Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР: ЦІ МЕЎ ІГНАТОВІЧ АПЕКУНОЎ У РАСЕЙСКІХ СПЭЦСЛУЖБАХ ДЫ ІНШАЕ…


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былы начальнік менскага сьледчага ізалятару Алег Алкаеў згодны зь меркаваньнем Генадзя Ўгляніцы і Андрэя Жарнасека, паводле якіх "эскадрон сьмерці" пасьля зьнішчэньня крымінальных аўтарытэтаў заняўся зьнішчэньнем апазыцыйных палітыкаў. Зінаіда Ганчар не згубіла надзеі ўбачыць свайго мужа жывым. Сьвятлана Завадзкая лічыць, што былы спэцназавец Ігнатовіч, які падазраецца ў выкраданьні яе мужа, апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, меў апекуноў у расейскіх спэцслужбах.

Алег Алкаеў лічыць вартымі даверу заявы Генадзя Ўгляніцы і Андрэя Жарнасека пра тых, хто вінаваты ў выкраданьні вядомых беларускіх палітыкаў. Нагадаю, былы супрацоўнік КГБ Генадзь Угляніца і былы актывіст арганізацыі "Край" Андрэй Жарнасек напярэдадні сваіх уцёкаў у Нарвэгію ў жніўні гэтага году абвінавацілі некаторых найвышэйшых кіраўнікоў краіны ў датычнасьці да зьнікненьняў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага.

Угляніца і Жарнасек называлі прозьвішчы Шэймана, Сівакова, Навумава, былога камандзіра спэцатраду СОБР Паўлічэнкі. Як вядома, нядаўна ў сэрыі інтэрвію для Радыё Свабода Ўгляніца і Жарнасек падмацавалі гэтыя абвінавачаньні дадатковымі зьвесткамі.

У прыватнасьці, яны казалі, што "эскадрон сьмерці" пад кіраўніцтвам Паўлічэнкі быццам пачаў сваю злынную дзейнасьць са зьнічшэньня напрыканцы 1990-х гадоў некалькіх дзясяткаў крымінальных аўтарытэтаў, а ўжо потым паўтарыў тое самае зь вядучымі апазыцыянэрамі.

Пракамэнтаваць гэтае цьверджаньне я папрасіў Алега Алкаева, які ў згаданы пэрыяд працаваў начальнікам менскага сьледчага ізалятару і, паводле яго ж словаў, "меў шчыльныя кантакты з крымінальнікамі". Алкаеў заявіў, што гэтыя зьвесткі вартыя даверу, хаця дакладна праверыць іх ён ня можа.

(Алкаеў: ) "У мяне няма праўдзівых зьвестак, што іх зьнішчыла вось гэтая банда Паўлічэнкі, я не хачу яе называць эскадронам, але паколькі мне даводзілася шчыльна кантактаваць з крымінальным сьветам, я дакладна ведаў, што гэта не яны зрабілі, не ўнутрыклянавыя гэта разборкі, бо такія разборкі заўсёды вылазяць вонкі", — паведаміў Алег Алкаеў, спаслаўшыся на апэратыўныя зьвесткі, якія ён атрымоўваў, калі працаваў начальнікам Менскага сьледчага ізалятару.

Алкаеў ня бачыць у Беларусі іншых фармаваньняў, акрамя атраду Паўлічэнкі, якія б мелі такія шырокія магчымасьці дзеяньняў супроць крымінальнікаў, якія б выкарысталі гэтыя магчымасьці й засталіся пры гэтым непакаранымі.

Тое самае і адносна зьнішчэньня вядучых палітыкаў. "Лукашэнка ж мог давесьці расьсьледаваньне справы Ганчара і Красоўскага да суду над Паўлічэнкам, а потым скарыстацца правам на памілаваньне. Але ён гэтага не зрабіў, бо на судзе ўсплылі б імёны Шэймана і Сівакова, ды давялося б дзяліць ім адказнасьць. Тады б ужо памілаваньнем аднаго чалавека не абышлося б", — лічыць Алег Алкаеў.

Былы начальнік менскага сьледчага ізалятару паведаміў, што зараз уважліва вывучае гутаркі з Угляніцам і Жарнасекам, якія прагучалі на хвалях Радыё Свабода. Ён назваў іхныя зьвесткі вельмі істотнымі для расьсьледаваньня справаў зьніклых і паабяцаў у хуткім часе пракамэнтаваць гэтыя зьвесткі.


***
А вось жонка зьніклага Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар да заяваў Угляніцы, Жарнасека і Алкаева ставіцца стрымана, што і зразумела, бо яны вельмі жорсткія адносна лёсу былога намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету. Зінаіда Ганчар шчыра прызнаецца, што яна ня мае сілаў верыць іхным словам пра лёс мужа. Ды й нашто думаць пра розныя вэрсіі, калі няма доказаў.

(Зінаіда Ганчар: ) "Ніякіх зьвестак, ніякіх зьменаў у справе майго мужа няма. Я нічога, на жаль, ня ведаю. Мяркуючы па таму, што было надрукавана, што агучана — гэта вельмі для мяне сумна. Але я па-ранейшаму чакаю, я па-ранейшаму спадзяюся. Я думаю, што ў кагосьці з гэтай банды павінна было хапіць розуму, хтосьці павінен быў спыніцца ў апошнюю хвіліну. Я ва ўсякім разе на гэта вельмі спадзяюся", —сказала нашаму радыё Зінаіда Ганчар, калі я папрасіў яе падсумаваць вынікі расьсьледаваньня справы яе мужа ў гэтым годзе.

Зінаіда Ганчар згадвае, што напярэдадні выбараў быў момант, калі грамадзтва магло зьведаць праўду пра зьніклых. Паводле яе, гэтымі зьвесткамі павінны былі падзяліцца былы генэральны пракурор Алег Бажэлка і былы старшыня КГБ Уладзімер Мацкевіч, але яны гэтага не зрабілі.

І ўсё ж Зінаіда Ганчар удзячная ім за тое, што, як яна лічыць, не бязь іхнага ўдзелу былі распаўсюджаныя дадзеныя, якія зламалі змову маўчаньня чыноўнікаў вакол гэтай справы. Адным не хапіла мужнасьці давесьці справу да канца, можа хопіць гэтай мужнасці іншым, спадзяецца жонка зьніклага Віктара Ганчара і дадае:

(Зінаіда Ганчар: ) "Вельмі лёгка ўсё сьпісаць на тое, што людзі чагосьці палохаюцца. Але ўрэшце мужчыны павінны бараніць жанчын і дзяцей, хіба ня так?"


***
Жонка зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, Сьвятлана Завадзкая, увесь сьнежань праводзіць на працэсе ў менскім абласным судзе. Там судзяць магчымых выкрадальнікаў яе мужа — былога спэцназаўца Валерыя Ігнатовіча і яшчэ трох ягоных саўдзельнікаў. Сьвятлана Завадзкая паводле закону ня можа распавесьці пра тое, як ідзе працэс, бо ён абвешчаны закрытым. Камэнтуючы саму справу, яна не хавае незадаволенасьці вынікамі папярэдняга расьсьледаваньня.

(Сьвятлана Завадзкая: ) "Галоўнае пытаньне, з-за якога ўзьнікаюць усе "але", гэта пытаньне пра тое, дзе ж Дзіма. Сьледзтва гэтае пытаньне ўвагай абыходзіць, між тым без адказу на яго ня варта было і пачынаць суд".

Зь ёй салідарны адвакат Сяргей Цурко, абаронца ў судзе яе інтарэсаў як пацярпелай. Адвакат прытрымліваецца думкі, што калі віну Ігнатовіча і ягоных сяброў у выкраданьні Завадзкага не дакажуць, іх варта апраўдаюць з фармулёўкай "з-за недаказанасьці", бо гэта не заблякуе пэрспэктывы далейшых пошукаў.

(Цурко: ) "Калі ня будзе дастаткова доказаў, значыць, будзе пытаньне для маці Зьмітра Завадзкага, для ягонай жонкі, для ягонага сына. Добра, суд, нават пры недастатковасьці ці супярэчлівасьці доказаў прызнаў Ігнатовіча і ягоных саўдзельнікаў вінаватымі, але для сваякоў на ўсё жыцьцё застанецца пытаньне — а дзе ж Зьміцер, што яны зь ім зрабілі?

Як ім далей жыць з гэтым пытаньнем? Таму я лічу, што, калі ў суда будзе мала доказаў, лепей каб іх апраўдалі за недаказанасьцю, бо тады расьсьледаваньне будзе працягнутае далей", — казаў адвакат Сяргей Цурко.

Варта зьвярнуць увагу яшчэ на адну акалічнасьць. Паводле зьвестак з працэсу, зьяўляецца ўсё больш сьведчаньняў таго, што Ігнатовіча падтрымлівалі супрацоўнікі спэцслужбаў, прычым ня толькі беларускіх, але і расейскіх.

(Сьвятлана Завадзкая: ) "Ня думаю, што, калі б усё было чыста, нехта з ФСБ дзеля Ігнатовіча паехаў бы і вызваляў іх, калі іх затрымалі там, у Краснадарскім краі. Ня ведаю, нешта гэта не зразумела ўсё", — дзеліцца сваімі сумневамі Сьвятлана Завадзкая.

Таксама яна зьвяртае ўвагу на пазыцыю Расеі ў час, калі ішло расьсьледаваньне зьнікненьня Завадзкага. Паводле яе, калі беларускія сьледчыя звярнуліся да сваіх калегаў у Расею па зьвесткі, што маглі б праліць сьвятло на стасункі Ігнатовіча са спэцслужбамі Расеі, то нічога не атрымалі. І сёньня, лічыць Сьвятлана Завадзкая, расейскі бок фактычна ўхіліўся ад гэтай справы, што яна вызначае як саўдзел у злачынстве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG