Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС БЕЛАРУСІ АБВЯРГАЕ ПАВЕДАМЛЕНЬНІ ПРА ПРОДАЖ БЕЛАРУСКАЕ ЗБРОІ ТЭРАРЫСТАМ і ВЫСЬВЯТЛЯЕ ГРАМАДЗЯНСКУЮ ПАЗЫЦЫЮ НАШАГА КАРЭСПАНДЭНТА


ул. інф.

Нагадаем, што сёлета нямецкае агенцтва DPA ды ізраільскі часопіс “DEBKA” абвінавацілі Беларусь і асабіста Аляксандра Лукашэнку ў падтрымцы тэрарыстаў. Часопіс “DEBKA” сьцьвярджае, што сёлета ў першым паўгодзьдзі Аляксандар Лукашэнка прадаў зброі больш як на 600 мільёнаў даляраў — радарныя сыстэмы іракцам ды іранцам, “Кацюшы” і супрацьтанкавыя ракеты палестынцам, аўтаматычныя стрэльбы, кулямёты й міны альбанскай вызваленчай арміі.

Беларускай службе Радыё Свабода гэта пракамэнтаваў Сімон Вэзэман, экспэрт са Стакгольмскага інстытуту міжнародных мірных дасьледаваньняў (SIPRI), які ўжо выказваўся на беларускую тэму ў нашумелым інтэрвію нямецкаму агенцтву DPA. Гэтае агенцтва спасылалася ня толькі на часопіс “DEBKA”, але й на польскі часопіс “Wprost” і на зьвесткі Цэнтральнага разьведвальнага ўпраўленьня ЗША.

Сёньня міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў абвергнуў усе гэтыя публікацыі. Паводле ягоных словаў, ён даў даручэньне ўпраўленьням МЗС дэтальна вывучыць гэтую праблему і даць яму справаздачу ў першай дэкадзе студзеня 2002 году. “Зь Беларусі спрабуюць зрабіць праблемную краіну, якая стварае праблемы для міжнароднай супольнасьці ў пляне гандлю зброяй”, — заявіў спадар Хвастоў.

(Хвастоў: ) “Робяцца спасылкі на ізраільскі часопіс “DEBKA”. Робяцца спасылкі на агенцтва DPA. Робяцца спасылкі на Стакгольмскі інстытут міжнародных дасьледаваньняў. Робяцца спасылкі на нейкую інфармацыю Цэнтральнага разьведвальнага ўпраўленьня Злучаных Штатаў.

Я хацеў бы вам паведаміць, што сустракаўся пасьлядоўна з амбасадарамі Злучаных Штатаў Козакам і Вялікабрытаніі Келі. І я даў поўны адказ на тыя пытаньні, якія іх цікавілі. Беларусь не гандлюе зброяй з краінамі, гандаль зь якімі зброяй забаронены рашэньнямі Рады Бясьпекі ААН. Я афіцыйна гэта пацьвярджаю”.

Міхаіл Хвастоў дадаў, што ня можа пакінуць без увагі інфармацыю, якая, паводле яго, распаўсюджваецца “настойліва, скрупулёзна, навязьліва” — наконт таго, што Беларусь падтрымлівае сувязі зь міжнароднымі тэрарыстамі й прадае ім зброю.

(Хвастоў: ) “Я катэгарычна абвяргаю гэтую інфармацыю. Я неафіцыйна сказаў Юрыю Сьвірку пра тое, што запрашу яго ў першай дэкадзе студзеня наступнага году да сябе на гутарку. І я хачу пагаварыць зь ім, наколькі ў яго гэтая пазыцыя сапраўды грамадзянская й наколькі яна адпавядае той інфармацыі, якую я зараз маю”.

Міністар Хвастоў распавёў, што цяпер МЗС вывучае інфармацыю, разьмешчаную на сайце Варшаўскага цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў, і разьбіраецца, хто аўтар гэтае інфармацыі. Трэба адзначыць, што Радыё Свабода нічога пра гэты варшаўскі цэнтар не паведамляла. Кіраўнік беларускае дыпляматыі сказаў, што ведае пра сайт з назовам “DEBKA”, на якім ёсьць інфармацыя пра Беларусь, нікім не падпісаная.

(Хвастоў: ) “Адносна інфармацыі Цэнтральнага разьведвальнага ўпраўленьня. У нас няма такой інфармацыі, якая б казала пра тое, што ЦРУ нас інфармуе аб тым, што Беларусь ёсьць крытычнай, праблемнай краінай адносна гандлю зброяй. Я запытаю гэтую інфармацыю ад амбасадара Козака.

Я хацеў бы зьвярнуць увагу й Юрыя Сьвірка на тое, што ў любым выпадку журналіст, які прадстаўляе любое агенцтва ці любое выданьне, мусіць мець сваю грамадзянскую пазыцыю. Тая настойлівасьць, зь якой вы разьвіваеце гэтую тэму, мяне... не турбуе й не насьцярожвае, але я на яе зьвяртаю ўвагу”.

Пасьля гэтай заявы міністра замежных справаў адразу пачаўся брыфінг начальніка ўпраўленьня Азіі й Афрыкі беларускага МЗС Аляксея Скрыпка. Паводле ягоных зьвестак, за 9 месяцаў бягучага году экспарт зь Беларусі ў краіны Азіі й Афрыкі склаў усяго 403 мільёны даляраў ЗША.

Наш карэспандэнт задаў пытаньне, якая частка з гэтай сумы прыпадае на экспарт зброі. Вось што адказаў спадар Скрыпко:

(Скрыпко: ) “Вядома, вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва — гэта цікавая тэма, але тут я б дакладна сказаў, што яна не ўваходзіць у кампэтэнцыю Міністэрства замежных справаў. Натуральна, гэтыя пытаньні, напэўна, трэба адрасоўваць адпаведным кампэтэнтным ведамствам”.

Аляксей Скрыпко дадаў, што ягоныя зьвесткі базуюцца на дадзеных Міністэрства статыстыкі, таму ён ня можа сказаць, якая частка з 400 мільёнаў даляраў адносіцца да вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Спадар Скрыпко заявіў, аднак, што ў Беларусі існуе дакладная сыстэма экспартнага кантролю, таму Беларусь займаецца гэтай дзейнасьцю выключна ў рамках сваіх міжнародных забавязаньняў, з выкананьнем адпаведных рэзалюцыяў і палажэньняў ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG