Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЭР НЬЮ-ЁРКУ РУДОЛЬФ ДЖУЛІЯНІ СТАЎ ЧАЛАВЕКАМ ГОДУ ПАВОДЛЕ ЧАСОПІСА ТIME


Юры Дракахруст, Прага

Калі 11 верасьня сымбалі Амэрыкі – вежы-блізняты Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру – былі ахутаныя дымам і агнём, мэр Нью-Ёрку Рудольф Джуліяні, паводле ягоных словаў, прыгадваў фразу Ўінстана Чэрчыля, сказанаю напачатку другой Усясьветнай вайны: “Я не абяцаю вам нічога, апрача крыві, працы, поту й сьлёзаў”.

Тime прыгадвае надзвычайную, звышчалавечую энэргію кіраўніка Нью-Ёрку ў тыя жахлівыя гадзіны і дні. Менавіта ягоная рашучасьць, ягоная мужнасьць – адмысловы штаб мэра знаходзіўся літаральна побач з месцам катастрофы – у значнай ступені ўратавалі сытуацыю, дазволілі пазьбегнуць панікі. Аднак часопіс адзначае і больш глыбокую ролю, што адыграў для Амэрыкі мэр Нью-Ёрку.

Як такой панікі не было ані ў Амэрыцы, ані нават у Нью-Ёрку – быў
шок, была пэўная разгубленасьць перад пачварным выклікам. Людзі чакалі слова. “У гэты дзень Джуліяні стаў голасам Амэрыкі,” – піша Тime. Звычайна жорсткі, не надта эмацыйны, у гэтыя дні мэр Нью-Ёрку знайшоў словы смутку і мужнасьці, якія дапамаглі Амэрыцы перажыць гэты боль, надалі волю і ўпэўненасьць.

Тime прыгадвае, што менавіта ў дзень амэрыканскай трагэдыі ў Нью-Ёрку прайшоў першы раўнд выбараў новага кіраўніка гораду, якія падвялі вынік двум тэрмінам праўленьня Джуліяні. Паводле часопісу, калі б не 11 верасьня, у народнай памяці ён застаўся б добрым мэрам, але складаным чалавекам. Скарачэньне злачыннасьці на дзьве траціны, шырокамаштабнае будаўніцтва, паляпшэньне дабрабыту больш чым паўмільёна жыхароў гораду – такія вынікі праўленьня Джуліяні. Але нью-ёркцы памяталі і няспынныя скандалы мэра з палітычнымі апанэнтамі, з мэдыямі, нарэшце, з уласнай жонкаю, якія выплюхваліся на экраны тэлебачаньня.

10 верасьня здавалася, што з гэткімі спрэчнымі ацэнкамі ён увойдзе ў амэрыканскую гісторыю. Але прыйшоў дзень 11 верасьня, і падалося, што быццам усё жыцьцё Рудольф Джуліяні рыхтаваўся да гэтага дню. Дарэчы, нават лібэральныя амэрыканскія выданьні, не заўважаныя ў сымпатыях да мэра, іншымі словамі напісалі тое ж самае: нават хібы ягонага характару сталіся дарэчнымі ў гэты дзень.

Time адзначае, што цяпер Рудольф Джуліяні, Руды, як называюць яго, застанецца ў гісторыі места, як найвялікшы мэр, больш славуты нават, чым Фярэлла Ля Гардыя, які кіраваў горадам у часе Вялікай дэпрэсіі. А біёграф Джуліяні Рой Джэнкінс рэзюмаваў ролю мэра гэткімі словамі: “Джуліяні здолеў зрабіць тое, што зрабіў Чэрчыль жахлівым летам 1940 году: ён здолеў стварыць ілюзыю, што мы абавязаныя перамагчы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG