Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТЭРМІН ПРЫЕЗДУ Ў МЕНСК АДМЫСЛОВАЙ ДЭЛЕГАЦЫІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ ЭЎРОПЫ ДАГЭТУЛЬ НЯ ВЫЗНАЧАНЫ


Уладзімер Глод, Менск

Зімовая сэсія Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы распачнецца 21 студзеня. Летась, у лістападзе, на выязным паседжаньні Палітычнага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі ў Вільні, дзе сярод іншых абмяркоўвалі й беларускае пытаньне, вырашылі накіраваць у Беларусь адмысловую дэлегацыю, якая б да пачатку сэсіі ў Страсбургу выказала сваё бачаньне палітычнай сытуацыі ў Беларусі.

Першапачаткова меркавалі, што гэтая дэлегацыя наведае Менск напрыканцы мінулага году, потым сталі казаць пра першую дэкаду 2002-га. Але да гэтага часу канкрэтны тэрмін наведваньня Беларусі дэпутатамі Парлямэнцкай Асамблеі ня вызначаны. Больш таго, невядома, хто ўвойдзе ў гэтую групу.

Падобна, што беларускае пытаньне на фоне кадравых пераменаў у кіраўніцтве Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ня ёсьць самым важным. Справа ў тым, што на гэтай сэсіі мяркуецца адстаўка з пасады кіраўніка ПА РЭ лорда Расэла-Джонстана, чые паўнамоцтвы заканчваюцца.

Найбольш верагодны ягоны пераемнік — кіраўнік аб'яднанай фракцыі сацыял-дэмакратаў Парлямэнцкай Асамблеі Пэтэр Шыдэр з Аўстрыі. Калі гэтая кадравая ратацыя адбудзецца, то аўтаматычна пацягне за сабою замену і старшыні палітычнага камітэту — добрага знаўцы беларускай праблематыкі Тэры Дэйвіса зь Вялікабрытаніі.

Справа ў тым, што статут забараняе, каб усёй Парлямэнцкай Асамблеяй і галоўным яе камітэтам, якім ёсьць палітычны, адначасова кіравалі прадстаўнікі адной і той жа фракцыі. Узьнікае пытаньне: хто стане пераемнікам спадара Дэйвіса.

Гэтыя кадравыя праблемы займаюць зараз дэпутатаў Парлямэнцкай Асамблеі. На гэтым фоне ня выключана і такое разьвіцьцё падзеяў, пры якіх дэлегацыя ПА да пачатку сэсіі ўвогуле не прыедзе ў Беларусь.

Таму паведамленьне пра тое, што пэрспэктывы разьвіцьця адносінаў паміж Беларусьсю і ПА Рады Эўропы будуць разглядацца 18-20 студзеня ня ў Менску, а ў Бэрліне, выглядае вельмі праўдападобна. Менавіта ў сталіцы Нямеччыны адбудзецца міжнародная канфэрэнцыя ў справах Беларусі, у якой запрасілі ўдзельнічаць прадстаўнікоў палітычнай апазыцыі, “палаты прадстаўнікоў”, а таксама прадпрымальнікаў і журналістаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG