Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЕРНІКАЎ НЕ ПУСКАЮЦЬ ДА КАСЬЦЁЛА


Надзея Маеўская, Менск

Знак забароны на ўезд у двор, дзе разьмешчаны касьцёл Сьвятой Тройцы альбо Сьвятога Роха, зьявіўся тут разам зь дзяжурнымі міліцыянтамі: яны пільна сочаць, каб ніводзін легкавік не наблізіўся да касьцёлу бліжэй як на 200 мэтраў. Менавіта на такой адлегласьці цяпер мусяць паркавацца вясельныя картэжы альбо аўтамабілі зь немаўлятамі, якіх прывезьлі на хрост.

Парушальнікаў гэтага правіла караюць штрафам, і пакараных ужо нямала. Паводле міліцыянтаў, падставай для забароны сталі пісьмовыя звароты жыхароў дому №44 па праспэкце Францішка Скарыны.

Вернікі ж лічаць, што двор належыць найперш залатагорскаму касьцёлу, бо храм збудаваны на гэтым месцы шэсьць стагодзьдзяў таму. Абураныя парафіяне сабралі некалькі сотняў подпісаў пад скаргай на адрас кіраўніцтва Менгарвыканкаму з патрабаваньнем спыніць гвалт.

(Парафіянін: ) "Прыяжджаюць да касьцёла і вянчацца, і хрысьціцца, таму вельмі крыўдна, што ўлады забараняюць пад'яжджаць да тэрыторыі касьцёла".

(Другі парафіянін: ) "Я, дзякаваць Богу, чалавек здаровы й магу прайсьці тыя 200 мэтраў, але ж у касьцёл шмат прывозяць старых людзей. Таму ў выходныя дні падчас набажэнстваў можна было б дазволіць паркавацца побач з касьцёлам альбо каля Палаца мастацтваў".

Гэта ня першае супрацьстаяньне паміж уладамі й парафіянамі касьцёлу Сьвятой Тройцы–Сьвятога Роха, што на Залатой Горцы ў Менску. Толькі за апошнія дзесяць гадоў вернікі тройчы спрабавалі вярнуць сьвятыню каталіцкай царкве. Але й па сёньня залатагорская бажніца — адзіны ў сталіцы касьцёл, дзе на правох гаспадара свае канцэрты праводзіць Белдзяржфілярмонія. Гаворыць ксёндз Міхал Сапель:

(Сапель: ) "Мы ня супраць канцэртаў у касьцёле, але мы супраць набажэнстваў у канцэртнай залі. Хіба ж гэта цывілізавана? Парафіяне правялі тры буйныя акцыі: некалькі тыдняў маліліся каля Міністэрства культуры, нават дзяжурылі ў касьцёле кругласуткава. Ноччу заставаліся студэнты, а днём бабулькі.

Апошнім разам (гэта ўжо пры цяперашняй уладзе было) народ гатовы быў стаяць да апошняга. Але кіраўнік міліцыі прыйшоў да мяне і сказаў: часы памяняліся. Мае амонаўцы тваіх бабулек за пяць хвілінаў з касьцёла вынесуць. І ці зможаш ты ўвогуле туды зайсьці? Нам, каб не рызыкаваць жыцьцём і здароўем вернікаў, давялося саступіць".

Такім чынам, касьцёл, збудаваны ахвяраваньнямі менчукоў на знак удзячнасьці Богу за выратаваньне ад халеры, цяпер улады лічаць сваёй уласнасьцю. І гэта не адзіны выпадак прысвойваньня хрысьціянскіх сьвятыняў.

У падобным становішчы апынуўся таксама й касьцёл у Раўбічах, дзе цяпер месьціцца Музэй беларускага народнага мастацтва. І гэта яшчэ ня самы горшы лёс: многія бажніцы былі перабудаваныя ў праваслаўныя цэрквы альбо ўвогуле разбураныя.

Падчас адной зь нячастых сустрэчаў вышэйшага кіраўніцтва з кіраўніком Каталіцкай Царквы ў Беларусі Казімірам Сьвёнткам, каардынал абнародаваў сьпіс, у якім пазначаны 21 касьцёл, што дзяржава выкарыстоўвае на свае патрэбы. Прапанова вярнуць сьвятыні вернікам, у тым ліку т касьцёл на Залатой Горцы ў Менску, пакуль застаецца без адказу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG