Людзі па-рознаму ставяцца да працэсу стварэньня “саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі”. Многія ўвогуле не разумеюць усіх палітычных тонкасьцяў і слаба адрозьніваюць адзіную саюзную дзяржаву ад саюзу незалежных дзяржаваў. Найбольш дасьведчаная моладзь.
(Карэспандэнт: ) “Сёньня ў Маскве праходзіла паседжаньне найвышэйшага савету "саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі". Аляксандар Лукашэнка настойваў на тым, каб на гэтым паседжаньні былі разгледжаныя пытаньні канстытуцыйнага акту і г.д. Але Ўладзімер Пуцін сказаў, што трэба больш засяроджвацца на эканамічных пытаньнях і не пераскокваць праз прыступкі. На вашую думку, ці патрэбна ўвогуле Беларусі й Расеі ствараць нейкія наддзяржаўныя структуры, прымаць нейкія канстытуцыі, ці могуць яны існаваць як дзьве незалежныя дзяржавы й супрацоўнічаць?”
(Малады чалавек: ) “Мне здаецца, павінны жыць... саюзныя адносіны... Але ў кожнага свая павінна быць улада, урад. А інакш, калі агульны саюзны ўрад, то нейкія непаразуменьні будуць”.
(Дзяўчына: ) “Я лічу, што Беларусь, і сама дасьць рады сваім праблемам. У Расеі сваіх праблемаў хапае. Няхай разьбяруцца са сьвятлом спачатку. У нас, здаецца, усё больш-менш нармалёва. Ну, зразумела, ня ўсё, але самі дамо рады, навошта гэты саюз?”
(Іншая дзяўчына: ) “Я думаю, што дзьве незалежныя дзяржавы мусяць быць”.
(Карэспандэнт: ) “А чаму?”
(Дзяўчына: ) “Ня ведаю, але думаю, што так”.
(Маладая спадарыня: ) “Дзьве дзяржавы незалежныя павінны быць”.
(Карэспандэнт: ) “Патлумачце — чаму?”
(Спадарыня: ) “Калі мы аддзяліліся, то мусім будаваць сваё жыцьцё, а не ісьці ў Расею”.
(Карэспандэнт: ) “А вашая думка?”
(Хлопец: ) “Адной дзяржавы не павінна быць. Але й сувязі губляць нельга”, — лічаць маладыя людзі, якія хочуць жыць у сваёй незалежнай дзяржаве.
Ёсьць людзі й больш сталага веку, якія таксама лічаць, што ня варта прысьпешваць інтэграцыю, а адносіны Беларусі й Расеі мусяць складвацца ў рамках незалежных дзяржаваў:
(Сталы спадар: ) “Я думаю, у рамках дзьвюх незалежных дзяржаваў”.
(Карэспандэнт: ) “Чаму?”
(Спадар: ) “Таму што мяне найперш цікавяць эканамічныя праблемы”.
(Спадарыня: ) “Натуральна, я думаю, мае рацыю Пуцін, а Лукашэнка — не. Я тут не жыву, я тут у гасьцях. Але, я лічу, што слушна робіць Пуцін”.
(Карэспандэнт: ) “Адкуль вы?”
(Спадарыня: ) “Я з Чэрапаўца, з Расеі”.
Прыхільнікі ідэі аб'яднаньня ў адну дзяржаву згадвалі савецкі час ды гэтак званыя парваныя эканамічныя сувязі. Аднак і сярод гэтай групы ёсьць людзі, што лічыць, што займацца палітычнай інтэграцыяй цяпер ня варта:
(Хлопец: ) “Ствараць нейкія агульныя органы кіраваньня, відаць, неабходна. Бо любая складаная сыстэма патрабуе цэнтралізаванага кіраўніцтва, і найбольш эфэктыўныя мадэлі дзяржавы зьвязаныя з пабудовай дакладнай цэнтралі, зь якой можна ў будучым весьці кіраваньне.
На цяперашнім этапе трэба больш займацца эканамічнымі пытаньнямі, каб хутчэй правесьці эканамічную інтэграцыю. А далей займацца палітычнымі пытаньнямі. Як у Эўрапейскім Зьвязе — увесьці адзіную валюту, стварыць эканамічную прастору, такім чынам зблізіцца”, — гэта былі меркаваньні мінакоў на менскіх вуліцах адносна праблемы стварэньня “саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі”.