Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАЗЬВІТАНЬНЕ З КСЯНДЗОМ УЛАДЫСЛАВАМ ЧАРНЯЎСКІМ


Валянціна Аксак, Менск

Слова на адвітаньне зь першым у найноўшай беларускай гісторыі беларускамоўным сьвятаром на радзіме гаворыць доктар філялёгіі Арсен Ліс:

(Ліс: ) "Уладыслаў Чарняўскі — спадкаемца беларускай хрысьціянска-адраджэнскай традыцыі, запачаткаванай на зары ХХ-га стагодзьдзя такімі першараднымі дзеячамі беларускага хрысьціянскага руху як Фабіян Абрантовіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Адам Станкевіч, якія шмат зрабілі для нацыянальнага самаўсьведамленьня беларуса, беларускай самаідэнтыфікацыі.

Амаль паўстагодзьдзя Ўладыслаў Чарняўскі вёў пастарскую працу ў родных ваколіцах — Крэве, Вішневе. Працаваў у складаных, часам экстрэмальных умовах. Спэцыфічныя былі да яго адносіны афіцыйных савецкай улады з-за яго грамадзкай пазыцыі й сьвятарскай працы. Ня менш непрыхільнае было стаўленьне да яго з боку каталіцкага клеру польскай арыентацыі. Перашкаджалі як маглі, сродкаў не перабіралі.

Несьці багаслужбу па-беларуску было маральным подзьвігам як у Заходняй Беларусі да вайны, так і ў савецкай Беларусі 1950–60-х гадоў. Тым часам чалавек гэты нёс сваю службу і пасьлядоўна заставаўся верны ідэалам беларускага хрысьціянска-адраджэнскага руху.

Неяк з Генадзем Каханоўскім, нашым вядомым этнографам, краязнаўцам, мы заглянулі ў Вішнева. Былі побач, зьбіралі фальклёр на радзіме мастака Фэрдынанда Рушчыца. Генадзь быў знаёмы са сьвятаром Уладыславам раней, а яго ўпершыню яго бачыў. І было такое ўражаньне, што перад намі чалавек вельмі просты, сьціплы, шчыры. Рупіўся пра пераклад Сьвятога Пісьма на беларускую мову. Дбаў пра будучыню Беларусі наогул.

Данута Бічэль-Загнетава, мне здаецца, вельмі добра схапіла нешта існае, сутнаснае ў той працы, якую вёў — сьветлая памяць — Уладыслаў Чарняўскі:

Сьпее сонца.
Шчырае сьвітаньне,
Толькі ў Вішневе
Творыцца цуд,
Тут сьвятар беларускі літаньне
Прамаўляе адзін за свой люд.
Ужо вырак на нас падпісаны,
Ужо зьнікнуць нам бедным пара,
Але нітачкай зь небам зьвязаны
Грэшны люд праз свайго сьвятара".

Разьвітальнае слова пра легенду беларускага сьвятарства ксяндза Ўладыслава Чарняўскага гаворыць мастак Алесь Марачкін:

(Марачкін: ) "Гэтая навіна сумная для ўсіх беларусаў. Асабліва перад Калядамі, калі ўвесь хрысьціянскі сьвет рыхтуецца да вялікага сьвята Нараджэньня Хрыстова. Няма Ўладыслава Чарняўскага.

Ксёндз Уладыслаў Чарняўскі — гэта нашая легенда, гэта сымбаль духоўнасьці беларусаў.

У 1979-м годзе я зь Віктарам Маркаўцом упершыню наведаў Вішнева. Мы ведалі, што там жыве ксёндз Чарняўскі. Адзін з тых адраджэнцаў, які працягваў традыцыі віленскіх духоўных пастараў, якія казаньні ў храмах гаварылі па-нашаму, па-беларуску.

Я нагадаю колькі радкоў са свайго дзёньніка таго 1979-га году: "Раніца. Субота. У вішнеўскім храме ідзе служба. Трэба як маг раней пасьпець у касьцёл, паслухаць, пачуць казаньне на беларускай мове ў касьцёле. Здалёку відаць шмат народу, стаяць падводы, машыны, ровары. Чуюцца касьцёльныя сьпевы, сьпевы шматгалосыя і дужа прыгожыя для слыху. Сьпяваюць па-беларуску. Бачым, як зьяўляецца сам Уладыслаў Чарняўскі. Росту сярэдняга, твару інтэлігентнага, выгляду свайго, тутэйшага. Пачынае правіць імшу. Упершыню мы чуем родную мову ў сьвятыні".

Гэта было тады, у 1979-м годзе.

Памяць пра ксяндза Чарняўскага будзе жыць, пакуль жыве беларуская мова ў нашых сьвятых храмах. Ён, Уладыслаў Чарняўскі, у найноўшай гісторыі Беларусі быў першым беларускім каталіцкім сьвятаром".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG