Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКАЯ ПІСЬМЕНЬНІЦА ХАЙКЕ ЗАБЭЛЬ АБ СУСТРЭЧЫ НОВАГА ГОДУ Ў БЕЛАРУСІ


Алена Панкратава, Менск

“Сто кілямэтраў — гэта не адлегласьць, сто гадоў — гэта ня час, сто грамаў — гэта не гарэлка, таму ў шклянцы нічога не павінна заставацца”, — падобныя словы запомніў кожны немец, які хоць аднойчы трапіў на беларускае застольле.

“Знаёмства зь беларускімі сьвятамі для многіх маіх суайчыньнікаў заканчвалася па-рознаму, — сьцьвярджае Хайке Забэль. — Вельмі часта той, хто трапляў у госьці да беларускіх сяброў, каб сустрэць Новы год, не захоўваў у памяці поўную карціну сьвяткаваньня. Гэта былі нейкія фрагмэнты — стол, напоі, стравы, твары. Прычым усё быццам бы пачыналася ў навагоднюю ноч, а заканчвалася на праваслаўныя Каляды. У сярэдзіне сьвяткаваньня ўвогуле забывалася самое сьвята — пілі за бабулю, мір, каханьне...”

Сустрэўшы ў Беларусі некалькі сьвятаў, Хайке Забэль выпрацавала сваю ўласную сыстэму, якая, паводле ейных словаў, можа дапамагчы яе суайчыньнікам выжыць у часе такога экстрэмальнага выпрабаваньня як беларускае застольле. “Падобныя парады беларусам паказаліся б проста сьмешнымі, аднак тое, што для іх прасьцей за простае, у нас, немцаў, проста не кладзецца ў галаве”, — піша аўтарка кніг “Нармальна” і “Наступная станцыя”.

“Немец, які трапляе на беларускае застольле, — гаворыцца ў ейным нарысе “Гарэлка”, павінен ведаць, што сьвята — гэта ў беларусаў праца. Страўніка, душы, і гэтак далей”.

“Тут не Нямеччына, — піша Хайке Забэль. — Тут вы ніколі ня ўбачыце на стале адной бутэлькі. Больш за тое, на кожную бутэльку тут абавязкова прыпадае добры кавалак салак, слоік салёных агуркоў, батон кіўбасы…

Сустрэча Новага году — свайго роду надзвычай напружаная праца. Тое, што можна ўбачыць на навагоднім беларускім стале, параўнальнае з трохмесячным харчовым і гадавым алькагольным мэню нямецкай сям’і. Самае галоўнае, што госьця ў любым выпадку прымусяць і піць, і есьці”.

Хайке Забэль прапаноўвае чытачам тры залатыя правілы:

Правіла першае: галоўныя напоі на беларускім навагоднім стале — гарэлка і шампанскае. Паспрабуйце не мяшаць іх. Пасьля трэцяга ці чацьвертага тосту іх пачынаюць піць як ваду. Чым больш мяшанкі, тым цяжэйшыя наступствы.

Правіла другое: кожную чарку трэба піць да канца. Інакш вас прымусяць выпіць яшчэ болей, бо не дапіўшы вы пакрыўдзіце гаспадара, гаспадыню, дзядзьку, цётку, бабулю, дзядулю ды іншых не знаёмых вам гаспадаровых сваякоў.

І нарэшце, самае галоўнае, трэцяе правіла: як мага больш танчыце. Такім чынам алькаголь выходзіць з потам праз скуру і, значыць, не да канца атручвае арганізм. Акрамя таго, калі танчыш, ты аўтаматычна ня п’еш. Аднак жа, чаму так адбываецца — у часе танцаў ты ўсё часьцей узгадваеш пра навагодні стол, — піша Хайке Забэль.

Слухачам Радыё Свабода аўтарка гэтых парадаў для немцаў пажадала:

(Забель: ) “Я жадаю асабліва здароўя, бо калі мы і вы здаровыя, мы зможам зрабіць ўсё, пра што мы марым. Я лічу, што гэта самае важнае".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG