Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАРОГА Ў РАЁНЕ КУРАПАТАЎ ПАДЗЕЛІЦЦА НА ДВА РУКАВЫ?


Ганна Соусь, Менск

Да лягеру валанцёраў трапіць цяпер вельмі складана, бо замяло ўсе сьцежкі, сьнегу па калена, дзьме моцны вецер. Рэканструкцыю кальцавой дарогі пакуль прыпынілі. І нават складана ўявіць, як будзе працаваць тэхніка, бо дарога ды ўсе бульдозэры й самазвалы засыпаныя сьнегам.

Нягледзячы на гэткае надвор’е, у лягеры абаронцаў Курапатаў усё па-ранейшаму — у вайсковым намёце цёпла, валанцёры назапашваюць дровы, увесь час сюды прыходзяць людзі.

Я засьпела ў Курапатах Валянціна Мацкевіча, разам з валанцёрам Аляксеем Капэлянам ён вывучаў плян рэканструкцыі дарогі. Валянцін Мацкевіч — інжынэр-будаўнік, мае 20-гадовы досьвед у будаўніцтве дарог. Нядаўна валанцёры даведаліся ад будаўнікоў, што кальцавая дарога будзе пракладвацца двума рукавамі, як, дарэчы, раней і прапаноўвалі сябры Маладога Фронту. Гэтае рашэньне, пра якое кіраўнікі будаўнічых прадпрыемстваў нічога не паведамілі грамадзкасьці, сталася нечаканасьцю для спадара Мацкевіча.

(Мацкевіч: ) “Траса складаецца з шасьці палос — тры паласы ў адзін бок, тры паласы ў другі. А паводле таго пляну атрымліваецца, што, пачынаючы зь перакрыжаваньня з вуліцай Мірашнічэнкі адводзіцца дзьве паласы па бэтонцы на Заслаўе. Калі два рукавы адводзяцца туды, то тут застаецца чатыры паласы — дзьве ў тым напрамку, дзьве ў іншым.

Калі гэтае рашэньне сапраўды прынятае, прычым яно датаванае чамусьці жніўнем... А я ад Камітэту па аўтамабільных дарогах атрымаў апошні адказ датаваны сьнежнем. І ў ім нічога не гаворыцца пра гэта. Наадварот — аргумэнтацыя ідзе на карысьць таго, што эканамічна абаснаванае ранейшае рашэньне”.

Валянцін Мацкевіч мяркуе, што гэткі варыянт рэканструкцыі ёсьць перамогай валанцёраў, а тое, што прымалі гэтае рашэньне цішком, сьведчыць, паволе спадара Мацкевіча, пра паразу ўладаў.

Паводле спадара Мацкевіча, пры рэканструцыі кальцавой дарогі ля Курапатаў быў парушаны шэраг будаўнічых нормаў.

(Мацкевіч: ) “Першае, і самае галоўнае (гэта дакладна запісана ў будаўнічых нормах) — нельга пракладаць дарогі праз могілкі і нават на некаторай адлегласьці ад іх.Другое, нельга пракладваць дарогі празь і на некаторай адлегласьці ад тэрыторыяў, якія зьяўляюцца гістарычнай памяцьцю народу. Ёсьць такі запіс у будаўнічых нормах.

Далей ідзе парушэньне санітарных нормаў, паводле якіх таксама забаронена пракладаць дарогі ў некаторай адлегласьці ад пахаваньняў людзей. Бо там могуць быць закансэрваваныя бактэрыі, нават сыбірскай язвы. Ніхто ня можа гарантаваць. Якіх людзей расстрэльвалі? Тым больш на нізе гэтых самых пахаваньняў ёсьць гумусавы слой. Ніхто не дасьледаваў, у якім ён стане. Блізкасьць мікрараёну вядомая — тут 80 мэтраў да жылога масыву. І гэта будаўнікі таксама ведаюць”.

Валянцін Мацкевіч называе яшчэ шэраг парушэньняў:

(Мацкевіч: ) “Кальцавая дарога зьяўляецца вельмі шумнай трасай, і адлегласьць ад жылых масываў павінна быць ня менш за 100 мэтраў, шум ня можа быць вышэйшым за 60 дэцыбэл. Безумоўна, што гэты ўзровень шуму ня будзе вытрыманы, і таму трэба будзе ўзводзіць шумазасьцерагальную сьценку. Улічваючы, што жылыя дамы стаяць на пагорку, паводле маіх прыкідаў, бэтонная сьцяна павінна быць ня менш за 5 мэтраў. Уяўляеце, якія сродкі патрэбныя для гэтага.

Калі паглядзець на эканамічны бок, то атрымліваюцца наступныя выдаткі — ўзьвядзеньне шумазасьцерагальнай сьценкі, пераходу, колькі высячэна лесу і гэтак далей... Якраз варыянт абыходу Курапатаў быў бы эканамічна больш важкі”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG