Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МОЛАДЗЕВАГА ЦЭНТРУ “ГАРТ” КАНФІСКАВАНЫЯ КАМПУТАРЫ, КІРАЎНІК ЦЭНТРУ АШТРАФАВАНЫ НА МІЛЬЁН РУБЛЁЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Атрыманая “Гартам” у бязвыплатнае карыстаньне ад Агенцтва ўсясьветнага разьвіцьця ЗША праз фонд “Каўнтэрпарт Інтэрнэшнл” кампутарная тэхніка павінна быць сканфіскаваная ў даход дзяржавы. Сяргея Адзінца аштрафавалі на 1 мільён рублёў.

Амаль гадзіну судзьдзя Новік чытала адміністрацыйны вырак моладзеваму цэнтру “Гарт” і ягонаму кіраўніку Сяргею Адзінцу. Зь яго вынікала, што спадар Адзінец парушыў дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі №8 пра парадак атрыманьня і скарыстаньня замежнай гуманітарнай дапамогі. Акурат пра гэта паведаміла ў суд падатковая інспэкцыя на падставе адмысловых лістоў упраўленьня КГБ і сьледчага камітэту.

Кампутарная тэхніка нібыта ўжывалася для незалежнага назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі, друку газэт, улётак антыпрэзыдэнцкага зьместу і нават для арганізацыі пікетаў, сходаў у палітычных мэтах.

Гэта для судзьдзі й паслужыла падставай аштрафаваць Сяргея Адзінца на 1 мільён рублёў, што адпавядае 630 далярам, а таксама сканфіскаваць два кампутары, сканэр і прынтэр, перададзеныя фондам “Каўнтэрпарт Інтэрнэшнл” яшчэ да выхаду ў сьвет дэкрэту №8.

Судзьдзя Новік не ўзяла пад увагу сьведчаньні ў судзе кансультанткі “Каўнтэрпарту” Алены Кузьмініч пра тое, што паводле міжнародных пагадненьняў Беларусі й адмысловых пастановаў беларускага ўраду гуманітарныя праграмы “Каўнтэрпарту” не падпадаюць пад дзеяньне дэкрэту №8.

Адміністрацыйны вырак заснаваны ў першую чаргу на паказаньнях пра нібыта нямэтавае скарыстаньне тэхнікі, якія давалі сьледчы Ўладзімер Вычыкаў і супрацоўнік УКГБ Яўген Сьцепаненка. Апошні ўдзельнічаў у ператрусе напярэдадні выбараў кватэры, у якой знаходзіліся кампутары “Гарту”.

З нагоды выраку суду кіраўнік моладзевага цэтру “Гарт” Сяргей Адзінец сказаў сёньня нашаму радыё:

(Адзінец: ) “Гэтае рашэньне суду для нас было чаканым, мы меркавалі, што менавіта такім рашэньне і будзе. Але мне думаецца, што гэтае рашэньне прадэманстравала дзікасьць нашай мясцовай улады нават у параўнаньні зь іншым рэгіёнамі Беларусі. Калі ў іншых рэгіёнах усю тэхніку, адабраную падчас выбарчай кампаніі, вярнулі й вяртаюць, то ў нашым рэгіёне ўлады ня хочуць рабіць нават гэтага”.

Што датычыць надзвычайнага памеру штрафу, то кіраўнік “Гарту” заявіў наступнае:

(Адзінец: ) “Натуральна, гэта вельмі вялікая сума ў нашай краіне. Немагчыма зарабіць такую суму сумленнымі мэтадамі. Таму гэта яшчэ адзін паказчык стаўленьня нашай улады да апазыцыі, да ўсіх, хто з уладай ня згодны”.

Сяргей Адзінец рашэньне судзьдзі Новік думае абскарджваць нават у Вярхоўны Суд.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG