Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКІ КГБ СКАНФІСКАВАНЫЯ РЭЧЫ ВЯРТАЦЬ НЯ ХОЧА


Казімер Яноўскі, Гомель

Пазоў у гаспадарчы суд да абласнога ўпраўленьня КГБ пра вяртаньне сваёй маёмасьці “Грамадзянскія ініцыятывы” накіравалі яшчэ напрыканцы лістапада. Справа трапіла да судзьдзі Валянціны Новікавай. Не разгледзеўшы пазову судзьдзя вярнула яго назад “Грамадзянскім ініцыятывам” — на той падставе, што ў матэрыялах нібыта не хапае дакумэнтаў, каб устанавіць, чаму УКГБ сканфіскавала кампутары ды іншую тэхніку.

“Грамадзянскія ініцыятывы” не пагадзіліся з такім рашэньнем судзьдзі й падалі касацыйную скаргу.

Сёньня калегія гэтага гаспадарчага суду пад старшынёўствам Валерыя Касьцюкевіча (намесьніка старшыні суду) адхіліла касацыйную скаргу.

Матывы ранейшыя: нібыта да пазову не прыклалі дастаткова дакумэнтаў, каб распачаць справу ў гаспадарчым судзе.

Слухачы Радыё Свабода ведаюць, што супрацоўнікі УКГБ 13 жніўня, незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў, учынілі ператрус у доме кіраўніка “Грамадзянскіх ініцыятываў” Віктара Карніенкі й сканфіскавалі 6 кампутараў, дыскеты да іх, 3 прынтэры, калькавы апарат, сканэр і стары рататар. Кампутарную тэхніку сканфіскавалі тады ж і ў моладзевага цэнтру “Гарт”.

Зроблена гэта было на падставе крымінальнай справы пра росьпіс у горадзе сьценаў антыўрадавымі лёзунгамі.

Крымінальную справу даўно спынілі, але кампутары “Ініцыятывам” УКГБ не вярнула. Цяперашні начальнік упраўленьня Анатоль Цакун і кіраўнікі сьледчага камітэту напісалі адмысловыя лісты ў падатковую інспэкцыю Чыгуначнага раёну, каб ейнымі рукамі забраць кампутарную тэхніку праз суд на карысьць дзяржавы — на падставе дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі №8 за нібыта выкарыстаньне яе для незалежнага назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі.

Спроба “Грамадзянскія ініцыятываў” вярнуць тэхніку праз пазоў да УКГБ плёну пакуль ня мае. Распавядае старшыня “Грамадзянскіх ініцыятываў” Віктар Карніенка:

(Карніенка: ) “Адхілілі нашу просьбу на той падставе, што ім невядома, каму належаць кампутары — ці нашай арганізацыі, ці яшчэ некаму. Мы плацім за кампутары падаткі, у нас іх забрала КГБ, а судзьдзя кажа: вы дайце яшчэ дакумэнты. Якія яшчэ можна даць дакумэнты, апроч матэрыялаў ператрусу, што ўчынены ў нас, і, акрамя таго, што мы ўвесь час плацілі за кампутары падаткі?

Гэта нагадвае такую сытуацыю: чалавека спынілі на вуліцы і запатрабавалі паперы на штаны. Калі няма, могуць іх зьняць. Фактычна так КГБ і паступіла. А скардзіцца чалавеку няма куды. Я думаю, калі б адказчыкам у гэтай справе быў не КГБ, а нейкая іншая, няхай сабе й дзяржаўная ўстанова, суд, безумоўна, прыняў бы справу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG