Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА СПЫНІЎ ПРЫЁМ ГРАМАДЗЯНАЎ ПА АСАБІСТЫХ ПЫТАНЬНЯХ ЯШЧЭ 5 ГАДОЎ ТАМУ


Ігар Карней, Менск

У 1996 годзе Лукашэнка прыпыніў практыку асабістых сустрэчаў зь людзьмі, аргумэнтуючы гэта тым, што надзвычай загружаны дзяржаўнымі справамі. Ад таго часу кантакты з шараговымі наведнікамі перайшлі да адмыслова створанага аддзелу ў адміністрацыі прэзыдэнта. Але многія з тых, хто трапіў на прыём да кіраўніка аддзелу Сьцяпана Сідаровіча, канстатуюць, што на вырашэньне іхных праблемаў гэты чыноўнік ніяк не ўплывае.

Пэнсіянэрка Рэгіна Гуран безвынікова ходзіць да Лукашэнкі як да апошняй інстанцыі два гады. Сёньня яна сказала, што ў адчаі гатовая да крайніх мераў.

(Гуран: ) “Схадзіла, і там мне сказалі, што з вуліцы Лукашэнка толькі аднойчы прыняў наведнікаў. А ў нас такое гора. Памерла дачка, праз чатыры месяцы на працы загінуў зяць. 12-гадовы ўнук застаўся да 18 год без дапамогі, толькі налічваецца пэнсія. Я нічога не магу выправіць. Грошай няма, каб падаць у суд. Таму хацела трапіць да Лукашэнкі, каб дапамог з даплатай. Але нічога не магу дабіцца”.

(Карэспандэнт: ) “Ці застаюцца яшчэ спадзяваньні, што Лукашэнка вас прыме?”

(Гуран: ) “Я думаю, ён гэта зрабіць можа. Калі не — клянуся, кінуся пад ягоную машыну. Мне ўсё роўна, я гэта зраблю. Восьмага студзеня яшчэ пайду ў суд. Калі мне там зноў адмовяць, я зноў пайду да Лукашэнкі”.

А вось Марыю Рыгораўну Альфяровіч можна лічыць вэтэранам хаджэньняў да прэзыдэнцкай адміністрацыі: будынак на К.Маркса, 38 ёй знаёмы з 1994 году — з таго часу, як ў войску за некалькі дзён да дэмабілізацыі забароненай зброяй быў забіты ейны сын.

(Альфяровіч: ) “Як Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, з тае пары я спрабую да яго трапіць. Мне ўсе адмаўлялі! Тады я прачытала абвестку, што ён будзе выступаць на зьезьдзе дзелавых колаў. Я разам з фотакарэспандэнтамі, рэпарцёрамі чакала, зь якіх дзьвярэй Лукашэнка выйдзе. І калі ён зьявіўся, выкрыкнула: выслухайце маці забітага салдата, калі вы адмаўляеце мне ў асабістым прыёме! Ён нават перапужаўся: маўляў, што вы на мяне так крычыце? Але выслухаў.

Я сказала: тры салдаты загінулі ў вайсковай частцы за месяц і ніводная справа не расьсьледаваная. Ён адказаў: усё будзе дасьледавана; як прэзыдэнт, як галоўнакамандуючы, гэта вам абяцаю. У выніку — нічога! Апошнім часам я накіравала тысячу скаргаў, больш за чатырыста — непасрэдна Лукашэнку. Ніхто не рэагуе. Я яшчэ ўчора была ў прыёмнай прэзыдэнта. Ён проста падмануў, падмануў мяне з маім горам”.

Людзі імкнуцца трапіць да Лукашэнкі, як правіла, толькі пасьля таго, як іншыя варыянты змаганьня з сыстэмай не далі ніякага плёну. Як, прыкладам, Алена Клемянкова са Слоніму, звольненая з працы з-за прыхамаці кіраўніцтва заводу.

(Клемянкова: ) “Шукаю законы, шукаю справядлівасьці на кіраўнікоў. Але ж вы ведаеце, працоўнаму чалавеку знайсьці ўправу на начальніка вельмі цяжка. Але калі мы будуем прававую дзяржаву, дык я зьвяртаюся да прэзыдэнта Лукашэнкі, каб навёў парадак у судах, каб суды працавалі не на суд, а на рассуд; навесьці парадак у пракуратуры. Калі там сядзіць такі клерк па прозьвішчу Мальцаў і займаецца толькі адпіскамі, то ніяк мы не дасягнем справядлівасьці. Дагэтуль я не магу трапіць ня тое што да прэзыдэнта, але да генэральнага пракурора. Ён толькі спасылаецца на 11 артыкул: маўляў, ліставаньне з вамі прыпыненае”.

Інфармацыя пра колькасьць людзей, прынятых асабіста Лукашэнкам, у прэзыдэнцкай адміністрацыі старанна хаваюць. Але, паводле некаторых дадзеных, за сем гадоў кіраваньня яна не перавысіла й дзесяці чалавек.

Таму сотні людзей, якія амаль штодня спадзяюцца на сустрэчу з найвышэйшым кіраўніком, рызыкуюць ня толькі застацца незаўважанымі, але й трапіць пад дубінкі АМОНУ. Падобнае нядаўна здарылася з чатырма жанчынамі з Бабруйску. Дзьвюм зь іх візыт да рэзыдэнцыі Лукашэнкі каштаваў па тысячы даляраў штрафу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG