Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТВА ЧАКАЕ АД БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ ПЕРШАГА КРОКУ НАСУСТРАЧ РАДЗЕ ЭЎРОПЫ


Юры Сьвірко, Менск

Падсумоўваючы вынікі 2001 году ў інтэрвію балтыйскаму агенцтву навінаў BNS, міністар замежных справаў Літвы Антанас Валёніс зазначыў, што распачатае 8 лістапада старшыняваньне ягонае краіны ў Камітэце міністраў Рады Эўропы зацьвярджае ролю Літвы на міжнароднай арэне, асабліва на ўсходзе Эўропы.

Спадар Валёніс заявіў: “Літва, як сусед Беларусі й старшыня Камітэту міністраў Рады Эўропы, разам з Эўропай гатовая да пэўных крокаў для разьвіцьця стасункаў зь Беларусьсю. Але першы крок мусіць быць з боку афіцыйнага Менску”.

Антанас Валёніс дадаў, што Беларусь мусіць зрабіць такія крокі ў галіне пашырэньня паўнамоцтваў парлямэнту, паляпшэньня становішча з правамі чалавека, увядзеньня інстытуту амбудзмэна, скасаваньня сьмяротнага пакараньня.

У гэтым жа інтэрвію спадар Валёніс заклікаў літоўскіх палітыкаў як мага хутчэй прыняць рашэньне пра закрыцьцё другога блёку Ігналінскае атамнае электрастанцыі, што на мяжы зь Беларусьсю. Эўрапейскі Зьвяз як умову пасьпяховага заканчэньня перамоваў пра далучэньне да яго патрабуе ад Літвы, каб другі рэактар у Ігналіне быў зачынены ў 2009 годзе, але літоўскі ўрад яшчэ не ўхваліў фармальнага рашэньня пра гэта.

Антанас Валёніс таксама заявіў, што “можа ісьці ў заклад”, што Літва атрымае запрашэньне ўступіць у НАТО на саміце гэтага альянсу ў Празе ў лістападзе 2002 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG