Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАНС-ГЕОРГ ВІК: “ХАЙ ЛУКАШЭНКУ МУЧЫЦЬ СУМЛЕНЬНЕ”. АГЛЯД АЎСТРЫЙСКАЙ ПРЭСЫ


Алена Панкратава, Менск

Нягледзячы на дастаткова некарэктнае стаўленьне да яго як дыплямата з боку афіцыйных уладаў, агрэсіўныя абвінавачаньні ў шпіянажы і працы на апазыцыю, Ганс-Георг Вік быў спакойны, калі пакідаў Менск. Сёньня, знаходзячыся дома ў Нямеччыне, ён падсумоўвае вынікі сваёй 4-гадовай працы ў Беларусі.

Як адзначае “Die Presse”, ад адносінаў эўрапейскага амбасадара зь беларускім лідэрам цяжка было чакаць нейкага разьвіцьця — паміж словамі й дзеяньнямі афіцыйнага Менску заўсёды назіралася вялікае разыходжаньне.

Так, у часе саміту ў Стамбуле ў 1999 годзе, Лукашэнка мог публічна гарантаваць, што прыкладзе ўсе намаганьні дзеля правядзеньня канструктыўнага дыялёгу з апазыцыяй. Потым у Менску ён нібыта забываўся на гучныя абацаньні. У Беларусі арыштоўваліся і ўвогуле зьнікалі апазыцыйныя палітыкі.

Прапановы Віка адносна пасярэдніцтва АБСЭ ў дыялёгу паміж ўладамі і апазыцыяй нагадвалі размову сьляпога з глухім альбо ўвогуле біцьцё галавой аб сьцяну. У выніку беларускі лідэр увогуле абяцаў выкінуць Віка з краіны.

Аднак, — піша “Die Presse”, — абразы і пагрозы не зьбянтэжылі й ня выбілі з каляіны былога шэфа нямецкай выведкі: “Хай яны застануцца на сумленьні Лукашэнкі”, — лічыць Вік. У свае 73 гады Вік вельмі цікавы суразмоўца і выглядае чалавекам, поўным сілаў.

Вік з аптымізмам глядзіць на будучыню Беларусі. “Так, сапраўды, ніводныя з трох выбараў, якія прыйшлося назіраць, не адпавядалі патрабаваньням АБСЭ, — пагаджаецца Вік. — Увесь час парушалася працэдура падліку галасоў, улады ажыцьцяўлялі сапраўдныя рэпрэсіі супраць апазыцыі, аднак, тым ня менш, Беларусь мае добрыя пэрспэктывы”.

Як лічыць Ганс-Георг Вік, апошнім часам тут удалося стварыць сапраўдны падмурак для грамадзянскай супольнасьці. Апазыцыя мае сілы, патэнцыял, больш таго, яна ў стане фармаваць дэмакратычны ўрад.

Паводле Віка, перамога рэжыму на прэзыдэнцкіх выбарах зманіпуляваная самім рэжымам. Колькасьць скрадзеных Лукашэнкам галасоў у свайго канкурэнта Ганчарыка — дзесьці ў межах 15–30%. А гэта, паводле Віка, ёсьць ні што іншае, як знак для рэфармацыйнага працэсу.

Фальсыфікацыя і маніпуляцыя галасоў мае той жа эфэкт, што і “вядомыя памерлыя душы”. Падобнымі лічбамі можна блефаваць, аднак яны ня ёсьць фактычнай падтрымкай насельніцтва. Паводле Ганса-Георга Віка, Лукашэнка ўжо згубіў малады эклектарат, а такі магутны рух як прафсаюзы ператварыўся са спадарожніка сыстэмы ў прыхільніка дэмакратыі.

“Выбары паказалі, што грамадзтва расколатае, і мы не павінны губляць тую палову, якая хоча дэмакратыі”, — так са спасылкай на словы Віка заканчваецца артыкул у аўстрыйскай газэце “Die Presse”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG