы ды іншыя часткі цела сьціснуліся. Яны пачалі страчваць вагу. У іх цяжка гаіліся раны. Калі ім давалі звычайную дозу абязбольнікаў, ад якой звычайным мышам не рабілася ніякай бяды, яны задзіралі лапы дагары і паміралі.

Ніводная з мышэй мутантаў ня мела ніякіх азнакаў раку, і разам з тым яны жылі ў сярэднім па 96 тыдняў, тым часам як сярэдні век нармальнай мышы складае 118 тыдняў. Выснова была відавочная: павышаная адпорнасьць да раку каштавала ім скарачэньня жыцьця на 20 працэнтаў.

Вынікі згаданага дасьледаваньня паставілі перад навукоўцамі новыя пытаньні. Ці спробы запаволіць працэс старэньня ­ напрыклад, распрацоўкі нейкіх адмысловых лекаў супраць старэньня – ня спрычыняць павелічэньне захворваньняў на рак? Ці лячэньне раку ў маладых людзей ­ напрыклад, з выкарыстаньнем хематэрапіі – ня створыць небясьпекі заўчаснага старэньня? Спэцыялісты прызнаюць, што над гэтымі пытаньнямі раней ніхто грунтоўна не задумваўся.

Надрукаваныя ў часапісе Nature вынікі навуковай справаздачы пацьвярджаюць гіпотэзу, што чалавечы арганізм захоўвае пэўны балянс паміж абаронай ад раку і старэньнем, якія можна лічыць нібы двума бакамі адной манэты: зашмат пратэіну п53 – і вы заўчасна старэеце, замала – і вы захворваеце на рак. Застаецца быць удзячным мудрасьці эвалюцыі, якая знайшла і захоўвае неабходную раўнавагу.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG