Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫЯ ЎКАЗ ЛУКАШЭНКІ ДАТЫЧНА ДЫПЛЯМАТАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Больш за год спатрэбілася Аляксандру Лукашэнку, каб нібыта выканаць свае абяцанкі дэпутатам "Нацыянальнага сходу". Яшчэ 21 лістапада мінулага году, калі Лукашэнка выступаў на першай сэсіі "палаты прадстаўнікоў", ён паабяцаў сябрам "палаты" пашырыць іхныя паўнамоцтвы. У прыватнасьці, кіраўнік дзяржавы абяцаў далучыць дэпутатаў да абмеркаваньня кандыдатураў на дыпляматычныя пасады за межамі Беларусі.

Аднак новы ўказ паказвае, што дэпутатаў чарговы раз падманулі. Па-першае, як відаць з тэксту гэтага дакумэнта, да ўдзелу ў вызначэньні амбасадараў і пастаянных прадстаўнікоў пры міжнародных арганізацыях будуць прыцягнутыя ня ўсе дэпутаты, а толькі тыя, што ўваходзяць у склад сталых міжнародных камісіяў у абедзьвюх палатах. Па-другое, іхныя рашэньні, як адзначаецца ва ўказе, будуць мець толькі рэкамэндацыйны характар.

Апошняе ж слова, як і раней, будзе за Лукашэнкам. Як і раней, кандыдатуры дыпляматаў уносяцца на разгляд кіраўніка дзяржавы Саветам Міністраў.

Паказальна, што ў афіцыйным камэнтары да ўказу асабліва падкрэсьліваецца, што гэты дакумэнт накіраваны на пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнту, пра што Лукашэнка неаднаразова заяўляў раней.

Ці сапраўды новы ўказ пашырае паўнамоцтвы "палаты"? Вось як адказвае на гэтае пытаньне Павал Знавец — выкладчык міжнароднага права, сябар камісіі ў міжнародных справах Вярхоўнага Савету 13 скліканьня:

(Знавец: ) "Думаю, што Лукашэнка хацеў зрабіць рэвэранс у бок Захаду, але атрымалася гэта вельмі няўдала. Таму што гэта зьдзек з тых, хто разумее сытуацыю ў Беларусі. А я думаю, што ўсе заходнія палітыкі, якія цікавяцца Беларусьсю, разумеюць сытуацыю. Яны разумеюць, што парлямэнт ня мае ніякіх правоў, таму адной з умоваў АБСЭ і ёсьць пашырэньне функцыяў парлямэнту.

Тое, што ён прапануе дарадчы голас палатнікам і менавіта з адной толькі камісіі, гэта яшчэ раз сьведчыць пра тое, што прынцып любога дыктатара — падзяляй нават тую структуру, дзе ёсьць ужо нейкія нязгоды, нейкія супярэчнасьці, і на гэтым уладар".

Дарэчы, рэкамэндацыйны характар у адносінах да прызначэньня дыпляматаў прадугледжаны і ў праекце закону "Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь". Сябры палаты прешапачаткова хацелі разглядаць гэты праект на сэсіі, што скончылася сёньня. Аднак так і не знайшлі для гэтага часу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG