Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакамечанае паліто Шушкевіча


Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Колем
Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Колем
Журналіст «Свабоды» Віталь Портнікаў камэнтуе выпады Аляксандра Лукашэнкі на адрас старшыні Вярхоўнага савету 12-га скліканьня Станіслава Шушкевіча.

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка з усяго шасьцігадзіннага візыту прэзыдэнта Злучаных Штатаў Біла Клінтана ў сваёй краіне — яшчэ на золку абвяшчэньня беларускай незалежнасьці — запомніў толькі пакамечанае паліто тагачаснага кіраўніка дзяржавы Станіслава Шушкевіча. Менавіта ганьбай, якой набраліся тады беларусы з-за таго, што іх лідэр сустракаў амэрыканскага прэзыдэнта ня ў тым паліто, Лукашэнка растлумачыў сваю любоў да дарагіх строяў, гадзіньнікаў, раскошных рэзыдэнцыяў і да легендарнага самалёту нябожчыка Сапармурата Ніязава, які быў набыты Беларусьсю ў Туркмэністану. Ён жа прадстаўляе краіну і павінен выглядаць годна, а не павінен быў бы — дык наогул у спартовым строі хадзіў бы, як і належыць сапраўднаму пацану.

Ня буду абмяркоўваць якасьць паліто Станіслава Шушкевіча — любы, хто возьме на сябе цяжар адшукаць старую хроніку і паглядзець цырымонію сустрэчы прэзыдэнта Злучаных Штатаў у аэрапорце Менску, пераканаецца, што нічога пакамечанага ў адзеньні старшыні Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь не было і блізка. Гэта, хутчэй, было «наменклятурнае» паліто — але так тады апраналіся кіраўнікі высокага рангу, і Шушкевіч зусім ня быў выключэньнем. Тых фінансавых магчымасьцяў, якія сёньня мае Лукашэнка, у яго і блізка быць не магло — а вось служба пратаколу ў беларускім парлямэнце працавала і магла прасачыць за цырымоніяй сустрэчы. Гэта цяпер службе пратаколу беларускага прэзыдэнта — як, зрэшты, і ўсім астатнім пратакольных службам краіны — рабіць, па сутнасьці, няма чаго — хіба што прэзыдэнцкія прэсавыя канфэрэнцыі глядзець ды пра мінулае ўзгадваць. Справа не ў паліто. Справа ў прэзыдэнце Злучаных Штатаў.

Тое, што тады здавалася цалкам натуральнай падзеяй і не ўспрымалася нікім ні з прыдыханьнем, ні нават са зьдзіўленьнем — прэзыдэнт Злучаных Штатаў наведаў яшчэ адну эўрапейскую краіну ў ходзе свайго эўрапейскага турнэ — цяпер здаецца хутчэй фактам з жанру палітычнай фантастыкі. Хто з маіх беларускіх калегаў ўяўляе сабе радкі: «прэзыдэнт Злучаных Штатаў прыбыў у аэрапорт Менску і быў сустрэты прэзыдэнтам Беларусі» — хай нават і ў спартовым строі. А прэзыдэнт Францыі? А фэдэральны канцлер Нямеччыны? Нават кіраўнікам суседніх краінаў прыходзіцца ўзгадняць свае нячастыя сустрэчы з Лукашэнкам з Эўрапейскім Саюзам. Нават украінскі прэзыдэнт, які нярэдка капіюе палітычныя дасягненьні калегі, не сьпяшаецца дзяліцца зь ім напрацоўкамі. Аляксандар Лукашэнка сьцёр сваю краіну з палітычнай карты сьвету — упэўнена, размашыста, без асаблівых эмоцый. Яму ёсьць што прадстаўляць — але няма дзе, менавіта таму ён мог бы абысьціся без дарагіх строяў, рэзыдэнцый і гадзінаў. Калі беларускага прэзыдэнта і ганаравалі сустрэчай зь яго расійскім калегам — то толькі ў якасьці просьбіта, які бессаромна выпрошвае падачкі на пражытак падданых і, вядома ж, на строі, рэзыдэнцыі, гадзіньнікі і іншыя прысмакі. У Лукашэнкі — што б ён там пра сябе ня думаў — няма грошай нават на зброю для сына Колі. Першы пісталет хлопчыку падарыў Дзьмітры Мядзьведзеў, а новую пнэўматычную стрэльбу ўсё роўна купілі на расейскія грошы, таму што сваіх беларуская эканоміка ня мае. Так што хай Лукашэнка не распавядае журналістам казкі пра пакамечанае паліто і свае пратакольныя абавязкі. Вялікую частку часу ён праводзіць дома, езьдзіць яму няма куды, сустракацца няма з кім. А свае дарагія рэчы ён носіць з чыстага задавальненьня, дэманструючы, як спрытна яму ўдаецца трымацца на плыву за чужы — няхай нават і вельмі братэрскі кошт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG