Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЛОЎНЫЯ КАЛЯДНЫЯ ІМПРЭЗЫ ПРОЙДУЦЬ У МЕНСКІХ КАТАЛІЦКІХ ХРАМАХ


Альгерд Невяроўскі, Менск

25 сьнежня ёсьць афіцыйным сьвятам, але менскія ўлады сёлета ня робяць нічога ў справе адзначэньня Божага Нараджэньня паводле заходняга календара.

Цэнтрамі сьвяткаваньня Калядаў у Менску ёсьць каталіцкія храмы. У галоўным касьцёле Беларусі, менскім Катэдральным саборы, сёньняшняе сьвяткаваньне пачынаецца а 20-й гадзіне ўвечары традыцыйнай імшой, якая называецца "пастэрка". Гэтае набажэнства адправяць Менска-Магілёўскі мітрапаліт, кардынал Казімір Сьвёнтэк і нунцый Ватыкану ў Беларусі біскуп Іван Юркавіч. Гэтую сьвяточную імшу ў 23.40 будзе трансьляваць Беларускае тэлебачаньне.

25 сьнежня ў Катэдральным саборы сьвятая імша будзе служыцца ў 8.30 і а 10-й гадзіне раніцы — для дзяцей, а таксама ў 11.30 і а 13-й гадзіне дня, ды ў 18.30.

У менскім касьцёле сьвятога Роха на Залатой Горцы сёньня імша пачнецца а 22-й гадзіне, а 25 сьнежня тут акрамя службаў пройдуць і імпрэзы культурна-рэлігійнага характару. Набажэнствы 25 сьнежня ў гэтым касьцёле пачынаюцца а 9-й і 11-й гадзінах раніцы, а ў 10 і 12 гадзінаў у храме адбудуцца канцэрт духоўнай музыкі ды каляднае відовішча для дзяцей зь віншаваньнямі ад Сьвятога Мікалая.

Але найбольш шырокая сьвяточная праграма — у Чырвоным касьцёле Сьвятых Сымона й Алены на пляцы Незалежнасьці. Вечаровая служба сёньня там пачынаецца а 8-й вечара, а заўтра — у 8, 9 і 11 гадзінаў раніцы, а 13-й гадзіне ўдзень ды а 17-й і 19-й увечары.

Разам з тым 25 сьнежня а 14-й гадзіне ў Чырвоным касьцёле пачынаецца трохдзённы фэстываль духоўнай музыкі "Хвала Ісусу Хрысту". У рамках гэтага фэсту 25 сьнежня ў касьцёле выступяць хор моладзі "Кантус Ювэнтэ", дзіцячы хор "Журавінка" і духоўны тэатар "Анёл" зь містэрыяй "Дух жыватворны".

26 сьнежня ў Чырвоным касьцёле можна будзе паслухаць канцэрт вучняў дзіцячай музычнай школы №8 Менску, моладзевы хор "Сарадзіс" Царквы хрысьціянаў Адвэнтыстаў сёмага дня і канцэрт камэрнага аркестру.

У заключны дзень фэсту, 27 сьнежня, а 16-й гадзіне адбудзецца спэктакль лялечнага тэатру "Сэрца сяброў" для дзетак-сіротаў, відовішча тэатру "Анёл", выступ дзіцячага хору "Асанна" ды хору моладзі "Мы — дырыжоры".

А вернікі дзьвюх менскіх парафіяў Беларускай грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы зьбяруцца сёньня на супольнае сьвяточнае набажэнства ў Чырвоным касьцёле а 22-й гадзіне ўвечары. 25 сьнежня грэка-каталікі будуць сьвяткаваць Раство з 11-й гадзіны раніцы ў Чырвоным касьцёле й з 13-й гадзіны ў капліцы на праспэкце Пушкіна, 50.

Божае нараджэньне адзначае 25 сьнежня й большасьць парафіяў Эвангельскіх хрысьціянаў баптыстаў і Хрысьціянаў веры эвангельскай (пяцідзясятнікаў). У дзясятках абшчынаў гэтых Цэркваў пройдуць сьвяточныя набажэнствы й канцэрты. А 13-й гадзіне дня 25 сьнежня на менскай плошчы Бангалор пройдзе Калядны канцэрт пратэстанцкіх гуртоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG