Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІХАІЛ ХВАСТОЎ: "УСЕ РАЗМОВЫ НАКОНТ САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ БЕСПРАДМЕТНЫЯ"


Юры Сьвірко, Менск

Адлятаючы з Масквы, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ягоныя чаканьні ад паседжаньня вышэйшага дзяржаўнага савету “саюзнае дзяржавы” “больш чым апраўдаліся”. “Я вельмі задаволены рашэньнямі, што былі прынятыя”, — заявіў спадар Лукашэнка.

Аднак у той жа дзень, але ўжо ў Менску, міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў сказаў, што Аляксандар Лукашэнка “скрайне незадаволены” фактамі невыкананьня ўрадамі абедзьвюх краін раней прынятых рашэньняў і “вельмі крытычна ацэньвае цяперашнія падыходы да фармаваньня й функцыянаваньня саюзу”.

Каб патлумачыць гэтую розьніцу ў ацэнках з аднаго — беларускага — боку, сёньня міністар Хвастоў наладзіў незаплянаваны брыфінг. Там ён зрабіў наступную заяву:

(Хвастоў: ) “Усе размовы наконт таго, што Беларусь стане часткай Расейскай Фэдэрацыі або нейкім іншым чынам будзе свае адносіны будаваць у рамках саюзнае дзяржавы — яны беспрадметныя.

Мы вызначылі ў сваім разуменьні свой удзел у саюзнай дзяржаве, і гэтая канцэпцыя закладзеная ў самой дамове, якая была падпісаная ў 1999 годзе. Там ёсьць усе падставы — юрыдычныя, палітычныя, эканамічныя — для таго, каб разьвіваць будаўніцтва саюзнае дзяржавы менавіта на прынцыпах міжнароднага права”.

Міхаіл Хвастоў распавёў таксама пра далейшы лёс Канстытуцыйнага акту “саюзнае дзяржавы”.

(Хвастоў: ) “Будзе праведзенае паседжаньне супольных групаў, якія ацэняць асноўныя напрамкі ці асноўныя элемэнты Канстытуцыйнага акту. Мова йдзе пра тое, каб істотным чынам не мяняць дамову, якая мае ўжо юрыдычную базу для распрацоўкі Канстытуцыйнага акту”, — заявіў міністар замежных справаў Беларусі.

А вось як ён патлумачыў прычыну незадавальненьня афіцыйнага Менску эканамічным складнікам інтэграцыі:

(Хвастоў: ) “Ня бачу тут перашкоды для таго, каб урады пагадзіліся адносна таго, каб выраўняць цэны на газ, нафту й электрычную энэргію, бо такія рашэньні ўжо прынятыя прэзыдэнтамі. І ў лютым гэтае пытаньне будзе зноў разгледжанае на чарговым паседжаньні вышэйшага дзяржаўнага савету”.

Аднак расейскі бок перадусім хоча, каб у Беларусі адбыліся эканамічныя рэформы, каб эканоміка Беларусі наблізілася да расейскае мадэлі. Афіцыйны ж Менск настойвае на тым, каб спачатку сталі аднолькавымі цэны на газ і нафту для беларускіх і расейскіх вытворцаў.

Таму кожны бок па-рознаму тлумачыць прычыну правалу галоўнага эканамічнага пункту парадку дня маскоўскае сутрэчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG