Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКАЕ РЭХА ПРЭС-КАНФЭРЭНЦЫІ МІХАІЛА ХВАСТОВА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Як раней паведамлялася, у часе брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў ягоны кіраўнік Міхаіл Хвастоў абвергнуў інфармацыю карэспандэнта нашага радыё аб продажы беларускай зброі тэрарыстам і краінам, якія трапілі пад эмбарга ААН. У часе брыфінгу, Міхаіл Хвастоў сказаў, што цяпер МЗС вывучае ў прыватнасьці інфармацыю ў гэтай справе, разьмешчаную на сайце Варшаўскага Цэнтру усходніх дасьледаваньняў і разьбіраецца, хто аўтар гэтае інфармацыі.

Варшаўскі Цэнтар Усходніх дасьледаваньняў, пра які ўзгадваў беларускі міністар замежных справаў, гэта дзяржаўная інстытуцыя, задачай якой ёсьць апрацоўка і аналіз палітычнай, грамадзкай і гаспадарчай сытуацыі на постсавецкім абшары для патрэбаў кіраўніцтва Польскай Рэспублікі.

Мэтода працы Цэнтру палягае, у прыватнасьці, на вывучэньні аналітыкамі інфармацыі, якая паходзіць з прэсавых агенцтваў, інтэрнэту, тэлевізіі і радыё, а таксама газэтаў з тэрыторыі былых савецкіх рэспублікаў.

Што да Беларусі, дык як паведамляе афіцыйны сайт Цэнтру Ўсходніх дасьледаваньняў, тут аналітыкаў найперш цікавяць, я цытую, “сыстэма дзяржаўнага кіраваньня, асабліва беручы пад увагу цесныя стасункі з Расеяй, а таксама значэньне беларускай апазыцыі і міжнародных арганізацыяў для распаўсюджваньня ў краіне дэмакратычных вартасьцяў”. (канец цытаты)

29 лістапада на сайце Цэнтру зьявіўся аналітычны матэрыял “Беларусь на сусьветных рынках гандлю зброяй”, падрыхтаваны Агатай Вяжбоўскай-Мяздай і Рафалам Садоўскім, якія ёсьць экспэртамі Цэнтру ў справе Беларусі.

У працы са спасылкамі на розныя крыніцы аўтары прасочваюць, як пачынаючы ад 96-га году Беларусь паступова павялічвае сваю прысутнасьць на сусьветнвым рынку зброі.

У дасьледаваньні падаецца сьпіс краінаў, якім Беларусь цягам апошніх пяці гадоў прадавала зброю – ад Іраку, Палестыны і краінаў былой Югаславіі да Конга і Папуа Новай Гвінеі, а таксама сумы і год зьдзелкі.

Адзін з аўтараў матэрыялу, спадар Рафал Садоўскі, паведаміў Радыё Свабода, што ніякіх афіцыйных зваротаў ці інфармацыі ад беларускага боку ў справе ягонага дасьледаваньня не было.

(Садоўскі: ) “Гэты тэкст зьявіўся на афіцыйным сайце нашага Цэнтру. Ён падпісаны і там пададзеныя кантакты з намі. Мы не ўнікаем камэнтароў. Інфармацыя, якую ўтрымлівае наша дасьледаваньне, пацьверджаная ў шматлікіх крыніцах, як заходніх так і расейскіх і беларускіх. Таму мне падаецца, што абурэньне міністра ёсьць трохі недарэчнае”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, якая верагоднасьць таго, што ў Вашым аналізе могуць быць недакладныя дадзеныя?”

(Садоўскі: ) “Уся інфармацыя, якая зьявілася ў гэтым матэрыяле – пацьверджаная і праўдзівая. Мы не зьмяшчалі дадзеныя, якія ня мелі б пацьверджаньня. Мы стараліся выкарыстоўваць як мага больш верагодныя афіцыйныя крыніцы”.

(Карэспандэнт: ) “На вашую думку, у мінулым, 2001 годзе колькі грошай беларускі бок зарабіў на продажы зброі?”

(Садоўскі: ) “Вельмі цяжка гэта падлічыць. Паводле добра пацьверджаных дадзеных, гэтая сума складе каля 500 мільёнаў даляраў. Аднак напэўна яна большая. На жаль мы ня маем магчымасьці спраўдзіць усе кантракты. Паводле некаторых, непацьверджаных падлікаў, якія зьяўляюцца ў мэдыях, ці ў выказваньнях аналітыкаў, гэтая сума складае ад 600 мільёнаў да мільярду даляраў”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы думаеце, спадар Садоўскі, ці будзе Беларусь, нягледзячы на шматлікія публікацыі ва ўсім сьвеце, працягваць гандляваць зброяй, у прыватнасьці з краінамі, на якія распаўсюджваюцца санкцыі ААН?”

(Садоўскі: ) “Думаю, што так. Гандаль зброяй ёсьць крыніцай цьвёрдай валюты для Беларусі, а Беларусь патрабуе гэтай валюты ўсё больш, бо знаходзіцца ў цяжкім эканамічным стане. Праз гэта можна зарабіць вельмі шмат грошай, таму наўрад ці беларускія ўлады раптам спыняць продаж зброі”.

(Карэспандэнт: ) “Здаецца, што рэальна стрымаць Беларусь ад продажу зброі можа хіба што толькі Расея? Як вы думаеце, гэта магчыма?”

(Садоўскі: ) “Расея і Беларусь разам шмат зарабляюць на гэтым гандлі. Канечне, калі б расейцы раптам націснулі на Беларусь, гэта ў значнай ступені абмежавала б дзейнасьць Беларусі на рынках зброі. Тым больш, што Расея мае магчымасьці ўціску – шмат зброі абедзьве краіны прадаюць разам і Беларусь ніколі не дасягнула б такой пазыцыі на рынках зброі без Расеі. Але я пакуль ня бачу нагодаў, каб расейцы пачалі што-небудь такое рабіць. Абедзьве краіны зарабляюць на гэтым вялікія грошы”.

Дарэчы, напряэдадні польскі тыднёвік Głos зьмясьціў артыкул «Як Беларусь зброяй гандлюе», які ўгрунтаваны на матэрыялах Цэнтру усходніх дасьледаваньняў. У рэдакцыйным уступе да артыкулу гаворыцца, што галоўнымі пакупнікамі зброі ў Беларусі ёсьць краіны, варожыя да Злучаных Штатаў. Паводле тыднёвіка, для Масквы беларускі рэжым “ёсьць дасканалым камуфляжам у ціхім змаганьні са Злучанымі Штатамі. Для Лукашэнкі гандаль зброяй ёсьць крыніцай цьвёрдай валюты, з дапамогай якой ён можа кіраваць сваім апаратам уціску”.

Поўны тэкст дасьледаваньня “Беларусь на сусьветных рынках гандлю зброяй” можна пабачыць у Інтэрнэце на афіцыйным сайце Цэнтру Ўсходніх дасьледаваньняў: www.osw.waw.pl

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG