Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАЗЬВЯЗ ЗАЦІКАЎЛЕНЫ Ў СПЫНЕНЬНІ ІЗАЛЯЦЫІ БЕЛАРУСІ


Алена Панкратава, Менск

Паводле інфармаваных нямецкіх крыніцаў, Варшава ўжо зьвярталася са сваёй прапановай да кіраўніцтва Эўразьвязу, каб ізаляцыйныя захады супраць Беларусі былі спыненыя.

Польшча аргумэнтуе гэтую пазыцыю тым, што незаўбаве яна стане для Беларусі ня проста краінай-суседкай, а памежнай дзяржавай Эўразьвязу — міждзяржаўнай структуры, чые пазыцыі й дзеяньні нярэдка выклікаюць зашмат крытыкі з боку афіцыйнага Менску. У сваю чаргу, Польшча прызнае, што ўмацаваньне патэнцыялу двухбаковых польска-беларускіх стасункаў пойдзе толькі на карысьць абедзьвюм краінам.

Паводле некаторых нямецкіх палітолягаў, апошнім часам моцны прэсінг у справе нармалізацыі стасункаў зь Беларуссьсю назіраецца і з боку кіраўніцтва Эўразьвязу.

Тым часам, пакуль яшчэ ніводная з краінаў Эўразьвязу не прадэманстравала жаданьня рабіць істотныя інвэстыцыі ў беларускую эканоміку. Нават Нямеччына — краіна, якая традыцыйна дэманстравала найбольш стрыманыя адносіны да рэжыму Лукашэнкі і якая адной зь першых на Захадзе праартыкулявала ідэю новай стратэгіі да Беларусі.

Яшчэ ўвосень з дасьведчаных нямецкіх крыніцаў можна было пачуць, што ў будучым годзе Нямеччына, верагодна, адкрые невялікія крэдытныя лініі для Беларусі — прыкладна на 150 мільёнаў дойчмарак. Меркавалася, што гэтыя крэдыты будуць накіраваныя ў сэктары, якія абслугоўваюць інтарэсы Расеі ды Нямеччыны — транзыт, дарогі, паліва, экалёгію. Называлі нават акрэсьленыя групы гэтак званых беларускіх пасярэднікаў, празь якія плянавалі гэтыя праекты ажыцьцяўляць.

Аднак на адным са сваіх апошніх сёлетніх паседжаньняў Бундэстаг ухваліў выдзяленьне для Беларусі ўсяго толькі 5 мільёнаў дойчмарак. Такім чынам, Фэдэральнаму міністэрству супрацоўніцтва выдзеленая на Беларусь тая ж сума, што й летась. Ёсьць, праўда, адна акалічнасьць. Рэалізацыю праектаў, якую даручылі адной са структураў Міністэрства супрацоўніцтва, будзе пільна кантраляваць нямецкае грамадзтва — шматлікія няўрадавыя інстытуты й арганізацыі.

Вось што гаворыць палітоляг Мангаймскага ўнівэрсытэту Астрыд Заам:

(Заам: ) "Зараз мы вядзем перамовы наконт крытэраў, паводле якіх будуць выдзяляцца гэтыя сродкі. Напрыклад, хто мае права вырашаць, каму выдзяляць гэтыя грошы. Нас вельмі хвалюе ня толькі тое, як будуць выкарыстоўвацца ў Беларусі гэтыя сродкі, але й тое, хто гэтыя грошы атрымае".

Астрыд Заам пацьвердзіла інфармацыю наконт зацікаўленасьці кіраўніцтва Эўразьвязу ў нармалізацыі стасункаў зь Беларусьсю. На ейную думку, падобная пазыцыя тлумачыцца паляпшэньнем дачыненьняў між Расеяй і Захадам, а таксама тым, што большасьць краінаў прызнала ізаляцыю неканструктыўнай і беспэрспэктыўнай. Аднак, як лічыць мангаймскі палітоляг, нельга чакаць, што крокі ў справе спыненьня ізаляцыі будуць надта хуткімі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG