Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЦЫЯЛЬНЫЯ ВЫНІКІ 2001 ГОДУ


Віталь Тарас, Прага

Удзельнічаюць старшыня пярвічнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Менскага заводу аўтаматычных лініяў Міхаіл Водчыц і намесьнік дырэктара Незалежднага інстытуту сацыяльна-палітычных і эканамічных дасьледваньняў, былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў.

(Тарас: ) “Хацелася б гаварыць ня столькі пра лічбы – якая сярэдняя зарплата, наколькі вырасла інфляцыя, наколькі беспрацоўе, колькі пра паўсядзённасьць, часткай якіх ёсьць і сьвята. Вось напрыклад, колькі каштуе навагодні стол? Ці зьмяніўся ён за гэты год – якія прадукты, стаў даражэй, ці патаньнеў? Наутральна, гэтае пытаньне лепш задаваць хатнім гаспадыням, але ж вам напэўна даводзілася купляць прадукты і ўжо канечне – выдактоваць на іх грошы. Вось у мяне першае пытаньне да сп. Водчыца – як вы адчуваеце, вам і рабочым вашага заводу цяжэй давялося працаваць, каб зарабіць на гэты сьвяточны стол? Ці ўсё ж была нейкая палёгка?”

(Водчыц: ) “Працаваць было нашмат цяжэй. Справа ў тым, што заробкі трохі падрасьлі, але ня вельмі значна. А як вы ведаеце, цэны растуць не па днях, а па хвілінах нават. Самы ў нас танны прадукт, які мы бачым у сваіх крамах – гарэлка, і тая ўжо падрасла на колькі працэнтаў! А астатнія прадукты – мяса тое ж, сала, ды іншыя, цэны на іх увогуле ўзрасьлі ў шмат разоў. І сёньня навагодні стол, я так думаю, людзям, якія працуюць на прадпрыемствах, вельмі цяжка абставіць – калі няма ў вёсках бацькоў, якія трымаюць там парсючка”.

(Тарас: ) “А ці многія Вашыя калегі езьдзілі ўжо ды запасьліся нейкімі прадуктамі зь вёскі?”

(Водчыц: ) “Ну, я таксама ў выходныя еду да цешчы закалоць парсюка, каб на Новы год быць зь якімісьці прадуктамі. Таму што на той заробак, які атрымліваем мы, гэта будзе вельмі такі небагаты стол”.

(Тарас: ) “А як наогул успрымаецца ў грамадзтве сытуацыя – ці цяжэй было зарабіць на сёлетні навагодні стол?”

(Сасноў: ) “Наш інстытут праводзіць сацыялягічныя апытаньні, і апошняе адбылося сёлета ў кастрычніку. Дык можна заўважыць, што большасьць людзей недзе да верасьня лічыла, што эканамічная сытуацыя ў краіне паляпшалася: падвышаліся даходы, паляпшаўся дабрабыт і г.д.

Але ж гэта да верасьня. А калі лічыць па тых лічбах, што дае Міністэрства статыстыкі Беларусі, дык можна заўважыць, што найбольшыя заробкі і пэнсіі былі ў верасьні, а зараз пачалося зьніжэньне. Калі б мы зараз праводзілі такое апытаньне, мы б атрымалі зусім іншыя меркаваньні людзей – яны б сказалі, што справы вельмі пагоршыліся.

І паводле нашых разьлікаў, мы можам сказаць, што ў паўтары разы падвысіліся кошты прадуктаў і тавараў, якія патрэбныя для паўсядзённых клопатаў. У паўтары разы за год – прычым, у даляравым вылічэньні!”

Пэўным чынам і надвор’е ўносіць свае карэктывы. Даволі суворая й халодная пачалася зіма. Натуральна, ня кожны год даводзіцца сем’ям купляць нейкія цёплыя рэчы. Дарэчы – яны ўваходзяць у так званы пражытковы мінімум?”

(Сасноў: ) “Тое, што разьлічвае Мінстат – так, уваходзяць. Але яны разьлічаныя на тое, каб імі карысталіся не адзін-два гады, а значна больш. (Для розных рэчаў – розныя тэрміны). Таму на іх прыпадае не такая багатая частка гэтых “спажывецкіх кошыкаў”.

(Тарас: ) “Сп. Водчыц! Вам і вашым калегам і блізкім ці давялося сёлета купляць нейкія цёплыя рэчы?

(Водчыц: ) “Справа ў тым, што, я мяркую па свайму прадпрыемству, дзе працую, сярэдні ўзрост людзей, якія працуюць у нас – амаль 50 гадоў. І большасьць людзей ходзяць у рэчах, якія купілі ў савекція часы. Сёньня мне і маёй сям’і, ці іншым сем’ям больш важна купіць рэчы для сваіх дзяцей. Дзеці ж растуць! Напрыклад, майму сыну 16 гадоў. Ён расьце, і яму купляю нейкія рэчы. А сам даношу тыя рэчы, якія дастаў дома з антрэсоляў. І я думаю, большасьць людзей, якія працуюць на прадпрыемстве, таксама так робяць”.

(Тарас: ) “Сп. Сасноў! А якія суадносіны ў тым самым “спажывецкім кошыку” паміж выдаткамі на харчы і прамтавары – у тым ліку, вопратку?”

(Сасноў: ) “Я ня ведаю, якія зараз суадносіны. Раней дзвье траціны ішлі на спажываньне прадуктаў харчаваньня”.

(Тарас: ) “А як у цэлым людзі ацэньваюць, паводле сацыялягічных дасьледваньняў, свой цяперашні стан – ці пагоршыўся ён за сёлетні год, ці палепшыўся, калі гаварыць ня проста пра заробкі, а пра ўвесь сацыяльны комплекс?

(Сасноў: ) “Большасьць кажа, што стан пагоршыўся. Дакладней так: большасьць кажа, што ён не зьмяніўся, але большасьць астатніх апытаных кажа, што ён пагоршыўся”.

(Тарас: ) “Спадар Водчыц, а як рабочыя лічаць на вашым прадпрыемстве – сёлета палепшылася іхнае матэрыяльнае становішча ды ўсё, што ў гэтае паняцьце ўваходзіць, альбо не?

(Водчыц: ) “Калі лічыць па тых заробках, якія людзі атрымліваюць – яны заўсюды трохі падрастаюць. Але калі лічыць па тым, што на гэты заробак можна купіць – дык гэта нашмат горш. Асабліва гэта выявілася – я згодзен са спадаром Сасновым – пасьля верасьня, пасьля выбараў. Ужо намнога людзі зьмянілі сваё паняцьце аб тым, што нашая дзяржавыа і нашае кіраўніцтва робіць для простых людзей. Намнога горай стала!”

(Тарас: ) “Ці сутыкаецца вашае прадпрыемства з праблемай звальненьняў? Ці завод працуе стабільна, і праблемы скарачэньня штатаў не было апошнім часам?”

(Водчыц: ) “Даскарачаліся да таго, што больш скарачаць няма каго. Я ўжо гаварыў, што сярэдні ўзрост рабочых – 50 гадоў. А ёсьць людзі, якім і пад 70. Нашае прадпрыемства – станкабудаўнічае, яму патрэбны добрыя адукаваныя спэцыялісты. І таму скарачэньняў мала.

Рабочыя атрымліваюць нядрэнную зарплату, скажам. А вось людзі з вышэйшай адукацыяй у нас атрымліваюць вельмі нізкія заробкі. Самая нізкая зарплата на заводзе ў людзей з вышэйшай і сярэдняй тэхнічнай адукацыяй. Гэта спэцыялісты, як іх называюць”.

(Тарас: ) “Але яны трымаюцца за свае мейсцы, нягледзячы на нізкія заробкі?”

(Водчыц: ) “Трымаюцца тыя, хто застаўся. Сёньня ўжо ісьці няма куды. Сёньня людзей з узростам ужо нікуды й не бяруць. А маладыя? Маладыя ня йдуць на завод”.

(Тарас: ) “У сувязі з гэтым хацеў бы правесьці такую статыстыку. Лічыцца, што ўзровень беспрацоўя ў Беларусі складае менш за два адсоткі працаздольнага насельніцтва. Сярод беспрацоўных у Беларусі пераважаюць мужчыны – прыкладана 48 адсоткаў ва ўзросьце ад 16-і да 36-і гадоў. Звыш трыццаці адсоткаў маюць сярэднюю спэцыяльную і вышэйшую адукацыю. Прадстаўнікам такіх прафэсіяў як эканамісты, юрысты, бухгалтары, тэхнікі й мэханікі, сакратары-рэфэрэнты, матэматыкі найбольш цяжка знайсьці працу. А што паказваюць апытаньні – як успрымаецца ў грамадзтве праблема беспрацоўя.

(Сасноў: ) “Тыя лічбы, што вы назвалі – гэта, відаць, афіцыйныя зьвесткі?”

(Тарас: ) “Так”.

(Сасноў: ) “А калі гэта афіцыйныя дадзеныя, дык трэба мець на ўвазе, што ў службу занятасьці, дзе фіксуюць беспрацоўе, зьвяртаецца толькі пятая частка тых самых беспрацоўных. І ідуць туды маладыя людзі, таму што яны яшчэ ня ведаюць, як нашая ўлада ставіцца да беспрацоўных. Таму і лічбы такія, што маладых беспрацоўных больш.

На самой справе, яшчэ чатыры пятых беспрацоўных нідзе не зарэгістраваныя. І сярод іх ня толькі маладыя. Большасьць зь іх – немаладыя. Яны ня йдуць у службу занятасьці, бо – ну, а што ты там атрымаеш? Нічога: ні працы, ні дапамогі па беспрацоўю. А калі і атрымаеш, дык яно маленькае – ня большь за дзьве мінімальныя зарплаты ў месяц. Гэта ня больш за 20 тысяч рублёў. Таму ніхто й ня йдзе.

Нашыя зьвесткі паказваюць, што людзі бачаць, што беспрацоўе значна вышэй, чым кажа дзяржава, і што дапамогі амаль што ад дзяржавы няма. Асабліва зараз”.

(Тарас: ) “Ці рабочыя на вашым заводзе, сп. Водчыц, атрымліваюць толькі зарплату, ці маюць яшчэ нейкі датдатковы даход – напрыклад, падпрацоўваюць недзе?”

(Водчыц: ) “Ёсьць людзі, якія працуюць, мабыць, на нейкіх рынках, ці яшчэ дзесьці, у выхадныя дні. Але ў асноўным людзі зарабляюць тое, што атрымліваюць на працы. Тым больш, што сёньня працаваць на прадпрыемстве вельмі цяжка. Няма сродкаў на тое, каб ацяпляць цэхі – усе ходзяць у цёплай вопратцы, у тых жа фуфайках. Калі мароз – тэмпэратура ў цэхах не дасягае пяці градусаў. Вельмі цяжка працаваць у такіх умовах”.

(Тарас: ) “А як гэта адбіваецца на настроі працоўных? Ці ёсьць тэндэнцыя да большай згуртаванасьці, да арганізацыі нейкіх акцыяў пратэсту? Я маю на ўвазе – ня толькі на вашым прадпрыемстве?”

(Водчыц: ) “Справа ў тым, што ў нас на прадпрыемстве два прафсаюзы. Ёсьць і афіцыйны прафсаюз, ёсьць і свабодны. І зараз, калі была прынятая апошняя пастанова Савету міністраў аб тым, каб не пералічваць прафсаюзныя складкі, многія пайшлі ў прафсаюз, каб выйсьці на нейкую акцыю пратэсту.

Таму што калі задушаць прафсаюзы – абодва прафсаюзы на прадпрыемстве, адміністрацыя будзе рабіць, што хоча. Калі мы сёньня яшчэ дамагаемся якіхсьці правоў для работнікаў – той жа водпуск, тая ж кампэнсацыя, дамагаемся, каб было цёпла, хоць якіхсьці умоваў для працы, дык калі нас задушаць на прадпрыемстве, дык людзям вельмі цяжка будзе.

І таму згуртоўваемся нейкім чынам, хоць гэта вельмі цяжка рабіць у тых умовах, у якіх мы працуем і з тым кантынгентам, які застаўся. Я ўжо гаварыў пра ўзрост работнікаў”.

(Тарас: ) “А ці вядомыя зьвесткі пра настроі грамадзтва ў пляне пратэстаў? Ці большасьць людзей выказваюць гатовасць узяць удзел у акцыях пратэсту, пры ўмове, што яны адбудуцца. Ці ў асноўным людзі больш стрымана ставяцца да такіх акцыяў?”

(Сасноў: ) “На канкрэтных прадпрыемствах бываюць нейкія выбухі, нейкія складанасьці ў адносінах працоўных і адміністрацыі. Але ў цэлым грамадзтва пакуль што чакае. Яно будзе чакаць недзе з паўгода выкананьня тых абяцаньняў, якія гучалі ад прэзыдэнта на выбарах. Потым могуць быць і нейкія акцыі.

Але заўсёды ня вельмі шмат людзей кажуць, што яны будуць удзельнічаць у такіх акцыях. І гэта яшчэ толькі кажуць, а колькі ўдзельнічае на самой справе? Значна меней”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG