Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПІКЕТ АКТЫВІСТАЎ РУХУ “ЗУБР” НАСУПРАЦЬ БУДЫНКА КГБ


Любоў Лунёва, Менск

Сябры “Зубра” лічаць, што сьмерць Андрэя Зайцава — на сумленьні КГБ. Андрэй перад сьмерцю распавядаў сябрам, што яму неаднаразова тэлефанаваў і прапаноўваў сустрэчы Аляксандар Еўсьцігнееў, які называў сябе афіцэрам КГБ. Гэты чалавек пагрозамі і шантажом схіляў Андрэя да здрадніцтва. Урэшце 24-гадовы хлопец скончыў жыцьцё самагубствам.

Сёньня падчас пікету сябры “Зубра” казалі пра тое, што адчуваюць ціск з боку спэцслужбаў. Яны прынесьлі на пікет заяву, у якой патрабуюць “распачаць крымінальную справу паводле факту давядзеньня да самагубства супрацоўнікамі КГБ Андрэя Зайцава; публічна дасьледаваць гэтую справу і пакараць вінаватых у трагедыі; неадкладна спыніць вэрбоўку, правакацыі й гвалт у адносінах да моладзі”.

Гаворыць Андрэй Пятроў:

(Пятроў: ) “Мы хочам дакладнага расьсьледаваньня, каб высьветліць, чаму хлопец у 24 гады скончыў жыцьцё самагубствам. Гэта ж ненармальная зьява. А зараз увогуле такая тэндэнцыя: выклікаюць сяброў руху “Зубр” і з розных падставаў прапаноўваюць супрацоўніцтва. Прымушаюць даваць інфармацыю. Таксама патрабуюць, каб у пісьмовым выглядзе напісалі заяву, у якой абвяргаюць, што зьяўляюцца сябрамі моладзевага руху супраціву “Зубр”. Як мы й прагназавалі, прайшло тры месяцы, і пачаліся рэальныя пагрозы”.

Студэнт Павал дадаў:

(Павал: ) “Мы патрабуем узбуджэньня крымінальнай справы па факце давядзеньня да самагубства супраць КГБ Гомеля”.

А вось што мяркуе Ганна Ягорава:

(Ягорава: ) “Я ведаю гэтага чалавека па добрых водгуках. Я ведаю, што ён быў актывістам “Зубра”. Я прыйшла сюды, каб паказаць, што ня згодная з тым, што зараз адбываецца. Я прыйшла выказаць сваю грамадзянскую актыўнасьць. Пастаяць разам зь людзьмі, якія не пагаджаюцца з пазыцыяй нашых уладаў”.

Супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе даволі стрымана. Намесьнік начальніка Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Аляксандар Барсукоў толькі папрасіў пікетоўцаў прапусьціць тэхніку для ўборкі сьнегу.

Да журналістаў выйшаў начальнік цэнтру інфармацыі й грамадзкіх сувязяў КГБ Фёдар Котаў. Ён назваў акцыю “Зубра” правакацыяй:

(Котаў: ) “Тое, што Андрэй Зайцаў скончыў жыцьцё самагубствам, зьвязана з узбуджанай супраць яго крымінальнай справай за згвалтаваньне непаўнагадовай дзяўчыны. Нам стала вядома, што для таго, каб ухіліцца ад адказнасьці, Зайцаву прапанавалі перавесьці абвінавачаньні з крымінальнай у палітычную плоскасьць. Паказаць, што да ягонага лёсу датычны КГБ. Такі супрацоўнік, якога ён называў, Еўсьцігнееў, ніколі не працаваў і не працуе ў органах КГБ”.

Сябры “Зубра” абурыліся такімі выказваньнямі:

(Зуброўцы: ) “Нас прымушаюць “стукаць” на бліжняга свайго. На сваіх сяброў, суседзяў. Зразумела, куды каціцца наша краіна. Яшчэ пяць гадоў — і наша Беларусь будзе яшчэ больш таталітарнай і паліцэйскай краінай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG