З аднаго боку, брытанская экамоміка мае вялізныя гандлёва-інвэстыцыйныя па-за эўрапейскія сувязі, перадусім у Злучаных Штатах, Аўстраліі, Канадзе, і гэтак уласна эканамічныя рацыі ўвядзеньня Эўра для брытанцаў не такія відавочныя, як для краінаў Заходняй Эўропы, як тут кажуць, на кантынэнце.
Па другое, брытанская эканамічная і палітычная эліта не хацела бы губляць, як яны гавораць, на карысьць Брусэлю, кантроль за фінансавай палітыкай, і вялікая частка грамадзтва таксама падзяляе гэткія засьцярогі.
Па трэцяе, фунт стэрлінгаў зьяўляецца ўвогуле адной з найбольш стабільных валютаў сьвету, і многія ня бычаць якіх-колечы неадкладных прычынаў ад яго цяпер адмаўляцца. Апрача ўсяго, грошы – гэта сымбаль нацыянальнага сувэрэнітэту.
Да гэтага, некаторыя нават падазраюць пэўнае лёббі з боку банкаў, якія зарабляюць на камісіі за абмен валютаў, аднак гэты фактар насамрэч ня варта перабольшваць.
Хаця Эўра і ня будзе пакуль хадзіць тут у якасьці грошаў, аднак міністар па справах Эўропы Пітэр Гэйн учора зьвярнуўся да брытанскага гандлёвага і іншага бізнэсу з заклікам прыймаць пасьля 1 студзеня Эўра ў якасьці плацежнага сродку ў Брытаніі, і напэўна так і будзе.
Практычна, існуе кансэнсус у тым, што далучэньне да эўра зоны запатрабуе нацыянальнага рэфэрэндуму. Але, нягледзячы на жорсткую апазыцыю з боку Кансэрватыўнай партыі, толькі нямногія тутэйшыя палітыкі ўжываюць слова “ніколі” ў дачыненьні да пэрспэктывы далучэньня Брытаніі да Эўра. А ў выпадку посьпеху з увядзеньнем Эўра на кантыненце, балянс настрояў у брытанскім грамадзтве можа у блізкай будучыні зьмяніцца на карысьць прыхільнікаў новай, агульнай эўрапейскай валюты.